На мінулым тыдні ў Варшаве прайшоў кліматычны саміт Togetair 2022. Эксперты з разнастайных галін ставілі тэзы, абмяркоўвалі шматлікія экалагічныя праблемы і парапаноўвалі, як іх вырашыць.
Ці ў кранах можа знікнуць вада? Што рабіць, каб рэсурсы вады былі аднаўляльнымі? Удзельнікі дыскусіі дзяліліся сваімі меркаваннямі і агучвалі праблемы, на якія трэба звяртаць асаблівую ўвагу.
Дырэктар Дзяржаўнага геалагічнага інстытуту Матэвуш Дамрат адзначыў, што на сённяшні дзень няма вялікай пагрозы, што ў Польшчы не хопіць водных падземных рэсурсаў. У сваю чаргу падземныя воды з’яўляюцца самай стабільнай крыніцай прэснай вады, якую чалавек можа выкарыстоўваць. З пункту гледжання Дзяржаўнага геалагічнага інстытуту падземная вада – самая галоўная.
-Яна таксама дастаткова добра забяспечаная ад забруджання. Паколькі гэта таксама важная праблема. Важна не толькі колькасць водных рэсурсаў, але і іх якасць. 70% пітной вады ў Польшчы паходзіць з падземных водаў. Гэта вельмі добры фактар. У нас вялікі патэнцыял, калі гаворка ідзе пра падземныя воды. Геалагічная будова глебы (пласты жвіру, гліны) забяспечвае фільтрацыйны буфер. Гэтая сітуацыя дае нам прывілеі. Не кожная краіна іх мае.
Неабходна звярнуць увагу на тое, колькі вады даступна ў свеце, кажа Міхал Сандзэвіч з фірмы Xylem Water Solutions Polska, якая займаецца воднымі тэхналогіямі. У цэлым свеце прэсная вада складае 2,5% усёй вады ў свеце, з чаго толькі 1% – можна піць.
Паводле ААН, да 2030 году сталая ці часовая засуха закрануць ¼ насельніцтва планеты. Да гэтага ж году каля 50 млн чалавек будуць вымушаныя памяняць месца жыхарства, паколькі ў іх не будзе доступу да прэснай вады.
-Ці нашая краіна бяспечная? На дадзены момант можна лічыць сітуацыю бяспечнай. Адначасова трэба разумець, што Польшча займае трэцяе месца з канца, калі казаць пра колькасць даступнай прэснай вады. Часта нас прыраўніваюць да Егіпту, хоць няслушна. У нас ёсць падземныя воды, калі пералічыць іх на аднаго чалавека, то атрымліваецца ў 2,5 разы больш, чым у Егіпце. Праблема з вадой ёсць. Трэба моцна над праблемай задумацца, паколькі час няўмольна ўцякае. За выкарыстанне 70% даступнай у нашай краіне вады адказвае прамысловасць, 10% – хатнія гаспадаркі. Водны след паляка – гэта 4 тысячы літраў штодзённа.
Міхал Сандзэвіч адзначыў, што, нягледзячы на адукацыю, на бытавую тэхніку, якая ашчаджае ваду, колькасць спажыванай вады не змяншаецца. У Польшчы яна ўдвая большая на аднаго чалавека ў параўнанні з іншымі краінамі ЕС. Эксперт адзначыў, што галіна водных тэхналогій гатовая і ведае, як дапамагчы рацыянальна выкарыстоўваць водныя рэсурсы, у першую чаргу гаворка пра паўторнае выкарыстанне вады, аднак для гэтага патрэбнае фінансаванне, супраца на ўзроўні самакіраванняў і навуковая падтрымка.
Падземныя воды – гэта святасць, якой не павінен карыстацца чалавек, а напэўна не празмерна карыстацца, лічыць прафесар Павал Лічнар з Варшаўскай палітэхнікі, які аналізуе інфармацыю пра дажджы на працягу апошніх 30 гадоў. Гэтым могуць займацца толькі спецыялісты.
-Менавіта таму ў вялікіх прадпрыемствах гэтым займаюцца вельмі адукаваныя людзі. Каб гэты рэсурс не парушыць і не забрудзіць. Калі мы яго забрудзім, то будзе як у ЗША ў 30-х гадах. Калі ў той час пачалася засуха, пачало катэгарычна не хапаць вады, то ўсе фермеры кінуліся будаваць студні. Гэта было сама проста. Што было далей? Далей яны над гэтымі студнямі мылі сваю сельскагаспадарчую тэхніку. У выніку падземныя воды былі забруджаныя, што прывяло да яшчэ большых праблем. За тое цяпер ЗША маюць самыя вялікія веды ў галіне перасылкі вады пры дапамозе вадаканалаў. Гэта была неабходнасць. На многіх тэрыторыях нельга забяспечваць насельніцтва вадой з самых каштоўных падземных рэсурсаў.
Павал Лічнар падкрэсліў, што цяперашнім абавязкам з’яўляецца захаваць падземныя воды ў нязменным стане наступным пакаленням. Гэтыя воды фармуюцца сотні гадоў.
Удзельнікі дыскусіі адзінагалосна сцвердзілі, што тэме вады прысвячаецца празмерна мала ўвагі падчас дыскусій экспертаў, але і падчас адукацыі грамадства.
ав