7 траўня ў Вялікабрытаніі быў пацверджаны першы выпадак заражэння рэдкай трапічнай хваробай – воспы малпаў. З гэтага часы чарговыя выпадкі захворвання былі зафіксаваныя ў 30 краінах свету, не лічачы Афрыкі, дзе яна была эпідэмічнай хваробай. Якія сімптомы воспы малпаў? Як можна заразіцца? Ці яна больш нагадвае сапраўдную воспу ці вятранку? Ці існуе вакцына супраць гэтай хваробы? Мы пастараемся адказаць на гэтыя пытанні.
Воспа малпаў(анг. monkeypox) – гэта заанозное захворванне, якое спарадычна сустракаецца ў людзей. У большасці выпадкаў яна бясшкодная для арганізма чалавека. Адным з найбольш відавочных сімптомаў захворвання з'яўляецца характэрная пухірковая скурная сып, якая пасля гаення можа пакідаць шнары.
Да нядаўняга часу, за невялікімі выключэннямі, воспа малпаў сустракалася ў асноўным у Цэнтральнай і Заходняй Афрыцы. З траўня ў еўрапейскіх краінах фіксуецца ўсё больш выпадкаў згаданага захворвання.
Пасля першага выпадку, зафіксаванага на пачатку траўня ў Вялікабрытаніі, чарговыя 900 выпадкаў захворвання былі выяўленая ўжо ў каля 30 краінах свету. Найбольшая колькасць з іх на брытанскіх выспах і Іспаніі.
Надоечы ўлады Канады папярэдзілі грамадзян, якія падарожнічаюць у больш чым 20 краін свету, у тым ліку ў Аўстралію, Вялікабрытанію і ЗША, аб магчымых затрымках з вяртаннем дадому, калі яны захварэюць воспай малпаў. Канадскае агенцтва грамадскай аховы здароўя заявіла, што ў выпадку заражэння, у дачыненні да падарожнікаў могуць быць прыменены працэдуры з мэтай стрымлівання распаўсюджвання хваробы, напрыклад, каранцін. «Калі яны захварэюць, то могуць мець абмежаваны доступ да адэкватнай і своечасовай медыцынскай дапамогі, а іх вяртанне дадому можа быць адтэрмінаванае», – паведаміла агенцтва ў Твітары. Нагадваем, у Канадзе пацверджаныя больш за 80 выпадкаў захворвання, большасць з якіх у другой па колькасці насельніцтва правінцыі Квебек.
У Польшчы выпадкі гэтага захворвання пакуль не былі выяўленыя.
Воспа малпаў – гэта зааноз, то бок хвароба або інфекцыя, якая, у натуральных умовах, перадаецца чалавеку ад пазваночных жывёл, нагадвае былы Галоўны санітарны інспектар Польшчы Марэк Пасабкевіч(Marek Posobkiewicz):
- Гэта заанознае захворванне і, як многія іншыя інфекцыйныя хваробы, на жаль, можа быць смяротным для чалавека. Нам не варта істэрычна яго баяцца, але, як і любую інфекцыйную хваробу, трэба паважаць. Маленькі, нябачны вірус таксама можа забіць чалавека. Калі б не пандэмія каранавіруса, з якой мы змагаемся ўжо два гады, напэўна, менш людзей звярнулі б увагу на гэтую хваробу. Адзін, два выпадкі захворвання – гэта ў аспекце эпідэміі не праблема. Чалавека могуць заразіць вавёркі, стэпавыя сабакі і іншыя грызуны, напрыклад, у выпадку непасрэднага кантакту з экскрэментамі заражаных жывёл. Згаданае захворванне не з’яўляецца вельмі інфекцыйным для людзей. Калі нехта заразіцца воспай малпаў, гэта не так, што ён будзе перадаваць вірус на людзей так лёгка, як гэта адбывалася ў выпадку COVID-19.
Воспа малпаў перадаецца, напрыклад, у вадкасцях арганізма хворага такіх, як сліна або кроў, а таксама пры палавых зносінах:
- Таксама, калі нехта працуе з гэтым вірусам у лабараторыі, то ён у групе павышанай рызыкі. Аднак там, як правіла, людзі прывітыя ад сапраўднай воспы, што таксама забяспечвае ад воспы малпаў. Калі нехта апякуецца хворым, сутыкаецца з яго ранамі, бялізнай, ручнікамі, то ён таксама ў групе павышанай рызыкі. У выпадку воспы малпаў, падобным чынам, як у выпадку сапраўднай воспы ці ветранай воспы, выступае скурная сып. Аднак, калі нават нехта мае сып, але не падарожнічаў апошнім часам у Заходнюю і Цэнтральную Афрыку, не паводзіў сябе рызыкоўна, то праўдападабенства, што гэта воспа малпаў мінімальнае.
Варта нагадаць, што паводле распараджэння міністра аховы здароўя Польшчы, асобы хворыя воспай малпаў ці падазроныя ў тым, што хварэюць згаданым захворваннем будуць абавязкова шпіталізаваныя. Каранцін складае 21 дзень. Некаторыя задумоўваюцца, ці гэта не першых крок у напрамку падрыхтоўкі да новай эпідэміі?
- Гэта прафілактычныя дзеянні, якія абгрунтаваныя ў выпадку любога інфекцыйнага захворвання. На пачатку эпідэміі каранавіруса таксама дзейнічаў доўгі каранцін, але інфекцыйнасць каранавіруса на многа большая, чым воспы малпаў. У выпадку COVID-19 хапіла размова з хворым, каб заразіцца. У выпадку воспы малпаў – размова не з’яўляецца пагрозай, Проста інфекцыйнасць воспы малпаў значна меншая, чым COVID-19.
- супакойвае былы Галоўны санітарны інспектар Польшчы Марэк Пасабкевіч.
Упершыню воспа малпаў была ідэнтыфікаваная ў малпаў у 1958 годзе. У людзей першы выпадак згаданага захворвання быў пацверджаны ў 1970 годзе ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.
Паводле адмыслоўцаў, смяротнасць ад воспы малпаў складае 10 працэнтаў. Для параўнання, пры традыцыйнай воспе гэта нават 30%. Аднак апошнія выпадкі, зафіксаваныя ў Еўропе, датычацца заходнеафрыканскай мутацыі, для якой узровень смяротнасці значна ніжэйшы, то бок складае каля 1%.
Таксама згаданае захворванне менш інфекцыйнае, чым, напрыклад, ветраная воспа. Асноўныя сімптомы воспы малпаў: ліхаманка, боль у цягліцах і спіне, галаўны боль, стомленасць, дрыжыкі, а таксама павялічаныя лімфатычныя вузлы. На працягу аднаго-трох дзён пасля пачатку ліхаманкі, спачатку на твары ўзнікае сып, якая пазней распаўсюджваецца на іншыя часткі цела, уключаючы рукі і ногі. Захворванне доўжыцца ад двух да чатырох тыдняў і заканчваецца поўным выздараўленнем. Воспа малпаў рэдка дае ўскладненні.
IAR/PR24/аз