Беларуская Служба

Вялізная хваля мігрантаў прымушае Польшчу мяняць заканадаўства

19.07.2022 15:01
Новы парадак дазволіць размяшчаць замежніка ў пакоі або камеры на плошчы менш за 4 кв.м.
Ілюстрацыйны здымакфота: Ajdin Kamber/Shutterstock

Вялізная хваля імігрантаў, якая хлынула год таму ў Польшчу і выклікала найбуйнейшы гуманітарны крызіс у Еўропе, прымушае мяняць заканадаўства. Змены датычаць умоваў утрымання ў цэнтрах для замежнікаў - чытаем у выданні Rzeczpospolita.

Шмат часовых цэнтраў былі створаныя восенню мінулага года для размяшчэння рэкорднай колькасці нелегалаў, якія прыбылі з Беларусі. Паводле звестак памежнай службы, сёння 642 іншаземцы чакаюць дэпартацыі або хадайнічаюць аб атрыманні статусу бежанца. У снежні мінулага года было каля 2 тыс.

Нягледзячы на тое, што ўрад пабудаваў агароджу на мяжы з Беларуссю, праблема цалкам не знікла. Польскія службы таксама не выключаюць, што з-за напружанай сітуацыі на ўсходзе адбудзецца паўтор леташняй хвалі.
Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ўводзіць тры змены ў дзейныя законы. Першая дапускае магчымасць будаўніцтва санітарнага вузла ў асобных месцах, т.зв санітарныя кантэйнеры – у цяперашні час жылыя памяшканні, у тым ліку кантэйнеры, павінны быць абсталяваны санітарнымі вузламі.

Другое новаўвядзенне дазволіць пашырыць колькасць жылых памяшканняў у дамах, размешчаных за межамі цэнтру для замежнікаў. Гаворка ідзе пра крытычныя сітуацыі, якія дазволяць «забяспечыць парадак і бяспеку ў ахоўным цэнтры і мінімізаваць пагрозы з-за культурных і рэлігійных адрозненняў». Сёння, згодна з правіламі 2015 года, гэта забаронена.
Трэцяя змена тычыцца сітуацыі, калі будзе масавы прыток вялікай колькасці нелегальных імігрантаў, якіх трэба будзе неадкладна змясціць у ізалятар. Новы парадак дазволіць размяшчаць замежніка ў пакоі або камеры на плошчы менш за 4 кв.м, але не менш за 2 кв.м. Гэта вельмі нізкія крытэрыі. У польскіх турмах плошча на чалавека павінна быць не меншай за 3 кв. метры.

На думку юрыста з Хельсінкскага фонду, урад павінен не паніжаць стандарты для мігрантаў, а змяніць падыход да іх. – Затрыманнем злоўжываюць нават у дачыненні да замежнікаў, дадзеныя якіх вядомыя, – кажа адвакатка Марыя Пашытэк.

нг