Беларуская Служба

Палякі, якія абаграваюць дамы вугалем, атрымаюць па 630 еўра дзяржаўнай дапамогі

20.07.2022 14:31
У Польшчы, у адрозненне ад заходніх краінаў, значная колькасць хатніх гаспадарак усё яшчэ абаграваецца вугалем.
Аўдыё
  • Палякі, якія абаграваюць дамы вугалем, атрымаюць па 630 еўра дзяржаўнай дапамогі
Здымак мае ілюстрацыйны характарe-gabi/pixabay.com/CC0 Public Domain

Учора ўрад прыняў законапраект аб даплатах да вугалю для хатніх гаспадарак у Польшчы. Даплаты да вугалю – гэта спосаб дапамогі хатнім гаспадаркам у сувязі з рашучым ростам коштаў на энергетычным рынку, у тым ліку коштаў на вугаль.

Даплатай да вугалю ў памеры 3 000 злотых (амаль 629 еўра) зможа скарыстацца кожная хатняя гаспадарка, якая абагравае дом вугалем, або іншым палівам, якое ўтрымлівае, як мінімум, 85% вугалю.
Паводле законапраекта, заяўкі на выплату дапамогі можна будзе падаваць да 30 лістапада бягучага года, а гмінныя ўлады павінны выплаціць заяўнікам сродкі цягам месяца, паведаміла міністр клімату Анна Москва(Anna Moskwa):

- Кожная гміна мае 30 дзён на выплату згаданай дапамогі ў памеры 3 тысяч злотых. Заява не патрабуе нейкай складанай праверкі на ўзроўні гмінаў. На самой справе праверыць трэба толькі дадзеныя асобы.

Другая ўмова атрымання даплаты да вугалю, гэта рэгістрацыя ў Цэнтральным эмісійным рэгістры будынкаў. Нагадваем, кожная хатняя гаспадарка ў Польшчы павінна была паведаміць мясцовым уладам аб крыніцах энергіі для зімовага ацяплення дому.

Прэс-сакратар ураду Пётр Мюлер(Piotr Müller) заявіў, што ў сувязі з сітуацыяй на энергетычных рынках і цэнамі на пастаўкі паліва і вугалю немагчыма заставацца бяздзейным:

- Мы плануем працягваць такую палітыку, каб дапамагаць асобам, якія прымушаныя выдаткаваць значна больш, чым да гэтай пары на неабходнае ацяпленне свайго дому. Нагадваю, што мы (урад – рэд.) дапамагаем не толькі асобам, якія абаргаваюць дом вугалем. На рынку газу і электраэнергіі абавязваюць стаўкі. То бок, тыя хто карыстаецца газам ці электраэнергіяй плацяць менш, чым складае рынкавая цана за газ і энергію, таму што дзяржава да яе даплочвае, або блакуе кампаніям магчымасць павышэння цэнаў.

Намеснік міністра клімату Яцэк Аздоба (Jacek Ozdoba) не выключае далейшых заканадаўчых рашэнняў па справе вугалю, калі ўзнікне такая патрэба:

- Цяпер мы абмяркоўваем рашэнні, якія ўчора былі прапанаваныя Саветам міністраў. Сёння першае чытанне законапраекта ў Сейме. Пабачым, які будзе яго канчатковы кшталт. Паводле экспертаў, якія распрацоўвалі законапраект, на дадзены момант прапановы дастатковыя. Калі будуць неабходныя нейкія новыя змены, то заканадаўца напэўна адрэагуе.

Дэпутат кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Збігнеў Кузмюк(Zbigniew Kuźmiuk), лічыць, што ўвядзенне даплаты да вугалю – гэта лепшае рашэнне, чым прапанаваная раней максімальная цана на вугаль для хатніх гаспадарак. Паводле дэпутата, даплата павінна прычыніцца да зніжэння ціску на рынак вугалю, паколькі некаторыя хатнія гаспадаркі маюць запасы гэтай сыравіны і адмовяцца ад яе закупкі ў гэтым годзе.
Збігнеў Кузмюк адзначыў, што ў Польшчы, у адрозненне ад заходніх краінаў, значная колькасць хатніх гаспадарак усё яшчэ абаграваецца вугалем:

- У сувязі з тым, што ў Польшчы гэткіх хатніх гаспадарак сотні тысяч, а можа нават мільёны, то попыт вялікі і трэба яго задаволіць цягам бліжэйшых месяцаў. Так, што ціск сапраўды ёсць. Я спадзяюся, што прынятае ўчора рашэнне хутка зацвердзіць парламент і падпіша прэзідэнт. Гэта станоўчае рашэнне, якое павінна зменшыць ціск на рынак, паколькі тыя, у каго ёсць запасы на бліжэйшую зіму скарыстаюцца дапамогай, але не будуць стаяць у чарзе па вугаль.

Дэпутат ад Kukiz'15 Яраслаў Сахайка(Jarosław Sachajko) звяртае ўвагу, што даплата ва вугалю прадухіліць таксама спекуляцыі на рынку:

- Гэта такая хітрасць з боку ўладаў, каб прадухіліць магчымасць спекуляцыі вугалем. Ёсць людзі, якім не патрэбныя тры тоны вугалю, каб абагрэць дом. Мэта гэтай праграмы – прадухіліць спекуляцыі і не даць людзям купляць вугаль на некалькі гадоў наперад.

Бюджэтны кошт даплаты да вугалю складзе, хутчэй за ўсё, 11 мільярдаў злотых (больш за 2 мільярды 300 тысяч еўра). Міністр фінансаў Магдалена Жaчкоўска(Magdalena Rzeczkowska) сказала, што даплаты да выгалю будуць фінансавацца з бюджэтнага прафіцыту:

- Сродкі з бюджэтнага прафіцыту і непадатковых паступленняў у бюджэт дазволяць на фінансаванне згаданай даплаты. Зразумела інфляцыя можа мець таксама ўплыў на кошт вугалю, але ўвесь урад працуе над тым, каб вугалю ў Польшчы хапіла.

Законапраект аб даплатах да вугалю заменіць закон аб максімальнай цане вугалю, які на мінулым тыдні падпісаў прэзідэнт. Паводле яго, максімальная цана за адну тону вугалю была ўстаноўлена на ўзроўні амаль адной тысячы злотых (996,60 злотых). Кожная хатняя гаспадарка мела б шанец на тры тоны таннейшага вугалю. Кампенсацыю прапанавалі выплачваць не пакупнікам, а прадпрымальнікам, якія прадаюць вугаль насельніцтву. Аднак на думку апазіцыі, такая форма дапамогі дазволіла б, перш за ўсё, субсідаваць дзяржаўныя вугальныя прадпрыемствы.

IAR/аз

Урад рыхтуе аднаразовую даплату да вугалю для хатніх гаспадарак

19.07.2022 10:27
Паводле законапраекту, дапамогай змогуць скарыстацца хатнія гаспадаркі, якія абаграваюцца вугалем.