Беларуская Служба

Спёка вымушае змяніць гарады, каб людзі маглі ў іх выжыць

22.08.2022 19:45
У Варшаве – 35,6 градусаў па Цэльсію ў ценю, у Кракаве – 35,2 градуса, у Тарнаве – 37,7 градусаў! Гэта тэмпературныя рэкорды гарадоў падчас чэрвеньскай спёкі. Як змяніць гарады, каб мы маглі ў іх выжыць?
W Wielkiej Brytanii temperatury mogą dochodzić nawet  do 41 stopni celsujsza, West Reservoir w Londynie
W Wielkiej Brytanii temperatury mogą dochodzić nawet do 41 stopni celsujsza, West Reservoir w LondyniePAP/TOLGA AKMEN

Сёлета ў многіх гарадах Польшчы метэаролагі зафіксавалі рэкордную колькасць дзён з тэмпературай вышэй за 30 градусаў удзень і з трапічнымі начамі, калі тэрмометры паказваюць не менш за 20 градусаў. Днямі спякота лілася з неба, людзі на вуліцах адчувалі слабасць, а ўначы не давалі заснуць. У гэтым годзе ўся Еўропа змагалася з моцнай спёкай. Яны азначаюць не толькі засухі і рызыку пажараў, але і нясуць прамую пагрозу жыццю людзей, асабліва ў гарадах, якія становяцца т.зв. гарачымі кропкамі – астравы цяпла, нашмат цяплейшыя за навакольныя адкрытыя тэрыторыі, піша Newsweek.

Паводле ацэнак, ліпеньская спякота, якая ахапіла Брытанію, забрала жыцці 1000 чалавек. І, як прагназуюць кліматолагі, сітуацыя будзе пагаршацца.

- Такое экстрэмальнае надвор’е з'яўляецца самай вялікай пагрозай для нашых гарадоў, – кажа доктар Івона Вагнер (Iwona Wagner) з кафедры UNESCO экагідралогіі і прыкладной экалогіі ўніверсітэту Лодзі. А гарады, спраектаваныя і пабудаваныя ў ХІХ-ХХ стагоддзях, абсалютна непрыстасаваныя да імклівых кліматычных зменаў. – Высокая ступень урбанізацыі, парушаная цыркуляцыя вады ў забудаваным ландшафце і моцна знясіленая расліннасць робяць павышэнне тэмпературы тут асабліва высокім і адчувальным, – тлумачыць доктар Вагнер. Каб змяніць гэта і зрабіць мегаполісы больш прыязнымі для жыцця, патрэбна поўная змена мыслення аб гарадской прасторы і грошы на рэалізацыю гэтых планаў.

Парыж пацярпеў ад адной з першых хваль спёкі ў 2003 годзе. Тым летам узровень смяротнасці ў перыяд з чэрвеня па верасень павялічыўся больш чым на 40%. Цяпер улады рэалізуюць адну з першых праграм па адаптацыі горада да змены клімату. Яна прадугледжвае стварэнне як мага большай колькасці зялёных астраўкоў у бетонных ландшафтах, а таксама спробы аднавіць натуральныя вадаёмы. Захаванне максімальна магчымых водных рэсурсаў у ландшафтах дапамагае захаваць гарады прахалоднымі. Гэта карэнная змена ўяўленняў аб ролі ападкаў, рэк і гарадскіх сажалак. Да нядаўняга часу ўлады імкнуліся як мага хутчэй адвесці ваду з гарадоў, абкладваючы скверы і паркі плітамі бетону, рэгулявалі рэкі, закрывалі іх у калектары, асушалі забалочаныя тэрыторыі. Сёння высвятляецца, што ва ўмовах спёкі і засухі гэта ледзь не самагубства.

Парыж таксама зрабіў акцэнт на стварэнні новых плошчаў і паркаў, у 2019 годзе горад прапанаваў жыхарам прыкладанне, якое ў гарачае надворʼе накіроўвае людзей у бліжэйшую халодную зону – гэта можа быць не толькі парк або купа дрэў, але і грамадскія будынкі, музеі і цэрквы з кандыцыянерамі. Сёння амаль кожны парыжанін мае такое месца ў сямі хвілінах хады.

Самы прасунуты ў Еўропе горад у барацьбе з «астравамі цяпла» – Вена. Ён распрацаваў сваю стратэгію астуджэння яшчэ ў 1999 годзе, за шмат гадоў да таго, як падобныя планы былі рэалізаваны ў іншых гарадах. «Мы ведалі, што кліматычны крызіс, верагодна, моцна ўдарыць па Вене з-за яе геаграфічнага становішча, і навукоўцы прагназуюць, што тэмпература ў горадзе паднімецца на пяць-шэсць градусаў у бліжэйшыя два дзесяцігоддзі», – паведаміў Politico Юрген Чарнагоршкі (Jürgen Czernohorszky), кліматычны прадстаўнік Вены. Венскі план прадугледжвае, сярод іншага, пашырэнне веласіпедных дарожак, пасадку 4500 дрэў у год, гарадскую спрынклерную сістэму і водныя сцены, субсідыі для грамадзян, якія разводзяць сады на дахах сваіх дамоў. У Вене таксама ёсць вельмі разгалінаваная сетка гарадскіх басейнаў, якія дазваляюць прахалодна купацца ў кожным раёне, а таксама фантаны з пітной вадой, якіх налічваецца больш за 1000.

Сярод ідэй іншых еўрапейскіх гарадоў таксама стварэнне газонаў паміж трамвайнымі рэйкамі, каб знізіць тэмпературу, якую ствараюць трамваі. З іншага боку, Мадрыд стварае 75-кіламетровае зялёнае кальцо вакол горада і палягчае доступ да офісаў з кандыцыянерамі і муніцыпальных басейнаў.

Рэкамендацыі навукоўцаў, кліматолагаў і эколагаў для гарадоў зразумелыя. Перш за ўсё, трэба інвеставаць ва ўсё, што можа павялічыць водныя і зялёныя рэсурсы, гэта значыць у развіццё г.зв. сіне-зялёнай інфраструктуры, якая ўключае ў сябе ўсе зялёныя зоны – пусткі, прысядзібныя ўчасткі, могілкі, веласіпедныя маршруты і зялёныя дзіцячыя пляцоўкі. І ўсю ваду: рэкі, азёры, канавы, сажалкі ці балоты, а таксама новыя ландшафтныя рашэнні.

вх