Беларуская Служба

Яшчэ можна запісвацца ў Беларускую анлайн-школу

23.08.2022 14:13
Беларускія дзеці, якія жывуць за межамі Беларусі, атрымалі новую магчымасць вывучаць беларускія мову і літаратуру, а таксама гісторыю.
Аўдыё
  • Яшчэ можна запісвацца ў Беларускую анлайн школу
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.sobima/pixabay.com/CC0 Public Domain

 З верасня пачынае дзейнічаць Беларуская анлайн-школа. Запісвацца яшчэ можна.

Думка аб стварэнні такой школы нарадзілася ў кіраўніка ліквідаванага беларускімі ўладамі Таварыства беларускай школы Алеся Лозкі, якога падтрымалі паплечнікі з Беларускага гуманітарнага ліцэя і акадэмічныя выкладчыкі, настаўнікі, якія з’ехалі за мяжу.

-Школа будзе ў анлайн-форме, хоць плануюцца некаторыя заняткі і гурткі ў афлайне. Мы будзем вучыць прадметы, якіх няма ў польскай школе. Гэта беларуская мова, гісторыя Беларусі, геаграфія, культура. Усё для таго, каб дзеці не адрываліся ад сваіх каранёў. Мы верым, што дзеці вернуцца дадому, а таму ім будзе лягчэй працягваць сваё навучанне, – расказвае Алесь Лозка.

Заяўкі на навучанне паступілі ва ўсе класы – з першага па дванаццаты. Алесь Лозка расказвае, што бацькі дзяцей малодшага ўзросту хочуць, каб дзеці аддавалі перавагу вывучэнню мовы, а вось старэйшыя класы – гісторыі.

-Бацькі 1-4 класаў адмыслова зазначалі, што хочуць, каб дзеці не забывалі беларускую мову, таму хочуць, каб яны яе вывучалі. А вось дзеці пасля пятага класа хочуць больш вывучаць беларускі кампанент. У сувязі з тым, што дзеці занятыя ў польскай школе, хацелася б не вельмі іх перагружаць, таму заняткі будуць пераважна два разы на тыдзень, у тым ліку ў суботу.

Свае заяўкі падавалі не толькі бацькі, але і настаўнікі. На некалькі настаўніцкіх месцаў прэтэндавала каля 100 педагогаў, большасць з іх са шматгадовым досведам працы ў школе.

-Свае заяўкі падалі настаўнікі з вельмі розных краін. Я ўпэўнены, што ў нас будзе выдатны калектыў. Гэта вельмі дасведчаныя людзі. У нас ёсць электронныя падручнікі, створаныя нашымі педагогамі, якія працавалі ў Беларускі гуманітарным ліцэі.

Адметнасцю школы з’яўляецца факт, што за вучобу не трэба плаціць. Запісваць дзяцей яшчэ надалей можна.

-Дарэчы, будуць вучыцца дзеці з вельмі розных польскіх гарадоў, але і іншых краін, як Літва, Албанія, Беларусь, Германія, Грузія, ЗША, Латвія і Расія. Спачатку мне было цяжка знайсці бацькоў. Але пасля інтэрв'ю ў незалежных СМІ заяўкі пасыпаліся. На сённяшні дзень больш за сто заяваў ад бацькоў, а будзе яшчэ больш.

Падаць заяўку ў беларускую школу можна тут.

слухайцу аўдыё

ав