Беларуская Служба

У Варшаўскім медыцынскім універсітэце адбыліся першыя перасадкі сэрца дзецям

25.08.2022 08:28
Універсітэцкі клінічны цэнтр ВМУ – гэта другі цэнтр у Польшчы, дзе можна рабіць перасадку сэрца дзецям.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.12019/pixabay.com/CC0 Public Domain

Цягам месяца пасля атрымання акрэдытацыі ва Універсітэцкім клінічным цэнтры Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта адбыліся дзве першыя аперацыі па перасадцы сэрца. Універсітэцкі клінічны цэнтры Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта – гэта другі цэнтр у Польшчы, дзе можна рабіць перасадку сэрца дзецям.

Першая аперацыя адбылася на пачатку жніўня. Пацыентам быў 16-гадовы хлопец з цяжкай недастатковасцю гэтага органа, а тыдзень таму сэрца перасадзілі другому, 16-гадоваму хлопцу з аднакамерным сэрцам.

Кіраўнік Клінікі кардыяхірургіі Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта прафесар Марыюш Кусмерчык (Mariusz Kuśmierczyk) падкрэсліў, што абедзве аперацыі закончыліся поспехам:

-Я вельмі задаволены, паколькі ўсё адбылося без праблем. Можна сказаць, што першая перасадка была даволі стандартнай. Аднак другая, у пацыента з аднакамерным сэрцам, які ўжо перанёс некалькі аперацыяў, а працу яго сэрца падтрымлівала апаратура, гэта сапраўдны поспех. Спадзяюся, што пацыента неўзабаве можна будзе адправіць да дому. Для мяне асабіста, гэта нешта цудоўнае.

16-гадовы пацыент Міхал, праз тыдзень пасля аперацыі, адчувае сябе добра:

-Я быў спакойны, калі прачнуўся пасля аперацыі; пасля ўсіх аналізаў, калі лекары сказалі, што ўсё ў парадку. Пакуль нічога дрэннага не адбываецца.

Рэктар Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта прафесар Збігнеў Гацыёнг (Zbigniew Gaciong) падкрэсліў, што дазвол Міністэрства аховы здароўя на перасадку лёгкіх і сэрца, а таксама шматорганную перасадку – гэта надзея для пацыентаў, якія дагэтуль не мелі шанцаў на эфектыўную тэрапію:

- Ёсць група пацыентаў – яна будзе расці, якія патрабуюць дзвюх перасадак адначасова. Вельмі часта, гэта сэрца і печань. Часта гэта маладыя людзі альбо дзеці. Пакуль мы адзіны цэнтр, які прапануе такую аперацыю.

Перасадка стала магчымай дзякуючы аператыўнай дапамозе паліцыі. Сэрца донара паліцэйскі верталёт даставіў наўпрост на пасадачную пляцоўку Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта.
З пачатку году ў Польшчы было зроблена 111 аперацый па перасадцы сэрца. Аднак толькі 10 у дзяцей, у тым ліку дзве ў Варшаўскім медыцынскім універсітэце.

IAR /аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка