У Польшчы падрыхтавалі даклад на тэму стратаў, панесеных дзяржавай і яе жыхарамі ў часы Другой сусветнай вайны. Ад рашэння польскіх уладаў залежыць, якія будуць патрабаванні выплаты ваенных рэпарацыяў у адносінах нямецкага ўраду.
Ніколі раней не было дакладных падлікаў ваенных стратаў Польшчы, – адзначае ў выданні Gazeta Polska дэпутат польскага Сейму Аркадыюш Мулярчык. Паводле ягоных словаў, эканамічныя страты цягам дзесяцігоддзяў уплывалі і далей уплываюць на якасць жыцця палякаў, а дэмаграфічныя страты паўплывалі негатыўна на тэмп развіцця дзяржавы.
Суразмоўца выдання таксама дадае, што немцы доўгі час пазбягалі адказнасці за вырашэнне дадзенага пытання. Таксама польскія ўлады не хацелі закранаць тэму і правесці дакладныя падлікі стратаў. Адпаведна, ніводны ўрад дагэтуль не адважыўся звярнуцца да Германіі з патрабаваннем выплаты рэпарацыяў. Сёння па гэтым пытанні мы робім першы важны крок, – кажа Мулярчык. Чарговыя крокі залежаць ад палітычнага рашэння польскага ўраду і асабіста старшыні кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслава Качыньскага.
Даклад на тэму панесеных палякамі стратаў у часы Другой сусветнай вайны ацэньвае матэрыяльныя страты на больш чым 850 млрд долараў ЗША. Выданне нагадвае, што на 1 верасня на 19 гадзіну запланаваная дэманстрацыя каля пасольства Германіі ў Польшчы. На думку арганізатараў акцыі, польская эканоміка дагэтуль слабейшая, чым нямецкая, між іншым таму, што пасля вайны захад здрадзіў Польшчы, пакідаючы яе пад савецкай акупацыяй.
нг