У выставачным павільёне «Targi Kielce» праходзіць штогадовая Міжнародная выстава абароннай прамысловасці. У ёй прымаюць удзел 613 экспанентаў з 30 краін, якія прадстаўляюць рашэнні ў галіне збройнай тэхнікі. Сваю вытворчасць прадстаўляюць, у тым ліку, кансорцыумы і прадпрымальнікі з ЗША, Вялікабрытаніі, Карэі, Ізраілю і Турцыі.
Адкрываючы 30-ую выставу абароннай прамысловасці дырэктар «Targi Kielce» Анджэй Мохань казаў пра рост пазіцыі гэтага мерапрыемства ў рэгіёне. Ён падкрэсліў, што яна займае трэцяе месца ў Еўропе па памерах:
-На працягу апошніх 30-ці гадоў мы збудавалі моцную марку нашай выставы, якая стала месцам выставаў, канферэнцый і сустрэч для света бізнесу, для дыялогу на палітычных і вайсковых вярхах. Цяпер, як ніколі, ідэя выставы абароннай прамысловасці мае актуальны характар. Апошнія паўгода паказалі, на колькі важным з'яўляецца ўзмацненне абароннасці кожнай краіны. У гэтым працэсе мы хочам быць патрэбнымі Польшчы і Войску Польскаму.
Анджэй Дуда на Міжнароднай выставе абароннай прамысловасці
У адкрыцці выставы ўдзельнічаў прэзідэнт Анджэй Дуда. Ён падкрэсліў, што ўмацаванне абароннага патэнцыялу Польшчы і NATO можа быць дасягнута таксама дзякуючы такім ініцыятывам:
-Час міру рашуча закончыўся. Нас закранула трагічная рэчаіснасць. Элементам гэтай цяжкай рэчаіснасці зʼяўляецца выразнае разуменне таго, што таксама і мы павінны выканаць мадэрнізацыю і развіваць нашыя ўзброеныя сілы для таго, каб запэўніць усім нам бяспеку.
Прэзідэнт Анджэй Дуда падзякаваў усім, хто спрычыніўся да развіцця Міжнароднай выставы абароннай прамысловасці ў Кельцах. Прэзідэнт падкрэсліў, што выстава ўжо зʼяўляецца глабальнай падзеяй, і пажадаў Міжнароднай выставе абароннай прамысловасці працягваць гэтак жа хутка развівацца, як і дагэтуль:
-Вялікі дзякуй за ўсе гэтыя гады, калі выстава развівалася. Я веру, што яна надалей будзе развівацца і гэта будзе падзея ўсё большага маштабу. Што выстава будзе расказваць на ўвесь свет і пра Кельцэ, і пра Польшчу. Што на яе будзе прыязджаць усё большая колькасць фірм, хоць тут ужо былі фірмы з амаль усіх куткоў свету. Таму можна казаць, што гэта выстава міжнароднага характару.
Анджэй Дуда нагадаў, як падчас арганізацыі першай выставы ў 1992 годзе гучалі галасы, што ў будучыні гэта будзе найбуйнейшае падобнае мерапрыемства ў Еўропе:
-Паважанае спадарства, трэба сабе вельмі выразна сказаць: так і адбылося. Пасля 30 гадоў гэта непадважальны факт. Выстава стала вялікай падзеяй не толькі ў сярэднееўрапейскім маштабе, не толькі ў Еўропе, але напэўна можна сказаць, што гэта вялікая падзея ў сусветным маштабе. Такой падзеяй з упэўненасцю з’яўляецца выстава, трэцяя па велічыні пасля парыжскай і лонданскай.
Міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак
На адкрыцці выставы міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак паведаміў, што падпісаў кантракт на пастаўку самаходных гаўбіц «Краб» разам з машынамі суправаджэння для дывізіённых агнявых модуляў «Рэгіна». Бакамі дамовы з’яўляюцца Агенцтва ўзбраенняў і металургічны завод «Сталёва Воля».
Міністр Блашчак падкрэсліў, што важна максімальна выкарыстоўваць патэнцыял металургічнага заводу і польскай абароннай прамысловасці:
-Я падпісаў чарговую дамову на 48 гарматныя гаўбіцы з 38 суправаджальнымі аўтамабілямі. Вартасць дамову – гэта больш за 3 млрд 800 млн злотых. Гэта чарговая дамова. Першая была падпісаная ў 2016 годзе, якая надалей рэалізоўваецца.
Віцэ-прэмʼер і міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак дадаў, што прыкладаюцца ўсе намаганні для паслядоўнага ўмацавання і развіцця Войска Польскага.
Прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў у Кельцах, што «польскі салдат павінен быць узброены да зубоў, каб на нас ніхто не напаў і каб гэтую зброю ніколі не прыйшлося выкарыстоўваць у баявых дзеяннях».
– Я цвёрда перакананы, што таксама дзякуючы выкананню кантрактаў, якія падпісаны на дадзены момант, накшталт зацверджанага сёння, мы атрымаем і забяспечым бяспеку Польшчы, – сказаў прэзідэнт Дуда.
Ён дадаў, што ў сувязі з вайной ва Украіне падчас выставы ў Кельцах «верагодна, будзе заключана шмат кантрактаў на закупку ваеннай тэхнікі».
Прэзідэнт Анджэй Дуда таксама сустрэўся з прадстаўнікамі польскага і замежнага абароннага сектару і ўзнагародзіў супрацоўнікаў «Targi Kielce» з нагоды 30-годдзя Міжнароднай выставы абароннай прамысловасці.
ав