Беларуская Служба

Вайсковыя гарняцкія батальёны – адзін з відаў камуністычных рэпрэсій у Польшчы

05.09.2022 13:05
Сёння ў Польшчы адзначаецца Дзень жаўнера-шахцёра, які ўшаноўвае памяць рэпрэсаваных палякаў, уключаных у вайсковыя гарняцкія батальёны.
Аўдыё
  • Сёння ў Польшчы адзначаецца Дзень жаўнера-шахцёра
 -
Помнік жаўнерам-шахцёрам на Вайсковых могілках Павонзкі ў ВаршавеAutorstwa Robert Wielgórski (Barry Kent) - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=2891520

5 верасня палякі адзначаюць Дзень жаўнера-шахцёра, які ўшаноўвае памяць рэпрэсаваных, уключаных у вайсковыя гарняцкіх батальёны. Гэтыя аддзелы, створаныя ў камуністычнай Польшчы, дзейнічалі ў 1949-1959 гадах і былі відам вайсковай службы, на якую накіроўвалі маладых прызыўнікоў, якіх улады лічылі небяспечнымі для тагачаснага палітычнага ладу ў Польшчы.

Прымусовымі жаўнерамі гарняцкіх батальёнаў былі, між іншым, сябры незалежніцкіх і антыкамуністычных арганізацый, моладзь з інтэлігенцкіх сем'яў, а таксама дзеці сялян, якіх улады прызналі г.зв. кулакамі.

У шахты былі накіраваныя таксама ўдзельнікі Варшаўскага паўстання, члены Арміі Краёвай, Нацыянальных Узброеных Сілаў, антысавецкай арганізацыі «Свабода і незалежнасць», сыны сілезскіх паўстанцаў і рэпатрыянтаў з былых усходніх тэрыторыяў Польшчы.

На практыцы ў гарняцкія батальёны адпраўлялі людзей па любой прычыне, расказваў у 1999 годзе ў эфіры Польскага радыё адзін з жаўнераў Ежы Матрацкі(Jerzy Matracki):

- У 1945 годзе я вярнуўся ў Польшчу з Германіі. У нас на Волі дзейнічаў «Саюз барацьбы маладых». Надоечы прыехаў дакладчык з партыі і пераконваў нас, што Савецкі Саюз зрабіў для Польшчы шмат добрага. Я тады сказаў: Таварыш, гэта толькі змена акупанта. За гэта мяне абвінавацілі ў спробе звяржэння народнай улады. У турме я правёў чатыры месяцы. На падставе амністыі з 1947 года маю справу пагасілі, але тады мяне адправілі ў працоўны батальён.

Аднак план камуністычных уладаў, якія хацелі зламаць польскі дух, не пашанцаваў, пераконваў падчас цырымоніі ў 2018 годзе кіраўнік Упраўлення па справах ветэранаў і рэпрэсаваных асоб Ян Юзэф Каспшык(Jan Józef Kasprzyk):

- Самае важнае, план камуністаў, які быў падставай стварэння гарняцкіх батальёнаў, праваліўся. Яны хацелі зламаць дух гэтых маладых людзей. Адбылося зусім па-другому. Непасільная праца толькі яго ўзмацніла.

Жаўнеры-шахцёры працавалі без падрыхтоўкі і з парушэннем правілаў бяспекі ў шахтах у Сілезіі і Малапольшчы, у каменяломнях, а таксама на здабычы ўрану ў Судэтах. Уладзіслаў Франкоўскі(Władysław Frankowski) успамінаў цяжкую працу:

- Загад і нанач да працы або ў нядзелю. Калі на шахце не свяцілася чырвоная зорка, гэта азначала, што мы не выканалі плану па здабычы. Мы працавалі круглыя суткі.

Прымусовая служба працягвалася 2-3 гады. Шахцёры знаходзіліся пад зямлёй да 20 гадзін у суткі. Найбольш небяспечнай для жыцця была праца на прадпрыемствах па здабычы і ўзбагачэнні ўранавых руд.

У часы Польскай Народнай Рэспублікі гарняцкія батальёны былі «белай пламай» у польскай гісторыі. Толькі з 1991 годзе загаварылі пра «чорных баронаў», як называлі жаўнераў-шахцёраў, і быў створаны Саюз палітрэпрэсаваных шахцёраў.

Святой памяці пісьменнік і журналіст Казімеж Босэк(Kazimierz Bosek), які ў 1950-я гады быў радавым гарняцкага батальёна, падчас першага агульнанацыянальнага з’езда арганізацыі распавядаў пра рэпрэсіі:

- Мы добра зведалі сталінскія рэпрэсіі ў выглядзе гарняцкіх батальёнаў. У шахтах загінулі сотні нашых калегаў, тысячы вярнуліся інвалідамі, тысячы страцілі свае сельскія гаспадаркі і майстэрні. Наступствы гэтых прысудаў мы адчуваем па сённяшні дзень.

Старшыня Саюза палітрэпрэсаваных жаўнераў-шахцёраў Генрык Радэцкі (Henryk Radecki), успамінаў, як у 1955 годзе ён апынуўся ў Клімонтаўскай вугальнай шахце:

- Я працаваў у шахце два гады. Са 150 жаўнераў, якія прыйшлі на шахту разам са мной, трох загінулі. Мы працавалі, як нявольнікі. Да нас ставіліся горш, чым да вязняў, якія там таксама працавалі. Вязень мог адмовіць у выкананні нейкай небяспечнай задачы, жаўнер – не.

У 1952 годзе з Варшавы ў Катавіцкую шахту «Вуек» быў накіраваны святой памяці Казімір Патоцкі (Kazimierz Potocki), шматгадовы старшыня Саюза палітрэпрэсаваных жаўнераў-шахцёраў. Ён правёў у шахце два гады:

-Найбольш цяжка было на пачатку, паколькі не было ніякай падрыхтоўкі. Калегі з Сілезіі ведалі, у чым справа, а мы не ведалі працы на шахце.

Інстытут нацыянальнай памяці прызнаў камуністычным злачынствам сістэму рэпрэсіяў, якой падвяргаліся жаўнеры-шахцёры. У адказнасці за яе стварэнне былі абвінавачаны тагачасны міністр нацыянальнай абароны Канстанцін Ракасоўскі, намеснік міністра абароны Эдуард Охаб і начальнік Генеральнага штаба генерал Уладзіслаў Корчыц.

Жаўнеры з працоўных батальёнаў працавалі ў 60-ці шахтах у Ніжняй і Верхняй Сілезіі і заходняй Малапольшчы. У 1956 годзе ў Вайсковым гарняцкім корпусе служылі каля 3,5 тысячы жаўнераў. Падобныя батальёны, як сістэма рэпрэсій, дзейнічалі па ўсім савецкім блоку, у тым ліку, у Чэхаславаччыне, а таксама ў Вугоршчыне.

IAR/аз