Беларуская Служба

8 верасня – Дзень беларускай вайсковай славы

08.09.2022 07:52
Гісторык: Гэта гістарычная падзея, калі ў меншасці, але з праўдай у руках продкі беларусаў перамаглі моцнага праціўніка.
Аўдыё
  • 8 верасня – Дзень беларускай вайсковай славы
Карціна "Бітва пад Воршай"Вікіпедыя

8 верасня – гэта Дзень беларускай вайсковай славы, неафіцыйнае свята Беларусі, якое адзначаецца ў гонар перамогі ў Аршанскай бітве 1514 году.

Бітва пад Воршай была найбуйнейшай бітвай вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1512–1522 гадоў паміж літоўскім і маскоўскім войскамі на рацэ Крапіўне, за 5 км ад Воршы.

Аршанская бітва – адна з найбуйнейшых бітваў на тэрыторыі Еўропы ў пачатку XVI стагоддзя. Перамога ў ёй дала Вялікаму Княству Літоўскаму магчымасць вярнуць захопленыя праціўнікам Дуброўна, Амсціслаў і Крычаў. Перамога пад Воршай разглядаецца як адна з першых у шэрагу трыумфаў беларускай зброі – Сінія Воды, Грунвальд, Кірхгольм, бітва пад Клецкам (Вікіпедыя).

8 верасня названы Днём беларускай вайсковай славы. Гэтае свята беларускія ўлады не прызнаюць. Гісторык, грамадскі актывіст, дзеяч БХД Яўген Дудкін адзначае, што гадавіна Бітвы пад Воршай – гэта прыклад майстэрства беларусаў ваяваць за сваю Бацькаўшчыну.

-Гэта гістарычная падзея, калі ў меншасці, але з праўдай у руках і розуме продкі беларусаў перамаглі моцнага праціўніка. Сёння гэтыя падзеі адбываюцца ва Украіне. Расія – агрэсіўная, мае шмат людзей, але пры гэтым не можа пераадолець свабодны народ. Для беларусаў гэта вельмі важна, бо праўда заўжды перамагае. Як бы не маляваўся страх перад нібыта вялікім і магутным ворагам. Бітва пад Воршай – гэта прыклад майстэрства беларусаў ваяваць за сваю Бацькаўшчыну. Сёння толькі ёсць пытанне, на колькі яны гатовыя пакінуць палітычныя канфлікты і спрэчкі, каб быць разам і перамагчы.

8 верасня 1992 году грамадскае аб’яднанне Беларускі народны фронт «Адраджэнне» зладзіла першае святкаванне Дня беларускай вайсковай славы на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Свята таксама адзначылі ў Брэсце, Гродне і іншых гарадах Беларусі. У гэты дзень грамадскае аб’яднанне «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў» зладзіла масавае прыняцце 12 афіцэрамі і 3000 жаўнерамі прысягі на вернасць Беларусі.

Яўген Дудкін згадвае гэтыя падзеі і лічыць, што Дзень беларускай вайсковай славы заслугоўвае, каб стаць дзяржаўным святам.

-Гэтая дата заслугоўвае, каб быць дзяржаўнай. У 90-х жаўнеры новай беларускай арміі зрабілі ўсё, каб у Мінску адбылася акцыя прысягі беларускаму народу. Дарэчы, за гэта шмат хто з афіцэраў-патрыётаў страціў магчымасць служыць у войску. Можа гэта і быў адчайны крок, але пры ўсім відавочна смелы. Мне здаецца, у далейшым будуць паралелі і з 1514 годам, і з 90-мі, і з цяперашнімі падзеямі ва Украіне, дзе ёсць патрыёты якія ваююць і памятаюць пра свае карані і сваіх продкаў.

У Беларусі 8 верасня пройдзе як звычайны дзень. У Варшаве Дзень беларускай вайсковай славы адзначаць урачыста.

-Сёння ў Беларусі любая праява свядомага патрыятызму яна асуджаецца рэжымам, а яшчэ можна і быць пакараным. Вельмі важна, каб такія патрыятычныя акцыі адбываліся не толькі ў Варшаве, але і паўсюль, дзе ёсць беларуская дыяспара. Пытанне ў тым, на чым грунтуе сваё жыццё беларуская дыяспара за мяжой. Ці на постсавецкіх нарратывах (рускамоўная музыка і г.д), ці мы ўсё ж будзе адбудоўваць беларускую школу. Тут шмат пытанняў. Таму Дзень беларускай вайсковай славы – гэта яшчэ раз пытанне да беларусаў: дзе ваш фундамент, на чым вы будуеце сваё жыццё, ад чаго адпіхваецеся, калі змагаецеся за свабодную Беларусь?

Дня беларускай вайсковай славы ў Варшаве адбудуцца на 3-х пляцоўках:
18.00 (пачатак) мітынг і марш, прысвечаныя Дню беларускай вайсковай славы. Месца: помнік Каперніку – плошча Замковая – калона Жыгімонта ІІІ
18.30 адкрыццё выставы графікі Змітра Шапавалава «Нарысы з мінулага» («Войска Вялікага княства Літоўскага»). Месца: Музей Вольнай Беларусі (Foksal 11)
19.00 імпрэза, прысвечаная Дню беларускай вайсковай славы і беларускім ваярам (пры падтрымцы Палку імя Кастуся Каліноўскага). Гэта відэа-лекцыя, спартовыя дужанні, канцэрт. Месца: Музей Вольнай Беларусі.

ав