Слухайце далучаны файл!
Фонд «Хумануш» (Fundacja Humanosh im. Sławy і Izka Wołosiański) дапамагае сваім падапечным з легалізацыяй, пошукам працы і жытла ў Польшчы. Фонд таксама дапамагае ў вырашэнні службовых і працоўных пытанняў праз кансультацыі ў галіне права.
Адзін з найважнейшых праектаў фонду «Хумануш» – «Мірны дом». Фонд мае жылыя дамы, дзе людзі могуць на пэўны час знайсці бясплатны прытулак і розныя формы дапамогі, каб пачаць новае жыццё ў Польшчы.
На днях афіцыйна адкрыўся трэці «Мірны дом».
Марыя Макар – адміністратарка дамоў. Паводле яе слоў, на працягу апошніх двух гадоў запатрабаванасць у такой дапамозе не змяншаецца. Людзі ўвесь час вымушана з’язджаюць і з Беларусі, і з Украіны.
Раней для жыхароў Мірных дамоў было абмежаванне на пражыванне ў тры месяцы. Меркавалася, што за гэты час чалавек крыху агледзіцца, атрымае дакументы для легалізацыі, знойдзе сабе працу і гэтак далей. Цяпер гэтыя абмежаванні знялі, бо ў Польшчы ў сувязі з наплывам бежанцаў вялікія праблемы са здымам жытла – і фінансавыя, і адмовы ў арэндзе мужчынам грамадзянам Беларусі, бо краіна ўспрымаецца як агрэсар у дачыненні да Украіны.
Сярод жыхароў ёсць і дарослыя людзі, і сем’і з дзецьмі. Марыя Макар гаворыць што супрацоўнікі Фонду імкнуцца ўсебакова падтрымліваць людзей, якія да іх звяртаюцца.
Сама Марыя з’ехала з Беларусі восенню 2020 года, спачатку яна была тым самым уцекачом, які знайшоў дапамогу ў Фондзе «Хумануш». Цяпер працуе адміністратаркай.
Паводле яе слоў, беларусы добра інтэгруюцца ў польскім грамадстве, бо не схільныя сядзець і чакаць.
Адзін з пастаяльцаў дома Рынат Выстаробскі. Ён мае расійскае грамадзянства, але амаль усё жыццё пражыў у Беларусі. З апасенняў крымінальнага пераследу з’ехаў у Польшчу. Рынат расказаў, што сутыкаўся з адмовамі ў працы і арэндзе жытла менавіта з прычыны таго, што мае расійскі пашпарт.
Фонду Humanosh афіцыйна споўнілася ўжо два гады, за гэты час праект «Мірны дом» прыняў і дапамог блізу 1000-чы бежанцам з Беларусі, Украіны і Афганістана.
Цяпер у трох «Мірных дамах» пражывае амаль 100 чалавек.
вх