Галоўнае статыстычнае ўпраўленне паведаміла, што ў кожным наступным месяцы гэтага года дзяцей нараджалася менш, чым у мінулым годзе. Усяго – са студзеня па ліпень – іх нарадзілася на 13 тысяч менш (на 7%), чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пандэмія стала шокам для нараджальнасці, але дэмографы чакалі, што наступствы адкладзеных рашэнняў аб нараджэнні дзяцей мы ўбачым цяпер. Яшчэ адным фактарам, які будзе ўплываць на рашэнні аб павелічэнні сямʼі ў бліжэйшыя гады, стала вайна.
У доўгатэрміновай перспектыве таксама малюецца чорная карціна. У апошнім даследаванні CBOS «Моладзь 2021» навучэнцаў апошніх класаў сярэдніх школ спыталі, якія ў іх жыццёвыя мэты, што для іх галоўнае. Працэнт, тых, хто згадаў пра сям’ю і дзяцей самы нізкі з пачатку даследавання, то бок з 1994 года: гэта прыярытэт толькі для 33% апытаных маладых людзей. Найбольшае значэнне было зафіксавана ў 2008 годзе – 54 працэнты; з таго часу гэты адсотак у наступных апытаннях паслядоўна зніжаўся. У 2018 годзе (гэта дата перадапошняй рэдакцыі) у якасці мэты жыцця назвалі паспяховае сямейнае жыццё і нараджэнне дзяцей 42 працэнты апытаных.
Прафесар Пётр Шукальскі (Piotr Szukalski), дэмограф з Лодзінскага ўніверсітэту, прызнае, што нарматыўная мадэль, у якой стварэнне сямʼі і нараджэнне дзяцей раўназначна адпавяданню крытэрыю паспяховага жыцця, змяняецца на нашых вачах.
Прафесар Ірэна Катоўска (Irena Kotowska), дэмограф з Варшаўскага ўніверсітэту, падкрэслівае, што адначасова змяншаецца колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту. Так што шанцаў на аднаўленне каэфіцыента нараджальнасці няма.
Калі тэндэнцыя нараджальнасці не зменіцца да снежня, то ў 2022 годзе Польшчу чакае чарговы сумны рэкорд – народзіцца менш за 320 тысяч дзяцей. За апошнія некалькі гадоў колькасць народжаных пераадолела толькі адзін раз 400-тысячны рубеж. У 2017 годзе нарадзілася 401,7 тысячы немаўлят. У 2018 годзе нарадзілася 388,1 тыс. дзяцей, у 2019 годзе было 375 тысяч, у 2020 годзе – 355 тысяч, а летась 331,4 тысячы. У гэтым годзе – з улікам першых сямі месяцаў – выглядае, што тэндэнцыя да зніжэння захаваецца.
У той жа час можна бачыць, што павялічваецца дэльта паміж нараджальнасцю і смяротнасцю. У 2019 годзе памерлі 410 тысяч чалавек, а ў 2020 годзе – звыш 477 тысяч; летась – 519,5 тысячы. Паводле статыстыкі, прагназуецца, што сёлета колькасць памерлых можа быць меншай (да канца ліпеня памерла 266 тысяч чалавек, за аналагічны перыяд мінулага года – 303,6 тысячы). Аднак дзяцей нараджаецца так мала, што пра баланс тут казаць цяжка.
Гэта азначае, што працэс дэпапуляцыі ў Польшчы паскорыўся. Перспектывы на будучыню таксама невясёлыя, бо пандэмія паскорыла і сацыяльныя змены. Працэнт маладых людзей, якія ўступаюць у дарослае жыццё і зацікаўлены ў нараджэнні дзяцей, самы нізкі з тых часоў, як CBOS даследуе настроі сярод моладзі ( з 1994 года).
Па словах праф. Пятра Шукальскага, сацыяльныя змены моцна ўплываюць на дэмаграфію. Даследаванняў нарматыўнай мадэлі жыцця ў Польшчы няма – таго, што, на думку грамадства, зʼяўляецца крытэрам паўнавартаснага жыцця. Прафесар Шукальскі мяркуе, што растуць чаканні да партнёраў і да таго, якімі павінны быць адносіны, што звязана з меншымі шанцамі на дасягненне гэтай мэты. Можа павялічыцца колькасць жанчын, якія выберуць добрасумленнае няпоўнае бацькоўства, і могуць зʼявіцца іншыя мадэлі, якія заменяць традыцыйную сямʼю з дзецьмі.
Што тычыцца наступстваў для рынку працы, то страты ў нараджальнасці будзе вельмі цяжка папоўніць. Зрабіць гэта можна шляхам актывізацыі непрацуючых альбо падаўжэннем пенсійнага ўзросту. Такія захады былі ўключаныя, напрыклад, у Нацыянальны план рэканструкцыі як падрыхтоўка сістэмы заахвочванняў, якія стымулююць больш працяглую працу, хаця пра заканадаўчае павышэнне ўзросту гаворка не ідзе. Ёсць і пытанне актывізацыі жанчын.
– Можна ўзяць прыклад з Нідэрландаў, дзе жанчына, якая ўладкоўваецца на няпоўны працоўны дзень, сумяшчаючы гэта, напрыклад, з выхаваннем дзіцяці, плаціць унёскі ў сацыяльнае страхаванне за кошт дзяржавы. Гэта выгадна як ёй, так і працадаўцам, але і дзяржаве – кажа Яцэк Менцына (Jacek Męcina) з Канфэдэрацыі Lewiatan, былы намеснік міністра працы.
Яшчэ адна натуральная крыніца запаўнення прабелаў на рынку працы – замежнікі. У Польшчы размова ідзе найперш пра ўкраінцаў. Паводле звестак Мінпрацы, прыкладна палова бежанцаў працаздольнага ўзросту цяпер працуюць. Але яна ўсё ж грунтуецца на часовым выкарыстаньні міграцыі, а не на стварэнні сістэмы, патрэбнай польскай эканоміцы.
- У канчатковым выніку, у нас няма мадэлі для прыцягнення найбольш каштоўных імігрантаў з найвышэйшай кваліфікацыяй, напрыклад, праз залатую візу або падатковыя льготы, вядомыя ў іншых краінах, – кажа Яцэк Менцына.
Паводле Dziennik Gazeta Prawna / вх