Беларуская Служба

Беларускі трэкер перамен: назіраецца радыкалізацыя дэмсіл і праціўнікаў рэжыму

28.09.2022 08:11
Беларускіх экспертаў падрыхтавалі другі сумесны аналітычны даклад – «Беларускі трэкер перамен».
Аўдыё
  • Беларускі трэкер перамен: назіраецца радыкалізацыя дэмсіл і праціўнікаў рэжыму
         , 15  2020 .
Пікет салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі ў Старым горадзе Варшавы, 15 ліпеня 2020 г.А. Вялічка/radyjo.net

Беларусь сёння перажывае самы турбулентны перыяд сваёй незалежнай гісторыі. У інфармацыйнай плыні становіцца ўсё складаней бачыць і выдзяляць устойлівыя і адносна доўгатэрміновыя трэнды. Каб паспрабаваць вырашыць гэтую задачу, шэсць беларускіх экспертаў раз на тры месяцы рыхтуюць сумесны аналітычны даклад – «Беларускі трэкер перамен».

Прэзентацыя Беларускага трэкера перамен (за чэрвень-жнівень) пачалася са знешняй палітыкі. Асацыіраваны аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах Павал Слюнкін адзначыў, што ўзмацнілася тэндэнцыя ўспрыняцця Беларусі як адзінага суб’екта, не раздзеленага на ўладу і народ. Гучаць прапановы ўводзіць абмежаванні, якія закраналі б усіх беларускіх грамадзян. Пры гэтым лабістамі выступаюць краіны, якія больш за ўсіх сімпатызуюць дэмакратычным сілам Беларусі. Па-другое, стала захоўваецца напружанне на мяжы з Украінай. Трэці трэнд – гэта пашырэнне супрацоўніцтва Беларусі з акупаванымі тэрыторыямі Украіны і Грузіі. Павал Слюнкін назваў і важныя трэнды ў дэмакратычных сілах.

-Быў створаны пераходны кабінет і на канферэнцыі былі прызначаныя яго першыя прадстаўнікі. Я назваў яго кабінетам сілавога сцэнару. Яго прадстаўнікі і ўдзельнікі канферэнцыі ў асноўным пагаджаліся, што мірныя спосабы барацьбы – неэфектыўныя. Зараз становіцца нармальным рабіць стаўку на сілавы спосаб змены ўлады ў Беларусі. З нашага пункту гледжання адбылася змена кантэксту з мірнай барацьбы на сілавую барацьбу за свабоду. Канферэнцыя канчаткова зафіксавала пераход дэмсіл не толькі на відавочныя праўкраінскія пазіцыі, але і выразна антыкрамлёўскія. Калі раней выказванні Ціханоўскай былі асцярожнымі, то цяпер Расія выразна называецца ворагам беларускай дзяржаўнасці.

Трэкер перамен ва ўнутранай палітыцы абазначыў заснавальнік агенцтва Sense Analytics Арцём Шрайбман. Ён звярнуў увагу на фазу мілітарызацыі як мага большай колькасці структур. Другое – рэпрэсіі ў адрас СМІ перайшлі на новы этап.

-Цяпер нават СМІ, якія даўно адмовіліся ад палітычнай павесткі, ці якія ніколі ёй не займаліся, трапілі пад удар. Па меры знікненне палітызаваных медыя, улады пераходзяць да зачысткі астатняга непадкантрольнага медыйнага поля.

Трэці трэнд ва ўнутранай палітыцы: значнае пашырэнне мабілізацыі праўладнага актыву. Гаворка пра прыцягненне праўладных актывістаў і прапагандыстаў да ўдзелу ў рэпрэсіях і іншых абмежавальных мер дзяржавы. Усе гэтыя людзі сталі на сябе браць ролю ідэалагічных інспектараў.

У знешнеэканамічным плане, як і прадбачылася, пагоршыліся адносіны з Захадам, у прыватнасці з ЕС, а адносіны з Расіяй палепшыліся. Аднак, як расказала акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова, адбыліся і непрадказальныя падзеі. Беларусь дапусціла эканамічны дэфолт. Краіне ўдалося перанакіраваць некаторыя падсанкцыйныя тавары ці знайсці для іх лазейкі. Санкцыі працуюць, кажа экспертка. Экспарт падсанкцыйных тавараў спыніўся, але расце экспарт тавараў, якія не ахопленыя санкцыямі, напрыклад, прадукты харчавання, электрапрылады.

Ва ўнутранай эканоміцы старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі выдзеліў чатыры галоўныя тэндэнцыі. Першая – ВУП падае значна хутчэй, чым вясной. Па-другое, улады працягваюць утойваць інфармацыю і ствараюць пазітыўную карцінку пра эканоміку на тэлебачанні. Па-трэцяе, стала павялічваюцца гэтак званыя малыя падаткі, а таксама былі значна павялічаны падаткі для ІП. Па-чацвёртае, краіна вяртаецца да незабяспечанай эмісіі грошай.
Калі казаць пра сацыялагічную сферу, то па выніках праведзеных апытанняў можна выказаць думку, што рэжым вычарпаў рэзерв падтрымкі ў грамадстве, гаварыў незалежны сацыёлаг Філіп Біканаў. Павялічваецца палярызацыя зацятых прыхільнікаў і праціўнікаў рэжыму.

-У сегменце зацятых праціўнікаў падаўляльная большасць падтрымала б сілавы сцэнар. У сегменце схільных да недаверу расце перакананне, што мірны пратэст неэфектыўны. Мы бачым, што прызначэнне ў пераходным кабінеце былых сілавікоў, Сахашчыка і Азарава, гэта сваечасны адказ на запрос пратэснай часткі грамадства.

І апошняя сфера, прадстаўленыя ў Трэкеры, гэта сфера стасункаў дзяржавы і грамадства. Аналітык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў пералічыў наступныя трэнды: мілітарызацыя рэпрэсій; дэманстрацыйны пераслед ваяроў, якія ваююць ва Украіне; пераслед сваякоў. Сацыёлаг адзначыў, што рэпрэсіі не змяншаюцца, а нават больш: з пераследу канкрэтных людзей рэжым перайшоў на пераслед цэлых сфер (настаўнікі, медыкі). Працягваецца зацятае выцясненне беларушчыны, паявілася вайна з памяццю (знішчэнне польскіх могілак).

Нягледзячы на гэта, грамадзянская супольнасць у Беларусі ёсць.

-Пры ўсім ціску грамадзянская супольнасць у Беларусі ёсць, жыве і працуе ў партызанскім рэжыме. Даследванні паказваюць, што гэта адбываецца не на самым высокім узроўні свайго развіцця, але гарызантальныя сувязі грамадскія супольнасці падтрымліваюць. Як яны гэтага дасягаюць? Па-першае, працуе ўсведамленне свайго маральнага права на перамогу. Другое: накоплены досвед выжывання і супраціўлення рэжыму ў апошніх гадах. Трэцяе: сеткавыя лічбавыя формы камунікацыі, якія даюць магчымасць абмену інфармацыяй і захавання бяспекі.

Усе эксперты згодна адзначалі, што на ўсе сферы істотна ўплываў фактар вайны ва Украіне.

ав