Слухайце далучаны файл!
Год таму суразмоўца, прадпрымальніца ў галіне адукацыйных праектаў Аксана Букіна, пераехала ў Польшчу ва Вроцлаў. Наша размова восенню мінулага года была поўная горычы і болю: Аксана выязджала з Беларусі праз Украіну з малым сынам, гэта быў цяжкі час.
Цяпер Аксана выглядае куды больш упэўнена. Яна распавяла, што сын пайшоў у школу і баяцца не было чаго – адносіны нармальныя, адаптацыя адбылася. Паводле яе слоў, жыццё за год наладзілася. Пачало фармавацца акружэнне – з сяброў і непрыяцеляў, стала зразумела, куды можна пайсці і чым займацца ў горадзе, які першапачаткова быў чужым і незнаёмым.
Таксама яшчэ летась Аксана пачала ствараць супольнасць беларусак ва Вроцлаве. За гэты час яна істотна павялічылася — да двух тысяч чалавек, удзельніцы правялі некалькі тэматычных сустрэч.
У лютым Аксана паспрабавала запусціць першыя камерцыйныя курсы польскай мовы онлайн. Гэта было да вайны. Аднак сітуацыя напрыканцы лютага моцна змянілася і праект вымушана спыніўся – з-за вялікай міграцыі людзей з Украіны адкрылася шмат бясплатных курсаў польскай мовы, таму камерцыйныя курсы цяпер незапатрабаваныя. Паводле яе слоў, летась сітуацыя была іншай – бясплатных моўных курсаў было мала, а людзей, якія прыехалі ў Польшчу было шмат. З канца 2020 года ў Польшчу ідзе плынь вымушаных мігрантаў з Беларусі.
Аднак, суразмоўца гаворыць, што гэта, безумоўна, добра, што першасных магчымасцяў для мігрантаў стала больш.
Летам Аксана запусціла платныя онлайн-курсы для дзяцей з калегай-выкладчыкам. На гэтых курсах займаліся і беларускія, і ўкраінскія дзеці. Гэты праект быў паспяховым.
Цяпер яна з іншай жанчынай, чыё дзіця акурат вучылася на летніх курсах, арганізуюць новыя курсы па робататэхніцы. У планах – пашырыцца і даць працу настаўнікам, педагогам, якія страцілі сябе ў прафесіі пасля вымушана ад’езду з Беларусі.
– Як толькі я знайду памяшканне, хачу стартаваць офлайн, невялікі цэнтр з двума класамі, дзе будуць розныя адукацыйныя паслугі. Тое ж групавое рэпетытарства. Настаўнікаў вельмі шмат з’ехала і яны згубілі ўстойлівасць, але ў Беларусі яны адпрацавалі па 15-20 гадоў. Цяпер гэтыя людзі працуюць у бедронках, на складах і заводах. Але гэта спецыялісты, добрыя выкладчыкі.
Аксана мяркуе, што гэта будзе добры праект, які дазволіць зарабляць настаўнікам, цэнтру, а бацькі будуць мець магчымасць знайсці педагога з Беларусі.
Што тычыцца курсаў беларускай мовы, то, паводле меркавання Аксаны, цяпер таксама шмат курсаў беларускай мовы ў гарадах Польшчы. Аднак часта гэтыя заняткі вядуць не педагогі, а людзі іншых прафесій. І таму гэта не размова менавіта пра адукацыю. Таксама гэта паўплывала на попыт – платныя курсы не цікавяць людзей. Да таго ж бацькі засяроджваюцца на тым, каб дзеці засвойвалі менавіта праграму польскай школы.
Таксама Аксана гаворыць, што ёсць пэўны перакос у міграцыйнай палітыцы ўладаў. Уцекачы з Украіны маюць істотна больш магчымасцяў.
– Я дакладна скажу, што гэтая сітуацыя турбуе мам, тых жа беларусак ва Вроцлаве. Яна крыху хваравіта закранае. Я думаю, гэта справядліва. Напрыклад, калі дзіця з Украіны, то яму ставяць шэсць гадзін дадатковай польскай мовы, а калі не з Украіны, то адну гадзіну дадатковай польскай мовы, каб вывучыць яе. То бок разрыў – адзін да шасці. Але беларускія дзеці нічым не горш, яны таксама рэпрэсаваныя і прайшлі нялёгкі шлях.
Калі дзіця з Украіны, яму ставяць шэсць гадзін дадатковай польскай мовы, а калі не з Украіны, то адну гадзіну. То бок разрыў – адзін да шасці. Але беларускія дзеці нічым не горшыя, яны таксама прайшлі нялёгкі шлях.
Аксана Букіна падкрэслівае, што ў вялікіх гарадах атрымаць памяшканне для адукацыйнага цэнтру на ільготных умовах немагчыма. Зноў-такі суразмоўца супрацьпастаўляе сітуацыю з украінскім кам’юніці ў горадзе.
Аксана гаворыць, што беларускім мігрантам не хапае глыбокай юрыдычнай дапамогі, публічнага месца, дзе супольнасць магла б збірацца. То бок кансультацыйнага суправаджэння, калі людзі развіваюцца, спрабуюць арганізоўваць свае бізнесы і гэтак далей.
– Міграцыя не сканчаецца панядзелкам. Ты мігрант доўгі час, правільна будзе сказаць, не адзін год. І на кожным перыядзе адаптацыі і інтэграцыі патрэбная падтрымка, а яна спынілася на стартавым узроўні, – гаворыць Букіна.
вх