Уладзімір Лобач – вядомы гісторык, аўтар некалькіх сотняў навуковых, навукова-метадычных і краязнаўчых публікацый, вучэбных дапаможнікаў і манаграфій.
Гісторык гаворыць, што пра які перыяд развіцця беларускай этнаграфіі не вялася б гаворка, заўсёды табуяванай, «непрыстойнай», а адсюль як бы неіснуючай, з’яўлялася тэма сексуальных адносінаў (сексуальнасці і эратызму) у традыцыйнай культуры.
– Як я «дакаціўся» да такіх тэмаў у сваім навуковым жыцці? – расказвае даследчык пра тое, як заняўся непапулярнай сярод навукоўцаў тэмаю. – Трэба адкруціць час на трыццаць гадоў назад, калі я быў студэнтам. Трэба разумець што гэта была за эпоха: выбуховая цікаўнасць да беларушчыны ва ўсіх яе праявах. Мы адкрывалі сваю Атлантыду па ўсіх напрамках – крыж Еўфрасінні, Вялікае княства літоўскае, Беларуская народная рэспубліка, этнаграфія, народная культура, магія, чарадзейства, сакральная геаграфія, абрады. Усё, што было пад забаронаю і па сутнасці выкраслена. І мы з сябрамі вырашылі правесці самастойную этнаэкспедыцыю. Чаму самастойную? Бо на той час этнаграфічнай практыкі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў прынцыпе не існавала.
Уладзімір Лобач гаворыць, што было цікаўнасці шмат, але досведу і метадалогіі збору такой інфармацыі не было. Пайшлі да людзей з класічным падыходам, паводле календара народных святаў – Купалле, Вялікдзень, Каляды.
– Бабулі 1907, 1911 года нараджэння. Зараз кусаеш локці, бо гаварыў бы з імі на процьму разнастайных тэмаў. Але тады мы ўперліся ў фальклор – запісваем песні, і купальскія, і вясеннія. Аднаго разу прыходзім у вёску, на лаўцы сядзяць тры бабулі, карцінка проста: 80+, адна глухаватая, другая слепаватая, а трэцяя вядзе рэй. Мы са сваімі адвечнымі пытаннямі: купалкі – калі ласка, жніво – калі ласка.
Даходзім да хрэсьбінных песень. Яны паспявалі, а потым пераглянуліся: «Ну, пра кума і куму?». І пачынаюць: « ой, кум кумку разуваў, пад падолік заглядаў, ой жа кумка, што за звер, ой баюся, каб не з’еў». Бабулі смяюцца, ім весела. Далей пайшлі прыпеўкі: «Як Мікола-вадавоз заваліў мяне на воз, я брыкалася, не давалася». І ў гэты момант ты выразна разумееш, што ёсць вялікае розначытанне паміж наратывам акадэмічным, афіцыйным і паміж рэальнасцю, дзе гэтыя эратычныя, але без аніводнага пахабнага слова песні ёсць неад’емнаю часткаю жыцця.
Уладзімір Лобач гаворыць, што нават класік беларускай этнаграфіі Еўдакім Раманаў, які працаваў у канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя пісаў, што на вялікі жаль полавае пачуццё ў беларускіх хлопцаў і дзяўчат развіта вельмі слаба.
Сітуацыя крыху змянілася ў перыяд беларусізацыі, калі як і ў 1990-ыя была цікаўнасціь найперш да беларускага, з’явіліся некаторыя даследаванні. Пасля вайны сам вобраз рэспублікі не дапускаў ніякіх эратычных канатацыі, бо рэспубліка-партызанка ў руках можа трымаць толькі аўтамат.
– Ёсць і другое вымярэнне, гэта вымярэнне чалавечых адносінаў. Важна падкрэсліць смехавую культуру эратычных адносінаў, бо гэта заўсёды палягае ў сферы чалавечай радасці, пазітыўных эмоцый. Калі перакласці на гастранамічны код, гэта заўсёды слодыч. Калі гаворым «салодкія вусны», гэта не таму што яны намазаныя згушчонкай. Гэта слодыч, якую могуць спарадзіць толькі два чалавека ў шчырых адносінах паміж сабою. Чаму ў СССр не было сексу? Калі вы ўзгадаеце раман Оруэла «1984», сапраўднае паўстанне, бунт чалавека супраць сістэмы адбываецца не тады, калі ён знайшоў неадпаведнасць у газетных выразках. Сапраўднае паўстанне адбываецца, калі яны ўдваіх вынаходзяць пачуццёвы свет, які не залежыць ад дзяржаўнай сістэмы, дзе радасць і шчасце залежаць ад іх саміх. І гэта не падабаецца аўтакратычным рэжымам, дыктатурам, якія ікнуцца кантраляваць увесь свет чалавека, у тым ліку ягоныя эмоцыі. Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці мала што змянілася. Падобныя тэмы вы не зможаце зацвердзіць у якасці кандыдацкай працы ў Акадэміі навук Беларусі, гэта лічыцца пастыдным, не вартым увагі.
Мой вялікі тэкст на гэтую тэму выйшаў у Любляне, пазней зборнік «Беларускі эратычны фальклор» выйшаў у Маскве і быў вялікі скандал у Акадэміі. На базе гэтага зборніка выйшла папулярная версія «Беларускі эратычны фальклор» з ініцыятывы Глеба Лабадзенкі. І гэты зборнік на поўным сур’ёзе праходзіў доўгую экспертызу на парнаграфію, гэта быў 2016 год. Гэта ўсё смутна.
Разам з тым сексуальныя матывы ёсць у вясельных і радзінных абрадах, у побытавых жартах, народных гульнях і гэтак далей.
– Калі гаварыць пра традыцыйную культуру, то доля чалавека падзялялася на тры часткі. Калі прыходзіла бабка-павітуха, яна прасіла ў Бога для чалавека долю збожжавую, долю грашовую і долю вянчальную, каб склалася асабістае жыццё, асабісты лёс чалавека. І з самага нараджэння бацькі імкнуліся сексуальную сферу праграмаваць пэўным чынам, пазітыўна праграмаваць. Напрыклад, дзяўчынку прымалі ў кашулю бацькі, а хлопчыка – у жаночую, з тым каб хлопчыка любілі дзяўчаты, а дзяўчынка была любімая хлопцамі. Ваду, у якой купалі дзяўчынку, вылівалі за парогі, каб пазней гэтыя парогі не абыходзілі сваты...
Даследаванне ўсяго комплексу міжполавых адносінаў у традыцыйным грамадстве не ёсць самамэтай, праявай адпаведнай «заклапочанасці» даследчыка сексалагічнай кваліфікацыі. Перадусім, размова ідзе пра шырокую сацыя-культурную значнасць тэмы.
Калі вам цікавая гэтая тэма ў беларускай этнаграфіі, можам параіць артыкул Уладзіміра Лобача «Эрас у беларускай традыцыйнай культуры».
вх