Не адной палітыкай жыве чалавек, часам трэба адарвацца ад інтэрнэту, навін, і правесці прыемны вечар з іншымі людзьмі. Гэтага прынцыпу трымаецца Беларускі дом у Варшаве, арганізуючы час ад часу інтэграцыйныя сустрэчы для беларусаў, якія жывуць у польскай сталіцы.
Надоечы ў Беларускім доме адбылася своп вечарына (Swap party) – гэта мерапрыемства, куды можна прынесці непатрэбныя і непрыдатныя, але добрыя рэчы і абмяняцца імі. Калі няма чаго прынесці, але адзенне патрэбна, таксама можна прыйсці і прыдбаць нешта з таго, што прынеслі іншыя. Можна было прыносіць касметыку, адзенне, аксесуары, усё, што не трэба і хочацца аддаць у добрыя рукі.
Ганна Прышывалка
На вечарыне была прысутная стылістка Ганна Прышывалка, якая дапамагала падабраць рэчы і аксесуары, а таксама адказвала на пытанні, датычныя гардэроба, стварэння вобраза, пошуку стылю. Мы яе спыталі, чаму такія вечарыны ўсё больш папулярныя на свеце.
- Таму што цяпер на свеце трэнд на другаснае спажыванне з пункту гледжання эканомікі і экалогіі. Вытворчасць вопраткі – гэта вельмі неэкалагічная вытворчасць. Таму паявілася сусветная тэндэнцыя – выкарыстоўваць вопратку, якая была ўжо ва ўжытку. Фармат своп-вечарынак прыйшоў да нас з Захаду, ён вельмі запатрабаваны. Асабліва ва ўмовах беларусаў і ўкраінцаў, якім прыйшлося з’ехаць са сваёй краіны, шматлікія людзі знаходзяцца ў цяжкім фінансавым і матэрыяльным становішчы. Многія сюды трапілі з заплечнікам і малым наборам рэчаў. Тут і нэтворкінг, уваход у асяроддзе, гэта кантакт з іншымі, тут карысць для ўсіх.
Фармат вечарыны вельмі спадабаўся беларускам, якія на яе прыйшлі ў гэты асенні вечар.
Іна: У мяне былі рэчы вельмі добрай якасці, якімі я не карыстаюся, я хацела іх аддаць у добрыя рукі. Мой абутак адразу забралі і нешта з касметыкі, гэта было вельмі прыемна. Гэта добрая касметыка, нятанная, але яна мне не падышла. І я таксама знайшла нешта для сябе. Я жыву ў Польшчы год, калі прыехала, была зіма, у Варшаве быў смог, а лета было вельмі прыемнае, прыехала яшчэ шмат сяброў, таму цяпер мне вельмі падабаецца.
Алеся: Мяне запрасіла сяброўка, якая расказала, што будуць збірацца беларускі, каб абмяняцца рэчамі, у мяне крыху сабралася. Я прынесла свае рэчы, і пазнаёмілася з новымі беларусамі. Гэта вельмі крута, асабліва калі жывеш у эміграцыі, пакідаеш сваіх сяброў і знаёмых. Тут я ведаю, што магу прыйсці ў Беларускі моладзевы хаб, і там паразмаўляць з людзьмі. Тое ж самае ў Беларускім доме, я тут упершыню, але буду ведаць. Я працую ў ІТ, калі трэба было з'ехаць з Беларусі, я пераехала ва Украіну, зрабіла там польскую візу. Хацелася б вярнуцца ў Беларусь, але пакуль мы не вяртаемся, трэба нешта тут будаваць. І Беларускі дом гэтаму вельмі спрыяе.
Своп-вечарынка ў Варшаве
На Swap party, зладжанай Беларускім домам у Варшаве, была прыемная, сяброўская атмасфера з музыкай, гарбатай і смачным дэсертам.
нг