Нягледзячы на энергетычны крызіс, выкліканы Расіяй, толькі нязначная частка ўкраінцаў плануе змяніць месца жыхарства на зіму, гаворыцца ў апублікаваным у сераду дакладзе Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (IOM), чытаем на старонцы niezalezna.pl.
Паколькі тэмпература ва Украіне апускаецца да мінус 10 градусаў па Цэльсію і нягледзячы на атакі на энерга- і ацяпляльныя сістэмы, дадзеныя, сабраныя IOM, паказваюць, што толькі сем працэнтаў рэспандэнтаў па ўсёй краіне сур'ёзна разглядаюць магчымасць пакінуць сваё месца жыхарства.
Паводле справаздачы, нават у выпадку працяглых перапынкаў у пастаўках ключавых рэсурсаў без указання часу рамонту двое з трох апытаных кажуць, што не выйдуць з дому.
У той жа час IOM падкрэслівае, што прыватныя сродкі выжывання становяцца ўсё больш дэфіцытнымі, бо 43% усіх хатніх гаспадарак Украіны вычарпалі свае зберажэнні. 63% рэспандэнтаў прызналіся, што для зніжэння затрат яны нарміруюць спажыванне газу, электрычнасці і цвёрдага паліва.
«Амаль 18 мільёнаў чалавек – 40% насельніцтва Украіны – тэрмінова маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе. Мы павінны падтрымаць іх зімой, асабліва тых, хто не мае доступу да прытулку або цяпла. IOM заклікае зацікаўленыя бакі актывізаваць свае намаганні, паколькі патрэбы растуць з кожным днём», – заявіў кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ва Украіне Ань Нгуен.
Расія з пачатку кастрычніка атакуе крытычна важную інфраструктуру Украіны ракетамі і беспілотнікамі. У выніку масіраваных нападаў з эксплуатацыі выведзена каля паловы энергасістэмы Украіны. Украінскія энергетыкі вымушаныя планава адключаць электраэнергію па ўсёй краіне.
Масква адкрыта прызнае, што энергасістэма Украіны зʼяўляецца адной з яе галоўных мэтаў. Паводле Жэнеўскай канвенцыі, напад на важныя грамадскія абʼекты зʼяўляецца ваенным злачынствам, нагадвае партал Kyiv Independent.
ав