Беларуская Служба

Open Doors: Больш за 360 мільёнаў пераследаваных хрысціян ва ўсім свеце

22.01.2023 08:11
Толькі ў перыяд з 1 кастрычніка 2021 г. па 30 верасня 2022 г. па меншай меры 5621 паслядоўнік Хрыста быў забіты з-за сваёй веры.
.
. lbrownstone/pixabay.com/CC0 Public Domain

Камуністычная Паўночная Карэя на першым месцы і Індыя на апошнім, а паміж імі яшчэ восем мусульманскіх дзяржаў – вось дзясятка краін, якія найбольш варожа ставяцца да хрысціян. Такія даныя прыводзіць апошні Сусветны індэкс пераследу, які на працягу 30 гадоў рыхтуе міжнародная арганізацыя па абароне пераследаваных хрысціян Open Doors.

Усяго, паводле падлікаў арганізацыі, у 50 краінах, ахопленых справаздачай, пражывае каля 760 мільёнаў хрысціян, з якіх больш за 360 мільёнаў з’яўляюцца ахвярамі надзвычайнага ці, прынамсі, вельмі сур’ёзнага пераследу. Толькі ў перыяд з 1 кастрычніка 2021 г. па 30 верасня 2022 г. па меншай меры 5621 паслядоўнік Хрыста быў забіты з-за сваёй веры.

Сёлетняя справаздача мала чым адрозніваецца ад мінулых гадоў, і ў «топе» па-ранейшаму застаецца пераважная большасць краінаў, у якіх пануюць мусульмане і дзе іслам пераважае не толькі сярод вернікаў, але і мае статус дзяржаўнай рэлігіі. Гэта паказвае, наколькі гэтая рэлігія неталерантная і нават ваяўнічая ў адносінах да іншых вераванняў.

Другое неспрыяльнае для вызнаўцаў Хрыста асяроддзе – гэта камуністычныя і левыя рэжымы. Варта таксама ўзгадаць краіны з дэмакратычнымі традыцыямі кіравання, напрыклад, у Еўропе ці Амерыцы, якія, аднак, рознымі спосабамі перашкаджаюць або абмяжоўваюць выяўленне рэлігійных перакананняў і пачуццяў, асабліва хрысціянскіх, у грамадскім жыцці.

Спіс краін, дзе пераслед лічыцца максімальным, узначальвае Паўночная Карэя, якая займае гэтую пазіцыю «лідара» шмат гадоў, толькі зрэдку мяняючыся месцам з іншымі краінамі, звычайна мусульманскімі, апошнім часам з Афганістанам. Сёлета Самалі заняла другое месца, далей ідуць Емен і Эрытрэя, затым Лівія і Нігерыя, Пакістан і Іран, Афганістан, Судан і Індыя.

Open Doors лічаць пераследам не толькі выпадкі фізічнага гвалту над вызнаўцамі Хрыста за іх веру, гэта значыць збіццё, забойства, знішчэнне іх маёмасці і г.д., але і пазбаўленне іх працы і сродкаў да існавання, пазбаўленні іх магчымасці вучыцца і атрымаць адукацыю, прымус пакінуць сваю радзіму.

ав

Больш на гэтую тэму: Багацце веры