Амаль палова палякаў хоча вярнуць абавязковы прызыў у армію – апытанне United Surveys па замове выдання Dziennik Gazeta Prawna і радыёстанцыі RMF FM.
«За» вяртанне да абавязковай ваеннай службы выказваецца найбольш людзей, якіх яна ўжо не закранае, гэта значыць, ва ўзросце 50-69 гадоў, таксама 40% жанчын выступаюць за аднаўленне прызыву. Але ў гэтай групе тры чацвёртыя жадаюць, каб абавязковая служба распаўсюджвалася толькі на мужчын.
Хоць аналагічная колькасць мужчын падтрымлівае вяртанне прызыву ў войска, яны значна больш эгалітарныя – большасць чакае, што служба таксама ахопіць жанчын.
Падтрымка раўнапраўя змяняецца з узростам. Сярод рэспандэнтаў ва ўзросце да 29 гадоў амаль усе чакаюць, што будуць служыць як мужчыны, так і жанчыны. Сярод рэспандэнтаў старэйшага ўзросту расце адсотак прыхільнікаў прызыву выключна мужчын.
Выданне адзначае, што самай вялікай падтрымкай ідэя ўвядзення прызыву карыстаецца ў сельскай мясцовасці (46% апытаных), а найменшай – у гарадах з насельніцтва больш чым 250 тысяч (30%).
«Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, найбольш раўнапраўна падыходзяць да гэтага пытання жыхары сельскай мясцовасці. У гэтай групе больш за дзве траціны апытаных падтрымлівае прызыў і жанчын, і мужчын. Сярод жыхароў вялікіх гарадоў пераважная большасць тых, хто выказваецца за прызыў, выступаюць за службу толькі мужчын», – падкрэслівае газета.
Ці ў Польшчы могуць вярнуць прызыў? «У Міністэрстве нацыянальнай абароны не вядзецца праца па аднаўленні абавязковай базавай вайсковай службы», – прыводзіць выданне адказ Аператыўнага цэнтру Мінабароны.
Апытанне праводзілася 3-4 лютага на агульнанацыянальнай выбарцы з 1000 паўналетніх жыхароў Польшчы.
PAP/нг