Летась у Польшчы нарадзіліся амаль 2,5 тысячы дзяцей украінскіх бежанцаў, а агульны кошт медыцынскіх паслуг для ўкраінскіх бежанцаў склаў больш за 514, 5 мільёна злотых (больш за 108 мільёнаў еўра). Пра гэта сведчаць дадзеныя Нацыянальнага фонду аховы здароўя аб медыцынскім абслугоўванні ўкраінцаў у перыядзе з сакавіка па верасень мінулага года, паведамляе Rzeczpospolita.
Дзякуючы адмысловаму закону аб дапамозе грамадзянам Украіны, які дзейнічае з сакавіка мінулага года, украінцы, якія прыехалі ў Польшчу пасля 24 лютага, могуць карыстацца тут медыцынскай дапамогай нароўні з застрахаванымі грамадзянамі Польшчы. На іх лячэнне Нацыянальны фонд здароўя атрымлівае спецыяльную мэтавую датацыю з дзяржаўнага бюджэту.
Сярод амаль 752 тысяч медыцынскіх паслуг, аказаных пацыентам з Украіны за паўгода, то бок у перыядзе з сакавіка па верасень 2022 года, першае месца па кошце, уключаючы кампенсацыю кошту лекаў, займае «іншая медыцынская дапамога». Гаворка ідзе, між іншым, пра радыетэрапію, хіміятэрапію, гематрансфузію. На другім месцы апынуліся вірусныя і іншыя спецыфічныя кішэчныя інфекцыі. Найбольшая колькасць паслуг сярод усіх пералічаных захворванняў і парадаў тычыцца лячэння карыесу, а таксама прастудных захворванняў і артэрыяльнай гіпертэнзіі. У гэтым часе ў Польшчы нарадзілася 1 635 дзяцей грамадзян Украіны.
Rzeczpospolita адзначае, што ў Польшчы лечацца таксама параненыя ўкраінскія вайскоўцы. У снежні мінулага года Міністэрства аховы здароўя паведамляла, што на лячэнні ў краіне знаходзяцца больш за 100 украінскіх вайскоўцаў і каля 2-3 тысяч украінскіх мірных жыхароў.
Газета адзначае, што з лячэннем украінскіх пацыентаў «шмат праблем». Не хапае комплексных сістэмных рашэнняў, напрыклад, адносна перакладу медыцынскіх дакументаў пацыентаў з Украіны.
«Міністэрства нават не вызначыла, на якой мове павінна быць падпісана згода пацыента на лячэнне», – кажа ў размове з выданнем старшыня Акруговага медыцынскага савета ў Шчэціне, спецыяліст па акушэрстве і гінекалогіі Міхал Бульса.
аз