Беларуская Служба

Епіскапат Польшчы: Перад абліччам спробаў дыскрэдытацыі св. Яна Паўла ІІ, заклікаем шанаваць яго памяць

19.03.2023 11:14
Ужо больш за тыдзень як у Польшчы разгарэлася маштабная дыскусія і спрэчка пасля дакументальнага расследавання прыватнага тэлеканалу TVN.
Аўдыё
  • Епіскапат Польшчы: Перад абліччам спробаў дыскрэдытацыі св. Яна Паўла ІІ, заклікаем шанаваць яго памяць
Ян Павал ІІ у Гэмбажэве пад Гнезнам падчас першай пілігрымкі ў ПольшчыNarodowe Archiwum Cyfrowe

«У сувязі з апошнімі маштабнымі спробамі дыскрэдытацыі асобы і дзейнасці св. Яна Паўла ІІ, мы яшчэ раз звяртаемся да ўсіх ставіцца з павагай да памяці аднаго з нашых найвыдатнейшых суайчыннікаў», – напісалі біскупы, сабраныя на 394-м пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Епіскапату Польшчы.

Нагадаю, ужо больш за тыдзень як у Польшчы разгарэлася маштабная дыскусія і спрэчка пасля дакументальнага расследавання прыватнага тэлеканалу TVN. У матэрыяле выказвалася меркаванне, што Караль Вайтыла, будучы мітрапалітам у Кракаве, ведаў пра выпадкі ўтойвання педафіліі сярод духавенства. Каментатары адзначаюць, што стужка грунтуюцца на матэрыялах Службы бяспекі ПНР.
Справу каментуюць усе СМІ, прадстаўнікі Касцёла, палітыкі.

У заяве Епіскапату Польшчы біскупы падкрэслілі, што «Ян Павел ІІ з’яўляецца адным з найвялікшых суайчыннікаў у нашай гісторыі, які таксама з’яўляецца бацькам нашай свабоды».

Яны нагадалі, што пілігрымкі Яна Паўла ІІ на радзіму былі «вялікімі рэкалекцыямі для народу, вехамі нашай гісторыі, подыхам Святога Духа ў сумленні змучаных і разгубленых суайчыннікаў». «Яго папскае прапаведаванне, апостальскія візіты, а таксама дыпламатычныя намаганні спрыялі духоўнаму ўзрастанню мільёнаў людзей ва ўсім свеце. Для іх Папа паляк быў і застаецца маральным арыенцірам, настаўнікам веры і заступнікам у небе», – ацанілі яны.

У сувязі з апошнімі маштабнымі спробамі дыскрэдытацыі асобы і дзейнасці св. Яна Паўла ІІ Епіскапат заклікаў усіх шанаваць яго памяць. «Праведзены працэс кананізацыі, уключаючы глыбокі, навуковы гістарычны аналіз, не пакідае сумнення ў святасці Яна Паўла ІІ», – адзначылі біскупы.
Яны звярнулі ўвагу, што меркаванне Касцёла аб святасці чалавека не выносіцца на аснове індывідуальных рашэнняў або іх адсутнасці, але ўлічвае ўсё жыццё, дзейнасць і плёны, якія з іх нараджаюцца.

«Няўжо мы дазволім адабраць у сябе гэты скарб на падставе журналісцкага апісання матэрыялаў камуністычнай СБ? Яно было зроблена без усялякага навуковага падыходу, тэндэнцыйна, часта негістарычна, без ведання кантэксту, іншых існуючых дакументаў, справаздач. Матэрыялы СБ паказваюць у першую чаргу ўсім маштаб сачэння за кардыналам Каралем Вайтылам», – падкрэслілі яны.

Мітрапаліт Кракаўскі арцыбіскуп Марэк Ендрашэўскі заявіў, што мэта нападаў на Яна Паўла ІІ – барацьба з Касцёлам. Госць Польскага радыё 24 спаслаўся на абвінавачванні Яна Паўла ІІ у пакрыванні педафіліі ў Касцёле, калі ён быў кракаўскім мітрапалітам: «Гэта атакі на кардынала Караля Вайтылу, потым на Папу Яна Паўла ІІ, без якога не было б перамен у Польшчы, у гэтай частцы Еўропы і свеце. У нас забіраюць усё, што застаецца нам, як польскаму народу, каб адчуваць унутраную еднасць і тоеснасць, а таксама гонар нашай гісторыяй».

Мітрапаліт Лодзінскі арцыбіскуп Гжэгаж Рысь падкрэсліў, што праблема палягае ў крытычнай інтэрпрэтацыі гістарычных дакументаў. Ён адзначыў, што важна, каб веды, якія мы атрымліваем, напрыклад, даследуючы архівы Інстытуту нацыянальнай памяці, падвяргаліся крыніцазнаўчай крытыцы, заснаванай на царкоўных архівах: «Сапраўды, можна супольна папрацаваць, выходзячы з архіва Інстытуту нацыянальнай памяці і даходзячы да касцельных архіваў. Адказы на пытанні, якія могуць узнікнуць у архіве ІНП, можна знайсці ў касцельных архівах. У такой чарговасці трэба праводзіць гэтую працу. Сёння яна будзе значна лягчэйшай, чым 15 гадоў таму».

На думку іерархаў, нельга дапусціць сітуацыі, калі трэба было б саромецца і тлумачыць тых, хто выступаў супраць камуністычнай дыктатуры, а не тых, хто трымаў пад наглядам, пісаў даносы, супрацоўнічаў з камуністычным рэжымам, пераследаваў вернікаў і ламаў сумленні людзей.

«Святы Ян Павел ІІ, як Папа, аднёс шкоду, нанесеную дзіцяці ў сексуальнай сферы, да найцяжэйшых злачынстваў. Ён абавязаў усе епіскапаты свету ўвесці падрабязныя нормы паводзін у такіх выпадках. Верныя яго ўказанням, сёння мы клапоцімся пра бяспеку моладзі ў касцельных структурах. Мы адчуваем абавязак выслухаць усіх параненых людзьмі Касцёла і прыйсці да іх з канкрэтнай дапамогай», – падкрэслілі біскупы.

Яны падзякавалі ўсім, хто бароніць добрае імя святога Яна Паўла ІІ. Адначасова яны заклікалі не выкарыстоўваць асобу Папы-паляка ў мэтах бягучай палітыкі.

«Не дазволім пазбавіць сябе пачуцця гонару і радасці ад прыналежнасці да Касцёла Хрыстова. Не будзем раз'ядноўвацца, давайце разам абараняць нашы самыя важныя каштоўнасці», – напісалі яны.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Багацце веры