Праваслаўная царква ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе пачала выразна атаесамляцца з падтрымкай рэпрэсій, а пасля пачатку вайны ва Украіне - з падтрымкай ваенных дзеянняў. Такая сітуацыя стала вялікім выпрабаваннем для часткі вернікаў, якія сталі ўспрымацца як ворагі.
Гэта трагедыя для РПЦ, аднак неабходна памятаць, што Царква – гэта Цела Хрыстова і гэта людзі, адзначае тэолаг і гісторык Наталля Гарковіч:
-Маё асабістае меркаванне на тэму РПЦ Маскоўскага патрырхату, у тым ліку ў Беларусі, наступнае: людзі вельмі часта блытаюць, што Царква – гэта іерархія, але няма зразумення, што Царква – гэта цела Хрыстова і гэта людзі, і ў тым ліку іерархія. Калі пачалася вайна ва Украіне, беларусы раптам сталі ворагамі для ўкранцаў. У людзей гэта выклікала вельмі вялікі стрэс. Вельмі многа пакут у тым ліку. Мы ж ведаем, што мы не падтрымліваем. Уявіце людзей, якія многія гады жывуць у праваслаўнай традыцыі, якія бачаць здраду сваёй іерархіі. Яны кажуць: мы не такія, але іх усё роўна ўспрымаюць як здраднікаў. Калі мы ўсведамляем, што Царква – гэта Цела Божае, што гэта мы, то іерархія існуе, але мы бачым, колькі гадоў яна існуе ў сваім уласным вакууме. Царкоўная іерархія падтрымлівае, на жаль, таксама і рэпрэсіі ў Беларусі, скажам шчыра. Але мы ведаем, што сярод вязняў ёсць і праваслаўныя, таксама вернікі іншых веравызнанняў. Таксама мы ведаем, што ёсць людзі, якія падтрымліваюць і рэпрэсіі, і вайну – рэчы, якія немагчыма падтрымліваць хрысціяніну, не кажучы пра людзей у свяшчэнным сане. Для мяне, як для верніцы, якая большасць свайго жыцця пражыла ў Праваслаўнай царкве, асабіста гэта трагедыя.
Наталля Гарковіч перакананая: шанец на змену сітуацыі будзе, што трансфармацыя ў грамадстве наступіць. Важна, каб не стыгматызаваць усіх праваслаўных як асоб, якія падтрымліваюць рэпрэсіі і вайну.
Наталля Гарковіч стала адной з ініцыятараў правядзення беларускамоўных праваслаўных літургіяў у Варшаве. У свой час яна дабілася таго, каб у Мінску службы на беларускай мове праходзілі таксама ў нядзелю.
Першая праваслаўная літургія на беларускай мове ў Варшаве
Службы праходзяць у Капліцы святога Рыгора Перадзэ на варшаўскай Волі. Іх служыць айцец Андрэй Кузьма, які працуе на Беласточчыне. Літургіі на беларускай мове будуць адбывацца раз на месяц. Наступная - 30 IV 2023, у другую нядзелю пасля Вялікадня.
Пасля літургіі адбываецца сустрэча вернікаў. За абвесткамі супольнасці можна сачыць тут.
Літургіі адбываюцца са згодай і дабраславеннем Мітрапаліта Варшаўскага і ўсёй Польшчы Савы.
Поўная размова з Наталляй Гарковіч у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё
ав