Наталля Лешчык, сярэбраная прызёрка Алімпійскіх гульняў 2012 г. па мастацкай гімнастыцы ад Беларусі, пераехала жыць у Беласток і будзе рыхтаваць юных спартсменак, напісала газета Kurier Poranny.
Наталля гадамі працавала на поспехі беларускага спорту. Аднак пасля выбараў 2020 года яна вымушана была збягаць з краіны пасля таго, як выступіла супраць рэжыму Лукашэнкі.
- Я ўдзячная Польшчы за дапамогу. Спадзяюся, што наша праца ў клубе прынясе поспехі, – сказала алімпійская прызёрка падчас сустрэчы з намеснікам мэра Беластока Адамам Мусюком.
Наталлі Лешчык 27 гадоў, яна сярэбраная прызёрка Алімпійскіх гульняў у Лондане-2012 па мастацкай гімнастыцы. Пасля завяршэння спартовай кар'еры закончыла спартыўную псіхалогію. Наталля некалькі гадоў працавала з нацыянальнай зборнай па стральбе з лука – менавіта як спецыяліст па псіхалогіі спорту.
Усё змянілася пасля выбараў у Беларусі 2020 года
Наталля Лешчык удзельнічала на акцыях пратэсту і маршах супраць фальсіфікацыі выбараў. Разам з іншымі алімпійцамі яна падпісала зварот, у якім выступіла супраць агрэсіўнага падаўлення пратэстаў. Пасля пачаліся ў яе непрыемнасці. Яе брат і многія сябры трапілі ў турму, а яе звольнілі з пасады псіхолага нацыянальнай зборнай.
Пасля нападу Расіі на Украіну Лешчык разам з іншымі спартоўцамі падпісала дэкларацыю супраць вайны. З-за пераследу і страху за сваю бяспеку яна зʼехала з Беларусі ў Польшчу.
Спачатку Наталля затрымалася ва Уроцлаве, дзе падала дакументы на гуманітарную візу
Пасля таго, як атрымала прапанову ад клуба Brawo Białystok, дзе трэніруюцца мастацкія гімнасткі, яна вырашыла пераехаць у Беласток і працаваць трэнерам. Гарадскія ўлады Беластока дапамаглі з жыллём.
Клуб Brawo Białystok ладзіць заняткі па мастацкай гімнастыцы для дзяўчат. Імі кіруюць кваліфікаваныя міжнародныя трэнеры. Пад наглядам спецыялістаў у клубе займаюцца 150 дзяўчынак ва ўзросце ад трох да васямнаццаці гадоў. Дзяўчаты ўдзельнічаюць у мерапрыемствах рангу Чэмпіянату Польшчы.
яс