Беларуская Служба

Дзень сцяга і Дзень польскай дыяспары і палякаў за мяжой адзначаюцца 2 траўня

02.05.2023 14:14
Палякі ганарацца сваім сцягам, таксама ў замежжы, дзе жыве каля 20 мільёнаў палякаў.
Аўдыё
  • Дзень сцяга і Дзень польскай дыяспары і палякаў за мяжой адзначаюцца 2 траўня
.
.PAP/Darek Delmanowicz

Дзень сцяга – свята, заснаванае пастановай Сейму ў 2004 годзе з мэтай пашырэння ведаў пра польскую ідэнтычнасць і нацыянальныя сімвалы. Выбар дня невыпадковы і мае гістарычнае абгрунтаванне – 2 траўня 1945 года польскія жаўнеры з 1-й дывізіі імя Касцюшкі вывесілі бела-чырвоны сцяг на калоне Перамогі ў Берліне. Захапіўшы сталіцу фашысцкай Германіі, яны садзейнічалі спыненню ваенных дзеянняў у Еўропе.

У Польшчы кожны можа законна вывешваць нацыянальны сцяг не толькі ў святочныя дні, але і на ўрачыстасцях і падзеях прыватнага жыцця. Для гэтага павінна выконвацца адна ўмова: пашана да сцяга.

Прававыя пытанні, звязаныя з польскімі нацыянальнымі сімваламі, рэгулююцца Законам аб гербе, колерах і гімне Рэспублікі Польшча і аб дзяржаўных пячатках. Прапорцыі і колеры польскага сцяга прапісаныя ў заканадаўстве. Польскія нацыянальныя колеры, як адны з нямногіх у свеце, маюць геральдычнае паходжанне, патлумачыў у Польскім радыё (2015) куратар Музею Войска Польскага Яраслаў Пых:

-Гэта адлюстраванне колераў герба. Белы – гэта бель арла, а чырвоны – фон герба. Чырвоны – гэта вельмі годны колер, каралеўскі. Афіцыйна, у грамадскай прасторы такі герб паяўляецца на пячатцы князя познаньскага Пшэмысла ІІ. З таго часу датуецца афіцыйнае існаванне гербу, хоць ёсць прадпасылкі, што ў такой форме яго маглі выкарыстоўваць яшчэ раней.

Адам Левандоўскі з Інстытута нацыянальнай памяці гаворыць, што Дзень сцяга, які адзначаецца сёння, мае шматвымернае значэнне польскай ідэнтычнасці. Як ён сказаў у 1-й праграме Польскага радыё, белы і чырвоны колеры натхнялі паэтаў і жаўнераў, якія змагаліся за незалежнасць Польшчы ў ХІХ і ХХ стагоддзях:

-Гэты сцяг развіваўся падчас перамогаў у 1918 годзе, пазней у 1920, Варшаўскага паўстання. Гэта сімвал, пад якім можа сабрацца кожны паляк і сказаць: так, гэта мой сцяг. За яго змагаліся мае продкі. Гэта сімвал розных пакаленняў, пад ім хаваецца эстафета розных пакаленняў. Таму ён мае шматбаковае вымярэнне.

Сёння таксама Дзень польскай дыяспары і палякаў за мяжой. Урадавы ўпаўнаважаны па справах польскай дыяспары і палякаў за мяжой Ян Дзедзічак паведаміў, што 20 мільёнаў палякаў ва ўсім свеце маюць сваё свята. Ён сказаў Польскаму радыё, што свята з'яўляецца нагодай выказаць гонар за польскасць. Гэта таксама свята, калі ў краіне гавораць пра палякаў замежжа.

-Свята палякаў замежжа мае ўжо 20 гадоў. Я лічу, што гэта была цудоўная ідэя, каб вызначыць яго за дзень да свята Канстытуцыі 3 траўня, калі палякі ў свеце сустракаюцца і выказваюць гонар за сваю польскасць. Гэта свята 1/3 палякаў, бо столькі жыве за межамі Польшчы. Разуменне таго, як шмат нас за мяжой, якім коштам яны трымаюцца за польскасць, што азначае быць патрыётам. Нягледзячы на выклікі, яны захоўваюць польскасць. Добра, што ў нас у краіне ёсць дзень, калі мы пра гэта гаворым і можам пра гэта даведацца.

Дзень польскай дыяспары і палякаў за мяжой быў заснаваны ў 2002 годзе пастановай Сената ў знак прызнання польскай дыяспары і палякаў за іх шматвяковыя дасягненні і ўклад у аднаўленне краінай незалежнасці. Яе мэта – умацаванне пачуцця адзінства ўсіх суайчыннікаў і садзейнічанне захаванню нацыянальнай свядомасці.

Найбольшая група эмігрантаў і выхадцаў з Польшчы жыве ў ЗША – 10 мільёнаў. Іншыя вялікія канцэнтрацыі знаходзяцца ў Бразіліі, Канадзе, Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі. Палякі жывуць таксама ў Літве, Беларусі і Украіне.

Польская дыяспара ў свеце паходзіць з некалькіх хваляў міграцыі. Першая, пасля нацыянальных паўстанняў ХІХ ст., была скіраваны пераважна ў Францыю, Вялікабрытанію, Швейцарыю, Германію і Паўночную Амерыку. Другая – эканамічная эміграцыя ў другой палове ХІХ ст., аж да 1939 г., калі рабочыя пераважна выязджалі ў Францыю, Бельгію і Германію, а сяляне – у ЗША, Канаду, Бразілію і Аргенціну. Яшчэ адна хваля адбылася ў выніку Другой сусветнай вайны і па палітычных матывах пасля вайны, таму што камуністычныя ўлады забаранілі вяртанне многім палякам, якія ваявалі ва ўзброеных сілах на Захадзе.

Пазней – у 1968-1971 гадах – гэта была паслясакавіцкая эміграцыя, калі многія польскія габрэі пакінулі краіну ў выніку нацыянальнай напружанасці і антысеміцкіх пераследаў. У 1980-я гады назіралася вялікая эміграцыя па эканамічных і палітычных прычынах, асабліва пасля ўвядзення ваеннага становішча ў 1981 годзе. Апошняя хваля – эканамічная эміграцыя пасля 1989 г., пераважна ў Вялікабрытанію, Ірландыю, Германію, Італію, Канаду і ЗША.

ав

2 траўня палякі адзначаюць Дзень сцяга

02.05.2023 08:44
Палякі ахвотна далучаюцца да акцыі #mojaflaga (мойсцяг), акцыя вывешвання бела-чырвонага сцяга.

Былы польскі консул: Лукашэнкі парушае цывілізацыйныя нормы ў дачыненні да польскай меншасці

02.05.2023 11:19
Сёння ў Польшчы – Дзень польскай дыяспары і палякаў за мяжой.

Каля 7 тысяч палякаў чакаюць рэпатрыяцыі з Казахстана

02.05.2023 11:29
Працэс рэпатрыяцыі палякаў з Казахстана не завершаны.