Беларуская Служба

Успамінаем Мікалая Каперніка ў гадавіну смерці: спатрэбілася 200 гадоў, каб была прынятая яго мадэль Сусвету

20.05.2023 07:00
 Астраном даказаў, што ў цэнтры Сусвету знаходзіцца не Зямля, як лічылася раней, а Сонца.
Аўдыё
  • 480 гадоў з дня смерці Мікалая Каперніка
Pomnik Mikołaja Kopernika w Warszawie
Pomnik Mikołaja Kopernika w WarszawieFoto: Danny Ye/Shutterstock

480 гадоў таму не стала выбітнага польскага вучонага, астранома, медыка і эканаміста Мікалая Каперніка. Яго праца атаясамліваецца перш за ўсё з астраноміяй і так званай «рэвалюцыяй Каперніка». Дзякуючы сваім карпатлівым назіранням, ён даказаў, што ў цэнтры Сусвету знаходзіцца не Зямля, як тады лічылася, а Сонца. 

Мікалай Капернік нарадзіўся 19 лютага 1473 года ў Торуні, памёр да 21 мая 1543 года ў Фромбарку. Дакладная дата смерці невядомая, паколькі пад канец жыцця вучоны жыў вельмі спакойна, і, відаць, яго смерць не стала для свету шокам. Затое сапраўдным шокам было тое, што раней Капернік прапанаваў свету. У 1543 годзе ён апублікаваў свой трактат «De Revolutionibus coelestium orbium» (Аб абарачэнні нябесных сфераў), у якім прадставіў геліяцэнтрычную мадэль Сусвету. Спатрэбілася каля 200 гадоў, каб гэтая мадэль замяніла папярэднюю (геацэнтрычную), паводле якой у цэнтры знаходзілася Зямля. Папярэдняя тэорыя існавала амаль паўтары тысячы гадоў, – адзначае дырэктарка Планетарыя ў варшаўскім Цэнтры навукі Капернік доктар (кандыдат навук) Вераніка Сьліва (Weronika Śliwa).

- Перад гэтым лічылася, што ўсе аб'екты на небе рухаюцца навокал Зямлі. Звярніце ўвагу, калі мы глядзім на рух планет з паверхні Зямлі, то не так проста сказаць, як яны рухаюцца. Яны перасоўваюцца на фоне зорак, робяць петлі. Геацэнтрычная мадэль выбудоўвала даволі складаную канструкцыю. У ёй існавалі розныя сферы, якія заходзілі адна на адну, якія круціліся з пастаяннай хуткасцю і дзякуючы ім планета магла кружыць вакол Зямлі. У сваю чаргу Капернік заўважыў, што ўсе гэтыя траекторыі можна растлумачыць, калі прыняць, што планеты кружаць не вакол Зямлі, а вакол Сонца, а Зямля – гэта толькі адна з планет, якая таксама верціцца вакол Сонца. Праўда, ён яшчэ не ведаў, што яна рухаецца па эліпсе, а не па коле. Аднак толькі адна гэтая тэорыя дазваляла высветліць многія раней не вырашаныя пытанні, напрыклад, якая планета далей ад Сонца, а якая – бліжэй. Раней аб гэтым можна было толькі здагадвацца, скажам, паводле таго, на колькі планета была яркая. А тут усё станавілася элементарным.

Распрацаваная Капернікам тэорыя была рэвалюцыяй таксама таму, што Зямля пераставала быць у цэнтры. Раней лічылася, што Зямля – гэта ідэальны шар, над якім знаходзіцца Месяц і далей іншыя планеты. Калі сапраўды Зямля падобная да іншых планет, гэта значыць, што іх можна даследаваць, як і Зямлю, што зусім не мясцілася ў галовах сучаснікаў.

- Гэта значыла, што Зямля – такая ж, як іншыя планета, або наадварот, іншыя планеты падобныя да Зямлі, а гэта значыць, што іх таксама можна даследаваць. І можа нават аказацца, што на іх ёсць іншыя жывыя істоты. Аб гэтым пісаў Джордана Бруна, які дапускаў, што зоркі – гэта іншыя планеты, на якіх можа існаваць жыццё. Так што тэорыя Каперніка не толькі паказала, што вакол чаго круціцца, але яна насамрэч адкрыла перад людзьмі магчымасць даследавання Сусвету і магчымасць існавання іншых сусветаў, акрамя Зямлі.

Што цікава, першае выданне яго працы аб абарачэнні нябесных целаў было прысвечана папу рымскаму Паўлу ІІІ. Цяпер нам цяжка гэта зразумець, паколькі каталіцкі касцёл – гэта адна з самых кансерватыўных установаў, яе прадстаўнікі доўга не хацелі прызнаваць, што памыляліся з геацэнтрычнай мадэллю.

- Кніга Каперніка была напісана адносна складанай, матэматычнай мовай, дзякуючы чаму на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў пасля яе публікацыі яе чыталі толькі астраномы. Касцёл далей трымаўся сваёй геацэнтрычнай тэорыі, але тэорыя Каперніка часам прыдавалася, каб нешта падлічыць, астраномы карысталіся ёй дзеля нейкіх падлікаў. Але пазней прыйшоў Галілей, які ўпершыню зірнуў на неба праз тэлескоп. І менавіта ён падумаў, што тэрыторыя Каперніка – гэта не толькі матэматычная мадэль, а яна адлюстроўвае рэчаіснасць, і Зямля сапраўды з’яўляецца адной з планет, якія кружаць вакол Сонца. І толькі тады Касцёл прачнуўся, пачаў абурацца, што гэтая тэорыя далёкая ад праўды, паколькі іншая праўда апісана ў Бібліі. Але нават тады астраномам дазвалялі чытаць кнігу Каперніка, толькі была ўведзена цэнзура, скажам, некаторых старонак нельга было чытаць.

Нельга забываць, што сам Капернік таксама быў багасловам, святаром, гэтая функцыя для яго была важная. А тут ён у сваёй працы ідзе насуперак усяму вучэнню касцёла. Дарэчы, ён быў і медыкам, і яшчэ эканамістам. Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.

- Сапраўды, ён быў перш за ўсё святаром, загадчыкам касцельнай маёмасці. Займаўся таксама медыцынай. І быў аўтарам так званага «Права Каперніка», якое датычыць манет. Калі ў абарачэнні ёсць два віды манет, адны – залатыя, а іншыя – са сплаву, то людзі захаваюць залатыя манеты, а плаціць будуць тымі другімі. У сваю чаргу, астраномія была яго хобі, яго радасцю, ён лічыў, што гэта самая цікавая навука, і свой свабодны час прысвячаў даследаванню космасу.

Капернік пісаў свае навуковыя творы на лацінскай мове, а размаўляў як? Па-нямецку? Была спрэчка паміж немцамі і палякамі за яго паходжанне.

- На самой справе мы не ведаем, на якой мове ён размаўляў. Напэўна ведаў нямецкую мову, невядома, ці ведаў польскую. У тыя часы паняцце нацыянальнасці выглядала інакш, чым цяпер. Цяпер нацыянальнасць мы атаясамліваем з мовай, на якой размаўляем. Але гэта не заўсёды правільна. Важней, з якой краінай чалавек звязвае сваё жыццё. Капернік лічыў сябе верным падданым польскага караля, ваяваў з крыжакамі, бараніў ад іх Ольштын. А цяпер можна прывесці прыклад Украіны ці Беларусі, дзе жыхары таксама часта гавораць на расійскай мове, але не лічаць сябе расіянамі, а ўкраінцамі або беларусамі. Мова не заўсёды акрэслівае нашу нацыянальнасць, яе акрэслівае тое, да якога народу мы належым.

Дзейнасць Мікалая Каперніка вельмі істотна паўплывала на далейшае развіццё прыродазнаўчых навук.

нг