Беларуская Служба

Даследчыца рэпрэсій Чарнаморцава: Супрацоўнікі КДБ казалі, што прычына затрымання – мае экскурсіі ў Курапаты

05.06.2023 15:22
35 гадоў таму ў газеце «літаратура і Мастацтва» выйшаў артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Дарога смерці», у якім расказвалася пра Курапаты – месца забойства і пахавання тысяч людзей, якія былі закатаваныя ў час сталінскіх рэпрэсій у Беларусі.
Аўдыё
  • Пагаварылі пра сімвалізм Курапатаў і персанальную адказнасць з Валерыяй Чарнаморцавай, даследчыцай рэпрэсій сталінскага перыяду, былой палітзняволенай.
  .
Крыж у Курапатах.Фота: belarus2020.churchby.info

Пагаварылі пра сімвалізм Курапатаў з Валерыяй Чарнаморцавай, даследчыцай рэпрэсій сталінскага перыяду, былой палітзняволенай.

Слухайце размову ў далучаным файле!

Урочышча Курапаты пад Мінскам – знакавае месца з’яўляецца кропкаю сутыкнення беларускай грамадзянскай супольнасці і ўладаў. Зрэшты, цяпер сутыкненне адбываецца па ўсёй Беларусі, а паслядоўнікі сталінскіх метадаў выконваюць сваю працу ў шматлікіх РАУСах, СІЗА і калоніях.

Валерыя Чарнаморцава. Валерыя Чарнаморцава.

Менавіта ў Курапатах у чэрвені 1988 года яшчэ пракуратурай БССР была адкрытая першая ў Савецкім Саюзе крымінальная справа па факце масавых расстрэлаў НКВД напрыканцы 1930-х гадоў. У матэрыялах паводле матэрыялаў гэтай справы гаварылася, што ў Курапатах НКВД расстраляла найменш 30-32 тысячаў чалавек. Незалежныя даследчыкі называюць лічбу да 100 тысяч, а першаадкрывальнік гэтага месца, вядомы палітык Зянон Пазняк у свой час назваў лічбу да 250 тысячаў. Менавіта ён прапанаваў і канцэпцыю мемарыялізацыі гэтага журботнага месца – Народны мемарыял Лес крыжоў.

– У кантэксце хрысціянскага бачання Курапаты ў пэўным сэнсе містычнае месца. Мая экскурсія называлася «Беларуская Галгофа» – гэта не толькі месца смерці, пакарання, але і сімвал у пэўным уваскрэсення нацыі. Публікацыя ў ЛіМе 3 чэрвеня 1988 года артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога смерці» мела эфект выбуху ў тагачасным беларускім грамадстве, бо пяцьдзясят гадоў гэтая тэма была пад забаронаю, – адзначае Валерыя.

Валерыя Чарнаморцава гаворыць, што Курапаты – гэта пэўны індыкатар грамадскай самасвядомасці беларускага грамадства:

«Дарэчы, мяне затрымлівалі супрацоўнікі КДБ, і яны самі казалі, што прычына затрымання – мае экскурсіі ў Курапаты, не падзеі 2020-га года. Мы павінны зразумець, што рэпрэсіі цяпер і Савецкага часу звязаныя, над камуністамі, іх ідэалогіяй, іх злачынствамі не было трыбуналу, публічнага асуджэння».

Валерыя Чарнаморцава была затрыманая восенню 2022 года, правяла за кратамі тры месяцы, а ў студзені гэтага года была асуджаная за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» на 2 гады і 6 месяцаў «хатняй хіміі», пасля чаго яна таемна з’ехала з краіны. Валерыя гаворыць, што кожнага саўдзельніка цяперашніх рэпрэсій трэба судзіць персанальна.

Як сапраўдная хрысціянская верніца Валерыя не губляе аптымізму і з усмешкаю кажа, што 35 год мы ўжо па пустыні прайшлі, засталося крыху: «Я думаю, што пэўны плён з нашай дзейнасці – і асветніцкай, і беларускай « ёсць. І, дзякуй Богу, у 2020 нешта змянілася».

вх