І тлумачыць чаму беларусы, звяртаючыся за дапамогай да псіхолага, імкнуцца не ўзгадваць сваю рэтраспектыву.
Кожны прыходзіць са сваімі цяжкасцямі, але…
Спадарыня Юля родам з Мінска, у яе псіхалагічная і педагагічная адукацыя. Як педагог, мае досвед працы з дзецьмі, а, як псіхолаг, спецыялізавалася ў спартыўнай псіхалогіі.
У Польшчы апынулася разам з мужам і сынам – мужу пагражаў крымінальны пераслед за ўдзел у акцыях пратэсту. І цяперашняя яе праца ў Цэнтры дапамогі ўцекачам з Украіны звязана з сацыяльнай дапамогай украінскім дзеткам пераважна ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў, а таксама з аказаннем псіхалагічнай дапамогі дзецям, дарослым і цэлым сем’ям.
-Насамрэч, кожны прыходзіць з сваімі цяжкасцямі, але ў агульным гэта датычыць эмацыйных перажыванняў, вельмі шмат дэпрэсіўных расстройстваў, эмацыйнага спектру расстройстваў і што характэрна – амаль ва ўсіх пацыентаў высокая трывожнасць, турботнасць, хвалюючы стан. Прычым, усё гэта не паддаецца тлумачэнню.
Першае, у чым людзі ў такім стане маюць патрэбу, паводле псіхолага, пачуццё бяспекі. Выкінутыя ў новы незнаёмы свет з чужым асяродкам і мовай яны найперш павінны знайсці жыллё і магчымасць зарабляць, каб утрымоўваць сваю сям’ю.
-Калі чалавек, уцякаючы ад вайны трапляе ў новыя жыццёвыя абставіны, асабліва, калі яшчэ з сям’ёй, у яго вялікая адказнасць перад блізкімі і трывога, страх, хваляванне за радзіму адыходзяць на другі план, на першым месцы бяспека за сям’ю, дзяцей і сябе.
Тое, што ўкраінскія дзеці распавядаюць пра вайну – немагчыма ўявіць
Што датычыць дзетак, то тут псіхолаг звяртае ўвагу на шматлікія фізіялагічныя праблемы. Паводле яе, ад перажытых бамбёжак, уцёкаў, страху вельмі часта ў дзетак парушана мочаспусканне, абвастраюцца хваробы скуры, некаторыя пачалі заікацца. І асабліва першыя групы дзяцей, якія прыбывалі ў Цэнтр дапамогі ўцекачам, шмат гаварылі пра вайну.
-Распавядалі, хто якія сірэны чуў, чым яны адрозніваліся і як часта гучалі. Некаторыя дакладна ведалі, што трэба рабіць у такіх выпадках, іншыя казалі, што трымаліся за маму, за тату ці за дзядзю, альбо за таго, хто быў побач. Знаёміліся з тымі, хто быў побач і разам уцякалі. Распавядалі пра тое, што ў першыя дні вайны цяжка было наладзіць сувязь з роднымі, асабліва з татам…
А таму, праводзячы з такімі дзеткамі заняткі, паводле псіхолага, імкнуліся пісаць лісты татам, малявалі іх, узгадвалі, як раней бавілі час разам з сваімі татамі. Усё гэта дзеля таго, каб аблегчыць іх перажыванне.
-Дзецям, як і даросламу, неабходна, каб нехта адрэагаваў на яго сітуацыю, патрэбен чалавек, які выслухае яго гісторыю. І мы, увесь калектыў, проста слухалі дзяцей таму што гэта ім дапамагала.
Праўда, слухаючы гэтыя дзіцячыя аповеды спадарыня Юля, не толькі як псіхолаг, але і, як проста чалавек, мама, не магла сабе раней уявіць, каб ад дзіцяці можна было пачуць такія гісторыі…
-Толькі дзякуючы таму, што я прафесійны псіхолаг, перажывала гэта трошкі прасцей, не так, як педагогі ў нашым калектыве. Дарэчы, усе яны акрамя мяне былі родам з Украіны і выслухаць аповеды дзяцей ім было яшчэ і таму больш складана: часам плакалі разам з дзецьмі…
Дарэчы, многія з дзетак размаўлялі толькі на ўкраінскай мове і каб змякчыць сітуацыю, што да іх звяртаюцца, да прыкладу, на польскай мове адно і тое ж слова ім тлумачылі з украінскай на беларускую і польскую мову, казалі чым яны розняцца і чым падобныя, што іх ахвотна цікавіла.
Вельмі многім дарослым украінцам патрэбна псіхалагічная дапамога
З дарослымі людзьмі, паводле псіхолага, таксама бывае зусім не проста. Зноў такі ўсё адбываецца індывідуальна, але псіхалагічныя сеансы даводзіцца праводзіць часам па некалькі месяцаў, каб чалавек мог вярнуцца да нармальнага стану.
-Ведаеце, за псіхалагічнай дапамогай звяртаюцца людзі ў самым розным узросце: ад падлеткаў, студэнтаў да 50 плюс. І ў кожнага ўсё вельмі індывідуальна. Некаторым стае адной кансультацыі, дзе яны здолеюць пачуць сябе ў камфортным стане. З некаторымі сустракаемся па некалькі разоў на месяц, а бывае, што і кожны месяц, каб спраўдзіць, як змяняецца іх псіхалагічны стан. Але псіхалагічная дапамога, з досведу адмыслоўца, патрэбна вельмі многім людзям.
Беларусы не згадваюць пра тое, што перажылі…
Нягледзячы на тое, што Цэнтр дапамогі ўцекачам разлічаны толькі на ўкраінцаў, апошнім часам з ініцыятывы спадарыні Юлі тут сталі прымаць і беларусаў.
-Нядаўна была дзяўчына, якая прайшла праз Акрэсціна, былі яшчэ некалькі асобаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. Мне, як адмыслоўцу, хутка становіцца зразумела, што псіхалагічная дапамога ім патрэбна. Аднак цікава, што ўсе яны ў размове са мной не згадваюць тое, што перажылі, а ўвесь час імкнуцца казаць пра тое, як ім жыць – як знайсці працу, бо трапілі да нядобрага працадаўцы, які іх прыніжае і мала плаціць, распавядаюць пра жыллёвыя праблемы…
Паводле псіхолага, гэта можа сведчыць аб тым, што людзі адчуваюць – іх сітуацыя яшчэ не закончаная, пагроза яшчэ можа вярнуцца і магчыма яны самі не хочуць вяртацца ў тую сітуацыю, каб не паўтараць той дыскамфорт у якім знаходзіліся.
-Часам успаміны могуць прынесці чалавеку такую шкоду, як і тое, што адбывалася за зачыненымі дзвярыма і калючым дротам. У нашай гісторыі такое ўжо было, калі ў пасляваенныя гады людзі баяліся распавядаць пра свае пакуты, бо не былі да канца ўпэўненыя, што яны больш не паўторацца.
Цікаўлюся ў спадарыні Юлі – што ў 2020-ым годзе з пункту погляду псіхалогіі перажыў беларускі народ?
Поўнага адказу на гэтае пытанне ў спецыяліста пакуль няма. Але, паводле яе, падзеі засведчылі, што беларусы ніколі не былі так адзіныя, як падчас тых падзей і гэта гаворыць пра тое, што наш народ у патрэбную хвіліну ўмее яднацца.
-І цяпер у эміграцыі добра відаць, як у беларускай дыяспары людзі імкнуцца дапамагаць адзін аднаму. І цалкам не выключана, што гэта наша нацыянальная рыса.
Спадарыня звяртае ўвагу на тое, што ў 2020 годзе праявілі сябе і беларускія псіхолагі, запатрабаванасць у іх была вялікая але, на жаль, да кожнага пацярпелага дайсці не змаглі.
-Але хачу сказаць, што насамрэч узровень адмыслоўцаў-псіхолагаў у Беларусі на даволі высокім узроўні. Паўдзельнічаўшы ў многіх навукова-практычных канферэнцыях і параўноўваючы працу польскіх псіхолагаў прыходжу да высновы, што нашы адмыслоўцы ў гэтай галіне не саступаюць калегам. Адзінае, у нашым грамадстве пакуль не прызвычаіліся свае адпаведныя праблемы вырашаць у псіхолага.
Павел ЗАЛЕСКІ
слухайце аўдыё