Беларуская Служба

Дзякуючы спецыяльнаму прыкладанню можна прайсці па слядах Варшаўскага паўстання

01.08.2023 07:00
У сталіцы ўсё яшчэ ёсць шмат слядоў тых дзён, ёсць месцы, дзе можна пазнаёміцца з гісторыяй.
Аўдыё
  • Гадавіна Варшаўскага паўстання.
    .
Варшаўская вуліца ў часы паўстання.фота: Jan Morek / Forum

1 жніўня 1944 года ў Варшаве выбухнуў узброены супраціў супраць нямецкіх акупантаў. Варшаўскае паўстанне было жорстка падаўлена, загінулі не толькі дзясяткі тысяч паўстанцаў, але і каля паўтары сотні тысяч мірных жыхароў гораду, а сама польская сталіца была цалкам разбураная. А памяць пра гераічную барацьбу жыве дагэтуль. 

79 гадоў таму Варшава паўставала двойчы. Першы раз – падчас збройнага чыну, а потым другі раз, калі яна падымалася з руін. Нягледзячы на адбудову Старога гораду, нягледзячы на сучасныя дамы і цэлыя кварталы, у сталіцы ўсё яшчэ ёсць шмат слядоў тых дзён, ёсць месцы, дзе можна пазнаёміцца з гісторыяй.

З нагоды 79-ай гадавіны Варшаўскага паўстання Нацыянальны інстытут аховы помнікаў падрыхтаваў віртуальную экскурсію «Па слядах паўстання» у рамках прыкладання MonumentApp. У ёй апісаны 63 сталічныя аб’екты, звязаныя з паўстаннем варшавянаў супраць нямецкіх акупантаў. Гэта столькі, колькі працягвалася паўстанне – 63 дні. Аўтары прыкладання стараліся як мага дакладней прадставіць гісторыю паўстання, – адзначае Клаўдыя Абрэмбска (Klaudia Obrębska) з Нацыянальнага інстытуту аховы помнікаў.

- Таму мы знойдзем як інфармацыю пра аб'екты з тых часоў, якія захаваліся дагэтуль, напрыклад, сляды па кулях на сценах будынкаў або каналізацыйны люк, праз які ўваходзілі паўстанцы, так і месцы, важныя для гісторыі паўстання, якія не захаваліся да нашых часоў. Скажам, у цэнтры Варшавы, дзе цяпер знаходзіцца Плошча Шарля Дэ Голя, тады стаяла самая буйная паўстанцкая барыкада. Я жыву ў гэтым месцы шмат гадоў, але прызнаюся, што сама пра гэта не ведала раней. А такія аб’екты, калі мы пра іх даведваемся, зусім мяняюць наш пункт гледжання, мы інакш пачынаем глядзець на свой горад.

У гэтым спісе аб’ектаў, звязаных з паўстаннем, ёсць таксама месцы, дзе адбываліся розныя любоўныя гісторыі. Наша суразмоўца кажа, што сёлета гадавіна Варшаўскага паўстання адзначаецца пад дэвізам «Каханне», таму асаблівую ўвагу аўтары звяртаюць на гісторыі кахання ў тыя часы.

- Мы знойдзем у спісе месца, дзе заключаў шлюб адзін з удзельнікаў паўстання. Знойдзем шмат інфармацыі пра маладых людзей, у тым ліку вядомых, дзе яны знаходзіліся падчас паўстання. Напрыклад, Мірон Бялашэўскі (вядомы паэт, драматург – рэд.), дзе ён прабываў, як яму ўдалося выжыць. Так што гэта позіркі з розных ракурсаў на адну і тую ж падзею.

Пры дапамозе прыкладання MonumentApp ёсць магчымасць пазнаёміцца не толькі з гісторыяй Варшаўскага паўстання. Яна дапамагае агулам лепш пазнаць гісторыю, асабліва тых месцаў, якія нам знаёмыя, дзе мы пражываем. А, як вядома, чалавек найбольш цікавіцца менавіта сваім атачэннем. Аб чым згадвае Клаўдыя Абрэмбска.

- Мы можам пазнаёміцца з помнікамі гісторыі, якія знаходзяцца непадалёк ад нас. Трэба ўключыць прыкладанне, уключыць мапу, і яна пакажа нам, якія цікавыя аб’екты знаходзяцца блізка каля нас. Можа аказацца, што мы жывем каля месца, з якім звязаная вельмі цікавая гісторыя. І можам пра яе пачытаць. Акрамя таго, пры дапамозе прыкладання можна запланаваць вельмі цікавыя экскурсіі на свабодны ад працы ці вучобы час. Мы можам пазначаць аб’екты, складваць з іх спісы месцаў, якія хочам наведаць, дзяліцца гэтымі ведамі з блізкімі, сябрамі, з якімі хочам адправіцца ў падарожжа. Акрамя гістарычных звестак, у прыкладанні мы знойдзем практычную інфармацыю – напрыклад, ці дадзены помнік могуць наведваць турысты, колькі часу прызначыць на знаёмства з ім, якія гістарычныя постаці з ім звязаныя. Мы імкнемся расказваць гісторыю помнікаў праз гісторыю людзей. Мы гаворым пра будынкі, але з кожным будынкам звязаная гісторыя канкрэтных людзей. Можа аказацца, што мы жылі ўсё жыццё ў нейкім доме, і нават не ведалі, што ў двары гэтага дома ёсць след ад ракеты, якая там упала ў часе Варшаўскага паўстання.

Карыстальнікі прыкладання могуць самі дадаваць у яго новыя звесткі, але ўсе яны правяраюцца экспертамі. Клаўдыя Абрэмска адзначае таксама, што аўтары працуюць над англамоўнай версіяй праграмы.

- Мы імкнемся, каб наш прадукт быў вельмі высокай якасці. Таму лепш крыху больш пачакаць і зрабіць нейкія рэчы крыху пазней, але каб яны адзначаліся высокай якасцю. Мы ад самага пачатку стварэння прыкладання хацелі падрыхтаваць апісанні аб’ектаў на ангельскай мове. Нам адразу гэта прыйшло ў галаву.

Карыстальнік прыкладання MonumentApp можа ствараць уласныя турыстычныя маршруты або выкарыстоўваць ужо існуючыя, напрыклад, па маршруце замкаў або габрэйскай спадчыны. Даклад, падрыхтаваны па замове Нацыянальнага інстытуту аховы помнікаў, паказвае, што толькі 32% рэспандэнтаў станоўча ацэньваюць свае веды аб помніках гісторыі. Прыкладанне дазваляе гэтыя веды значна пашырыць.

нг