Беларуская Служба

«Свабодная Беларусь» будзе выдаваць свае пашпарты

09.08.2023 09:45
Беларуская апазіцыя спрачаецца на конт спосабу звяржэння рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Ілюстрацыйны здымакY:Likhtarovich

Праз тры гады пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і выбуху найбуйнейшых грамадскіх пратэстаў у гісторыі Беларусі рэжым Аляксандра Лукашэнкі надалей трымаецца. Больш за паўтары тысячы палітвязняў, больш за дзясятак забітых і даведзеных да смерці ў «нявысветленых абставінах», захоплены пасажырскі самалёт, справакаваны міграцыйны крызіс на мяжы з Польшчай і краінамі Балтыі, напад на Украіну з тэрыторыі Беларусі, разгортванне расійскіх войскаў і тактычнай ядзернай зброі, перакідванне ў Беларусь некалькіх тысяч расійскіх наймітаў з Групы Вагнера – гэта толькі частка «дасягненняў» Аляксандра Лукашэнкі за апошнія тры гады, нагадвае Rzeczpospolita.

Аднак беларуская дэмакратычная апазіцыя не здаецца. Надоечы падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве ейныя прадстаўнікі прэзентавалі новыя беларускія пашпарты. Дакументы першапачаткова атрымаюць асобы, якім улады пагражаюць пазбаўленнем грамадзянства. Таксама было абвешчана, што пасля звяржэння Лукашэнкі Беларусь будзе імкнуцца ўступіць у Еўрасаюз і была заяўлена поўная падтрымка ўкраінскага народу ў барацьбе з расійскай агрэсіяй.

«Чалавек жыве, пакуль у яго ёсць мары. Наша мара – гэта дэмакратычная, незалежная Беларусь, якая робіць еўрапейскі выбар», – сказаў у размове з выданнем былы беларускі дыпламат і міністр культуры, а сёння намеснік Святланы Ціханоўскай ва ўрадзе ў выгнанні Павел Латушка. Ён пераконвае, што пасля звяржэння дыктатара Беларусь адмовіцца ад усіх раней заключаных дамоваў з Расіяй.

У сваю чаргу прадстаўнік Беларускага палка Каліноўскага, які ваюе на баку Украіны, Павел Кухта, выступаючы ў Варшаве, раскрытыкаваў дзейнасць беларускіх апазіцыйных сілаў у ЕС, заклікаў аб’яднацца вакол добраахвотнікаў, якія ваююць з Расіяй і пераконваў, што без узброенай барацьбы немагчыма зрынуць дыктатара.

«Я перакананы, што гэта ўтопія. Трэба дзейнічаць інакш, размаўляць з беларускімі вайскоўцамі, імкнуцца да сацыяльнага дыялогу. Грамадзянская вайна азначала б канец для нашай нацыі», – кажа ў сваю чаргу палкоўнік Валерый Сахашчык, цяпер «міністр абароны» ва ўрадзе ў выгнанні. «Калі мы здолеем аб’яднацца, спынім спрэчкі і інтрыгі ў дэмакратычным руху, тады ў нас будзе шанец на змены ў нашай краіне. Інакш нічога не атрымаецца», – перасцерагае палітык у размове з газетай Rzeczpospolita.

аз

У Варшаве адбыўся адкрыты дыялог дэмакратычных сілаў Беларусі

07.08.2023 12:45
У польскай сталіцы прайшла канферэнцыя «Новая Беларусь 2023», каб абмеркаваць вынікі дзеянняў дэмсіл за прайшоўшы год.