Паводле звестак Еўрастата, са жніўня 2022 года па чэрвень гэтага года колькасць зарэгістраваных бежанцаў у Польшчы скарацілася больш чым на 350 тысяч чалавек, а ў Германіі – павялічылася больш чым на 410 тысяч. Так, найбольшую колькасць зарэгістраваных грамадзян Украіны ў Еўропе мела Германія – мільён сто тысяч чалавек, а Польшча – амаль 975 тысяч.
Дырэктар Цэнтру даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту прафесар Ян Маліцкі зазначыў, што значная колькасць уцекачоў, якія засталіся ў Польшчы, – гэта прафесійна актыўныя людзі.
Прафесар Марыюш Кавальскі з Цэнтру даследаванняў Усходняй Еўропы сказаў, што адток уцекачоў зʼяўляецца натуральным працэсам. «Варта радавацца з эканамічнага пункту гледжання, што значная частка гэтых уцекачоў хоча застацца ў Польшчы. І гэта заўважная тэндэнцыя, што, нягледзячы на лепшыя ўмовы ў плане заробку ў Нямеччыне ці іншых краінах, ёсць украінцы, якія выбіраюць застацца ў Польшчы», – сказаў прафесар Марыюш Кавальскі.
Намеснік дырэктара Польскага эканамічнага інстытуту Анджэй Кубісяк (Andrzej Kubisiak) заявіў, што паміж еўрапейскімі краінамі існуе канкурэнцыя за ўцекачоў вайны з Украіны з-за дэмаграфічнай сітуацыі і недахопу працоўных рук на рынку працы. Найбольшая колькасць людзей, якія пакінулі краіну пасля нападу Расіі на Украіну, цяпер знаходзіцца ў Германіі, на другім месцы – Польшча, а ў пераліку на колькасць жыхароў лідзіруе Чэхія.
Анджэй Кубісяк сказаў, што Польшча, Нямеччына і Чэхія характарызуюцца нізкім узроўнем беспрацоўя і недахопам кадраў. Нямецкі рынак працы няпросты для мігрантаў з-за культурных адрозненняў, палітычнай напружанасці і аслаблення эканомікі:
«Прагнозы Міжнароднага валютнага фонду паказваюць на рэцэсію ў Германіі, напэўна, самую глыбокую сярод усіх краін еўразоны», – сказаў эксперт.
Анджэй Кубісяк таксама звярнуў увагу на палітычную палярызацыю ў Германіі і рост антыімігранцкіх настрояў у нямецкай грамадскай дыскусіі. «Гэта не такая простая гісторыя, што там вышэйшая заработная плата і гэта вырашае ўсю праблему», – адзначыў ён.
Анджэй Кубісяк заявіў, што краіны, якія прымаюць бежанцаў з Украіны, разлічваюць на іх інтэграцыю і актыўнасць на рынку працы. Такім чынам, ёсць занепакоенасць адтокам некаторых бежанцаў. «Сёння мы занепакоеныя тым, што патэнцыйна марнуем гэтую эканамічную магчымасць. З іншага боку, давайце памятаць, што ўцекачы з вайны не зʼяўляюцца класічнымі эканамічнымі мігрантамі», – сказаў Анджэй Кубісяк.
Больш за палову бежанцаў з Украіны пераехалі з Польшчы ў Германію на працягу першых трох месяцаў знаходжання ў нашай краіне.
Амаль 40 працэнтаў бежанцаў, якія выехалі ў Германію, не плануюць вяртацца ў Польшчу, 13 працэнтаў хочуць вярнуцца ў нашу краіну. Амаль палова не вызначылася. Яны могуць разгледзець пытанне аб вяртанні пры ўмове, што знойдуць здавальняючую працу, павялічаць свае заробкі ў Польшчы або пацерпяць прафесійныя няўдачы ў Германіі.
Даследаванне паказвае, што найбольшы ўплыў на рашэнне бежанцаў пераехаць з Польшчы ў Нямеччыну меў сацыяльны чыннік – наяўнасць сяброў і знаёмых у Нямеччыне (43%). Гэта супадае з папярэдняй тэндэнцыяй эканамічнай міграцыі грамадзян Украіны, дзе галоўным матыватарам выбару краіны пражывання ў эканамічных мэтах былі рэкамендацыі сяброў.
Важную ролю ў рашэнні пераехаць з Польшчы ў Германію для бежанцаў адыгралі і матэрыяльныя пытанні: больш прывабныя сацыяльныя выплаты ў Германіі (42%), магчымасць назапашвання большых зберажэнняў (38%) і прапановы працы з больш высокім заробкам (27%).
Даследаванне, было праведзена міграцыйнай платформай EWL і Цэнтрам усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту па замове прэмʼер-міністра.
IAR/РАР/вх