У гэтыя дні па традыцыі памінаюць людзей, якіх няма ўжо ў жывых. 30 кастрычніка – Дзень памяці мільёнаў асоб, якія трапілі пад каток сталінскіх рэпрэсій. Беларусы таксама ладзяць вечарыны памяці расстраляных прадстаўнікоў інтэлігенцыі. На жаль, у Беларусі надалей няма поўнага спісу ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, улады краіны не спрыяюць, а наадварот, часта замінаюць працы гісторыкаў у гэтым абшары.
Журналіст Ігар Станкевіч – нашчадак рэпрэсаваных беларусаў, ужо некалькі дзясяткаў гадоў ён займаецца даследаваннем гісторыі масавых рэпрэсіяў, стварыў базу дадзеных пра рэпрэсаваных, працаваў у архівах Беларусі і Расіі. Пасля выбараў 2020 года яму прыйшлося з’ехаць з Беларусі па палітычных прычынах. Даследчык не спыніў сваёй працы па вывучэнні гісторыі тэрору, хаця ён адзначае, што цяпер гэта складаней рабіць.
- Ёсць пэўныя абмежаванні. Калі я быў у Беларусі, я мог збіраць людзей, мы стваралі «Мемарыял», я мог даваць абвесткі ў медыя. Цяпер гэта немагчыма, але праца будзе працягвацца. Я сустрэўся з прадстаўніком аднаго з польскіх інстытутаў, беларусам, які кажа, што тут знаходзіцца вялікі масіў спраў з КДБ, якія былі сфатаграфаваныя ў 90-ыя гады, яны неапрацаваныя, з імі можам працаваць. Ёсць шмат дакументаў у Інстытуце Нацыянальнай Памяці. І хацелася б вярнуцца да тых спраў, якія мы не дарабілі ў Беларусі, гэта стварэнне мапы месцаў расстрэлаў, утрымлівання людзей, высылак.
Перад беларусамі яшчэ доўгі шлях па вывучэнні гісторыі, пакуль мы дойдзем да такога ўзроўню, як палякі. Трэба пачынаць з вывучэння гісторыі не краіны, а ўласных сем’яў, сваіх каранёў. Калі ты паглыбляешся ў гісторыю, паўстаюць пытанні: а чаму знік чалавек, чаму яго расстралялі, чаму выслалі, чаму пазбавілі маёмасці, зямлі (тое, што цяпер у Беларусі адбываецца). І тады чалавек пачынае паглыбляцца ў гісторыю, не ў тую, якую нам прапагандуюць, а ў тую, якую сапраўды перажывалі ягоныя продкі. Звесткі па радаводзе можна збіраць, нават не выходзячы з дому, сёння тэхналогіі дайшлі да таго, што архіўныя дакументы пераводзяць у лічбу, можна іх знайсці ў інтэрнэце. Ёсць абмежаванні па архівах КДБ, яны хаваюць сляды сваіх злачынстваў, але ёсць база рэпрэсаваных. На жаль, праца па даследаванні сталінскіх рэпрэсій не была зробленая. Мы не аплакалі ахвяраў, не паставілі ім помнікі, не ўшанавалі іх.
Слухайце поўную гутарку ў далучаным гукавым файле
нг