Беларуская Служба

Польскія падлеткі штодзённа праводзяць у інтэрнэце па 5-6 гадзін

02.01.2024 19:15
Акрамя таго, дзеці раней, чым калісьці, атрымліваюць магчымасць уваходзіць на сайты.
Аўдыё
  • Падлеткі ў віртуальнай прасторы - даклад.
.
Ілюстрацыя.Фота: Pixabay.com

Нядаўна ў Польшчы быў агучаны даклад пад назваю «Падлеткі 3.0», падрыхтаваны даследчым інстытутам (NASK), які дзейнічае пры польскім Міністэрстве лічбавізацыі. Аўтары справаздачы правялі аналіз актыўнасці маладых людзей у інтэрнэце. 

Справаздача, падрыхтаваная экспертамі, паказвае, што ў Польшчы моладзь цяпер значна даўжэй карыстаецца інтэрнэтам, чым некалькі гадоў таму. Актыўнасць падлеткаў у сеціве вырасла амаль на адну гадзіну ў параўнанні з апытаннем 2020 года. Маладыя людзі карыстаюцца інтэрнэтам у сярэднім звыш пяці з паловай гадзін у працоўныя дні, а ў выходныя – больш за шэсць гадзін у дзень. Акрамя таго, дзеці раней, чым калісьці, атрымліваюць магчымасць уваходзіць на сайты. Раней электронныя гаджэты (планшэты, мабільнікі) школьнікі атрымлівалі, як правіла, у падарунак на першую камунію (у 9 гадоў), цяпер жа імі карыстаюцца ўжо ў першым класе пачатковай школы, у 7 гадоў.

У дакладзе «Падлеткі 3.0» ідзе гаворка між іншым пра розныя пагрозы, якія чакаюць маладых людзей у віртуальным свеце. Аб гэтым у Чацвёртай праграме Польскага радыё расказаў Матэвуш Мрозэк (Mateusz Mrozek) з даследчага інстытуту NASK.

У інтэрнэце нас чакаюць тыя ж небяспекі, што і ў рэальным жыцці, плюс тыя, што з'явіліся з развіццём віртуальнай прасторы. Адна з найбольш сурʼёзных – празмерная стымуляцыя. Малады чалавек атрымлівае шмат стымулаў. Перш за ўсё гэта інфармацыя, якая падказвае, як ён павінен выглядаць. Асноўная форма агрэсіі ў інтэрнэце, з якой сустракаюцца маладыя, датычыць знешнасці. Гэта стэрэатыпныя погляды на тое, як мы павінны выглядаць – якія мець памеры цела, колькі важыць і г.д. Любыя адхіленні ад гэтай нерэальнай нормы выклікаюць пэўныя псіхалагічныя наступствы. Моладзь бунтуецца супраць ранейшых аўтарытэтаў, шукае новыя, часта сярод равеснікаў.

Каля адной трэцяй апытаных падлеткаў сказалі, што яны ніколі не сустрэліся з хейтам у сеціве. Гэта добрая інфармацыя. Аднак эксперты звяртаюць увагу на тое, што ўсё больш людзей на пытанне, ці яны сустрэліся з хейтам у інтэрнэце, адказваюць «не ведаю». Гэта значыць, што пры вялікім патоку інфармацыі, якую моладзь атрымлівае з сеціва, многія яе прадстаўнікі не ў стане адрозніць нармальны кантэнт ад такога, які нясе нейкую дозу насілля.

Пры гэтым, удзельнікі даследавання заяўляюць, што, шукаючы інфармацыю, яны не робяць гэтага бяздумна. Яны правяраюць кантэнт, знойдзены ў інтэрнэце. 60% маладых людзей правяраюць крыніцы. Такім чынам, адукацыя паводзінаў у сеціве дае рэальныя эфекты. Такую адукацыю праводзяць, між іншым, школы ў Польшчы, а таксама іншыя адукацыйныя ўстановы, як даследчы інстытут NASK.

Матэвуш Мрозэк кажа, што здаровае карыстанне віртуальнай прасторай можна параўнаць з карысным харчаваннем – чым больш увагі гэтаму прысвячаюць пры нагодзе розных адукацыйных урокаў, тым лепшая свядомасць людзей, але гэта не значыць, што яны змогуць цалкам адмовіцца ад шкоднага харчавання, таксама, як ад сеціва. Скажам, большасць ведае, што лепш не карыстацца мабільнікам перад сном, паколькі блакітнае святло пагаршае сон, але і так часам карыстаюцца, таксама, як часам ядуць гамбургеры.

- Гэта трэба тлумачыць і нагадваць, каб мы ўсе ведалі, што можна купіць гамбургер, але гэта звязана з пэўнымі наступствамі. Аднак найгоршае, што мы можам спрабаваць зрабіць, гэта перабудоўваць кіберпрастору. Некаторым здаецца, што яны могуць кантраляваць сеціва, але гэта няпраўда. На жаль, гэта факт, што раней мы баяліся за дзяцей, пакідаючы іх без нагляду на панадворку, а сёння большая пагроза чакае іх ва ўласнай хаце пры іх уласным стале. Бацькі мяркуюць, што магчыма абмежаваць час карыстання інтэрнэтам, так, як калісьці іх бацькі абмяжоўвалі ім прагляд тэлепраграмаў. Але яны, як правіла, не ведаюць, як гэта зрабіць. Акрамя таго, бацькі і дзеці інакш успрымаюць час, які моладзь праводзіць у сеціве. Бацькі кажуць пра адну-дзве гадзіны ў дзень, а дзеці, на жаль, шчыра згадваюць пра пяць-шэсць гадзін.

Карыстаючыся інтэрнэтам, моладзь сутыкаецца з рознымі праблемамі. На працягу многіх гадоў галоўнай праблемай быў хейт, агрэсія, але таксама нізкая самаацэнка, звязаная з мноствам здымкаў «ідэальнага свету», на які немагчыма раўняцца. Цяпер жа, як гаворыць Матэвуш Мрозэк з даследчага інстытуту NASK, адной з асноўных праблем стала празмерная колькасць стымулаў, якія заліваюць маладых людзей у сеціве.

Czwórka PR Piotr Firan

нг