Айцец Міхал Рапач, мучанік часоў камунізму і святар Кракаўскай архідыяцэзіі, будзе залічаны да ліку благаслаўлёных. Ён быў забіты з-за нянавісці да веры ў Плоках, што ў Кракаўскай архідыяцэзіі, у 1946 годзе.
Прэс-сакратар кракаўскай курыі ксёндз Лукаш Міхальчэўскі падкрэслівае, што гэта быў руплівы святар, які служыў вернікам, і таму не спадабаўся камуністам:
-Ён падтрымліваў людзей у пасляваенны час, 40-50-ыя гады. Гэта быў цяжкі час, панавала беднасць. Святар з гэтымі людзьмі маліўся, аказваў дабрачынную дапамогу. Ён выступаў супраць кепскаму стаўленню да людзей з боку ўладаў. За гэта яго сустрэла пакутніцкая смерць. За тое, што быў побач з людзьмі, маліўся з імі, дапамагаў.
11 траўня 1946 году перад поўначчу група з дзясяткаў узброеных людзей, выдаючы сябе за партызан, уварвалася ў кватэру ксяндза Рапача і вывела святара.
Як адзначае ксёндз Лукаш Міхальчэўскі, той ноччу ён загінуў мучаніцкай смерцю, таму будзе ўзнесены на алтар як мучанік:
-Яго папярэджвалі, каб ён уцякаў з парафіі, бо яго заб'юць. Ён, нягледзячы ні на што, застаўся, сказаў, што пастух не пакідае сваіх авечак. Ноччу яго выцягнулі з плябаніі. Сведкі расказвалі, што яго цягнулі вакол касцёла, гэтым самым насміхаючыся з працэсіі. Потым яго зацягнулі ў лес і забілі. Гэта апісанне адной з найгоршых пакутніцкіх смерцяў.
Рашэнне Папы аб прызнанні гераічных цнотаў адкрывае шлях да абвяшчэння ксяндза Міхала Рапача благаслаўлёным.
Айцец Міхал Рапач, як пробашч у Плоку, падчас акупацыі прамаўляў пропаведзі чыста рэлігійнага зместу і падтрымліваў настрой людзей. Па меры сіл аказваў і матэрыяльную дапамогу тым, хто быў у патрэбе.
Падчас вайны ксёндз Рапач супрацоўнічаў з Арміяй Краёвай, а пазней дапамагаў жаўнерам, якія хаваліся ад службаў бяспекі. Ён не змірыўся з пасляваеннай рэчаіснасцю. Ён смела казаў, што думае пра яе. Перад будучым рэферэндумам камуністы ўзмацнілі тэрор. Айцу Рапачу ўсё часцей паступалі пагрозы.
Ён быў забіты 11 траўня 1946 года, а яго цела было знойдзена наступнай раніцай. У сувязі з невыяўленнем зламыснікаў расследаванне гэтай справы спынена. Яе праводзіў супрацоўнік Бюро бяспекі, цяпер абвінавачаны ва ўдзеле ў забойстве кракаўскага актывіста Нарцыза Вятра Завойны. Матэрыялы справы не захаваліся.
Цела святара было пахавана ў яго роднай парафіі, затым эксгумавана і перавезена на могілкі побач з касцёлам у Плоках.
ав/фота: Кракаўская архідыяцэзія
слухайце аўдыё