Урокі дзеда па-беларуску
Міхал Бешчынскі нарадзіўся ў Гожуве Вялікапольскім. Яго мама беларуска, хаця нарадзілася ў Польшчы, а тата – паляк. На працягу апошніх дзесяці гадоў малады чалавек сам вывучае беларускую мову, чытае беларускую літаратуру і беларускія парталы, піша словы для сваіх песень на беларускай мове… Ён ніколі не быў у Беларусі, але адчувае сябе беларусам.
Дзядуля быў сапраўдным беларусам
Міхал – малады чалавек, скончыў універсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані, працуе ў тэатры гукарэжысёрам. Па праўдзе, я ў нейкай разгубленасці, сустрэўшыся з ім, паколькі, пачуўшы яго беларускую мову, разумею, што такіх самародкаў, тым больш на самым захадзе Польшчы, ніколі раней не сустракаў.
Ён ветліва ўсміхаецца, а я першае, што прашу - проста распавесці аб яго беларускім паходжанні.
- Мае дзядуля і бабуля з Беларусі. Яны прыехалі сюды пасля Другой сусветнай вайны. Дзядуля прыехаў з Клецку, а бабуля з Пінскага раёну – яна паляшучка. І мая беларусізацыя пачалася ад дзядулі, бо гэта ён мяне вучыў падставовай беларускай мове, адкрыў для мяне беларускую культуру. Ён выдатна размаўляў па-беларуску, прычым, на працягу ўсяго свайго жыцця і гэта была яго першая мова, а не польская. Таму я адчуваю сябе беларусам.
Міхал прызнаецца, што ў яго сям’і ні сястра, ні брат яго мамы, ні нават сама мама не размаўляюць па-беларуску. А яго ў дзяцінстве вельмі зацікавілі дзедавы аповеды на мілагучнай мове з цікавым акцэнтам. Ён згадвае, што ўрокі дзеда пераважна заключаліся ў яго аповедах, ён вельмі цікава распавядаў і перакладаў унуку незразумелыя словы, часта жартаваў.
Што датычыць бабулі, то яе мова была з палескім дыялектам, але яна, паводле Міхала, шмат не магла ведаць, бо прыехала ў Польшчу малым дзіцём.
- Мне была вельмі цікавай беларуская культура і мне было вельмі лёгка атаясамлівацца з культурай беларускай і з гісторыяй. Гісторыя Беларусі, так можна сказаць - гэта заўсёды барацьба за свабоду. І мне гэта вельмі падабалася і натхняла.
Мяне вельмі цікавіла беларуская культура
Сталеючы, Міхал самастойна пачаў працягваць дзедаву адукацыю, хаця ў прынцыпе нідзе не мог яе прымяніць.
- Пачаў чытаць артыкулы на парталах кшталту “БЕЛСАТ”, “Будзьма”, “Годна” і г.д.. Глядзеў таксама фільмы. Мяне вельмі цікавіла культура і толькі тут я мог нешта пра яе знайсці. Акрамя гэтага, проста імкнуўся чытаць па-беларуску, нават калі мяне гэта не вельмі цікавіла, але такім чынам даведваўся больш беларускіх словаў.
- А літаратура, магчыма вам спадабаліся беларускія пісьменнікі, музыка…
- Калі казаць пра пісьменнікаў, то я не шмат прачытаў у жыцці беларускіх кніжак. Спрабаваў чытаць Быкава, Дуніна Марцінкевіча. А што датычыць музыкі – слухаў шмат НРМ, Вольскага, гурт “Нюрнберг” зрабіў на мяне вялікі ўплыў. Я шмат чаго слухаў, калі гэта было па-беларуску, бо мне было цікава.
Асаблівую цікавасць выклікала ў Міхала гісторыя Беларусі.
- Я шмат чытаў пра гісторыю Беларусі, асабліва пра Вялікае княства, пра тую культуру, якая панавала тады на тых землях, аб тым, як яна пачала занікаць праз маскальскія ўплывы. Але яна заўсёды была блізкай для мяне. І таму што яна вельмі блізкая да польскай культуры, а па-другое, у нашым раёне Польшчы дагэтуль жывуць шмат людзей, якія некалі прыехалі адтуль. І шмат гэтай культуры ў іх дагэтуль ёсць, многія старэйшыя людзі памятаюць сваю мову, толькі вось за пэўны час усе асіміляваліся. Да прыкладу, мая мама цалкам спаланізаваная і па прафесіі настаўніца польскай мовы. Хаця цяпер займаецца адукацыйнымі праектамі ў адным з фондаў і нават арганізоўвала летась Дзень Вольнай Беларусі ў Гожаве. На мерапрыемстве прысутнічаў Павел Латушка.
У мяне з’явіліся новыя сябры – беларускія эмігранты
Добрым падспор’ем у вывучэнні мовы стаў час пасля 20-га году, калі ў Познані з’явілася шмат беларускіх эмігрантаў. У Міхала з’явіліся беларускія сябры і амаль кожны дзень ён цяпер змог размаўляць з імі на беларускай мове. Дарэчы, беларускія сябры Міхала таксама ганарацца ім і кажуць, што гэта будучая беларуская музычная зорка. Дарэчы, Міхал з’яўляецца часткай музычнага беларускага лэйблу “МЫ”, які стварылі якраз беларускія эмігранты.
Цікаўлюся ў Міхала – дзе ён выкарыстоўваў свае веды беларускай мовы?
- Да таго часу, пакуль не пазнаёміўся тут з сябрамі з Беларусі, то практычна карыстаўся ёй толькі сам. Праўда, зрэдку пісаў нешта ў інтэрнэце, хаця, не часта.
- Міхал, а вы, калі вывучалі мову, хацелі паехаць у Беларусь, паглядзець? Вы былі хоць раз там?
- Ніколі там не быў, на жаль. Але вельмі хацеў. У мяне атрымалася так, што калі я збіраўся туды, то там пачаліся пратэсты. Потым я збіраўся ва Украіну, але там пачалася вайна. Цяпер нічога не планую, але вельмі хачу паехаць.
Я музыкант, пішу песні па-беларуску
- А раскажыце трошкі пра сябе. Чым вы займаецеся?
- Я музыкант, пішу песні па-беларуску ў жанры пост-панку. Мой праект называецца “Афіцына”. Я пачаў пісаць па-беларуску песні тры гады таму. Мне беларуская мова здавалася вельмі добрай для жанру пост-панку. Яна такая старажытная, гучыць вельмі па-славянску. Я пакуль не вельмі дасканала валодаю ёю, а таму імкнуся пісаць кароткія тэксты. Натхненнем мне служаць польскія музыканты пост-панку 80-х гадоў, такія гурты, як “Сякера” ці “Брыгада крызіс”.
Паводле майго суразмоўцы, яму вельмі хочацца, каб у свеце было больш беларускай музыкі ў розных жанрах. Ён лічыць, што зараз замала беларускіх музыкантаў, бо патэнцыял беларускай культуры значна шырэйшы.
Беларусь для мяне - краіна кантрастаў
Цікаўлюся ў Міхала – што ён думае пра беларусаў, калі пабачыў іх у эміграцыі?
- Для мяне яны вельмі прыемныя, цікавыя людзі. І мне цяпер цяжка зразумець, што могуць быць іншыя беларусы, якіх я ніколі не бачыў, але якія там жывуць і падтрымліваюць рэжым.
- А якой вы наагул уяўляеце сабе Беларусь?
- Для мяне гэта краіна кантрастаў. Адначасова напэўна постсавецкая і адначасова фалькларыстычная, натуралістычная, дзе шмат прыроды і ўсяго зялёнага. Але адначасова, што там шмат старых хрушчовак. У той самы час, я мяркую, што яна вельмі цікавая і хацеў бы там пабываць. Мой дзед, калі там жыў, было цяжка, вайна, але для яго гэта заўсёды была краіна мараў.
Павел ЗАЛЕСКІ