Беларуская Служба

Новыя ўлады Польшчы абралі іншую стратэгію выхаду з дэмаграфічнай ямы, чым папярэднія

13.02.2024 19:45
Фокус на пытаннях насельніцтва ў шырокім сэнсе, а не толькі нараджальнасці.
Аўдыё
  • Дэмаграфічны крызіс у Польшчы.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/Andrii Yalanskyi

У Польшчы паглыбляецца дэмаграфічны крызіс. У мінулым годзе нарадзілася толькі 272 тысячы дзяцей – гэта прыкладна на 33 тыс менш, чым годам раней. І, на жаль, прагнозы на будучае даволі песімістычныя. Новы ўрад распрацоўвае захады, якія павінны заахвоціць маладых жыхароў краіны прымаць рашэнне пра бацькоўства.

З кожным годам дзяцей нараджаецца ўсё менш, сітуацыю яшчэ больш пагоршылі пандэмія і вайна ва Украіне. Калі людзі не маюць упэўненасці ў заўтрашнім дні, яны па зразумелых прычынах адкладваюць рашэнне завесці дзіця на нейкую неакрэсленую будучыню.

Кіроўныя эліты краіны ламаюць сабе галовы, якім чынам можна змяніць негатыўную тэндэнцыю. Папярэдні ўрад увёў праграму «500+», якая стала ўжо «800+» з новага года. На жаль, раздаванне грошай не паўплывала на паляпшэнне нараджальнасці. Новы ўрад ідзе іншым шляхам – прэм’ер-міністр Дональд Туск робіць фокус на жанчын, якія хацелі б вярнуцца на працу пасля нараджэння дзіцяці. Меркаваннем уладаў, яны павінны быць упэўненыя, што іх працоўнае месца не будзе занятае, што ім будзе куды вярнуцца. А дзеля гэтага неабходна вяртацца як мага хутчэй.

Урад паставіў перад сабою задачу, каб да канца яго паўнамоцтваў былі створаныя месцы апекі для ўсіх дзяцей да трох гадоў. Клопат пра малых дзяцей ды іх мам з’яўляецца адным з элементаў больш шырокага плану, які павінен дапамагчы Польшчы пераадолець дэмаграфічны калапс. Такую мэту абрала Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі.

Намесніца міністра сям’і Аляксандра Гаеўска (Aleksandra Gajewska) паведаміла, што ўрад будзе блізка супрацоўнічаць з экспертамі. У выніку гэтай супрацы, а таксама стварэння спецыяльнай Рады сямейнай палітыкі, урад падрыхтуе такія рашэнні, якія прынясуць станоўчы рэзультат у доўгатэрміновай перспектыве.

- Мы хочам, каб дзейнасць гэтай рады была сфакусаваная не толькі на пытаннях нараджальнасці, але таксама на пытаннях насельніцтва ў больш шырокім плане. У ранейшай дэмаграфічнай стратэгіі дзяржавы не хапала гэтага аспекту. На маю думку, гэта вялікі прабел, над якім неабходна працаваць, але трэба працаваць, маючы адпаведныя веды і досвед. Гэтыя веды маюць эксперты, якія дагэтуль не бралі ўдзелу ў дадзенай дзейнасці.

Важны элемент праграмы – пашырэнне магчымасцяў дзяржаўнай апекі над малымі дзецьмі да трэцяга года жыцця. На дадзены момант шмат гмін па ўсёй Польшчы не маюць такой апекі. Гэта яслі або іншая ўстанова, якая бярэ на сябе задачу па доглядзе за дзіцём, калі мама ідзе на працу. Па словах віцэ-міністаркі, гэтыя «белыя плямы» на мапе краіны неабходна ліквідаваць.

- Раней, калі я была старшынёй парламенцкай камісіі, якая займалася пытаннямі апекі над малымі дзецьмі, я наведала між іншым Падляскае ваяводства, Люблінскае. На сустрэчах ішла гаворка пра тое, на колькі вялікія патрэбнасці і задачы стаяць перад намі. Мы размаўлялі з прадстаўнікамі муніцыпальных органаў, не толькі ў вялікіх гарадах, але таксама ў малых гмінах, якія казалі пра канкрэтныя патрэбы. Мы паставілі перад сабою вельмі амбітныя задачы, што ў гэтых канкрэтных шасцістах пяцідзесяці гмінах неабходна знайсці магчымасці апекі над малымі дзецьмі. Мы будзем рыхтаваць праграму, якая дазволіць нам гэтую мэту дасягнуць. Гэта канкрэтная задача, якую трэба ажыццявіць да канца тэрміну паўнамоцтваў – каб у кожнай гміне была апека над малым дзіцём. Акрамя таго, я б вельмі хацела, гэта сапраўды важна для мяне, каб апека была высокай якасці. Каб бацькі былі перакананыя, што якасць апекі – на самым высокім узроўні, яна адказвае высокім стандартам.

Новая ўлада памяняла прыярытэты. Калі партыя «Права і справядлівасць», кіруючы краінай, уводзіла прынцыпы, якія заахвочвалі жанчын заставацца дома з дзецьмі, дык цяпер кіроўная кааліцыя прызнае, што яна імкнецца да рашэнняў, якія дазволяць маці лягчэй вярнуцца на працоўны рынак. Адзін з элементаў гэтай сістэмы – магчымасць атрымаць фінансавую падтрымку ад дзяржавы, якую можна будзе прызначыць на аплату працы нават бабулі дзіцяці, якая будзе ім апекавацца, калі мама вернецца на працу. Гэтую дапамогу ў памеры 1,5 тысячы злотых назвалі «babciowe» – «бабуліна». Пакуль што невядомыя ўсе прынцыпы праграмы, вядома толькі, што мама павінна зарабляць не менш за мінімальную заработную плату.

- Гэта павінна дапамагчы жанчынам у іх прафесійнай актыўнасці, каб ім ніколі ўжо не прыходзілася выбіраць – праца ці дзіця. Наша задача – даць магчымасць, але мы, зразумела, паважаем кожнае рашэнне. На маю думку, доступ, магчымасць – гэта тое, што павінна гарантаваць дзяржава.

Сказала віцэ-міністр сям’і Аляксандра Гаеўска. Нагадаем, у Польшчы ўжо 30 гадоў назіраецца дэмаграфічная дэпрэсія. Гэта азначае, што нараджаецца менш дзяцей, чым памірае жыхароў краіны за той жа перыяд часу.

Aneta Pawłowska-Krać/нг


Беларускі на другім месцы сярод жанчын-іншаземак, якія нараджаюць дзяцей у Польшчы

13.02.2024 13:35
Замежныя жанчыны нараджаюць усё больш дзяцей у Польшчы. Найперш размова пра ўкраінак і беларусак.