Беларуская Служба

Беларускі эмігрант: «Не ведаю, ці хачу жыць у Беларусі, але на суд над лукашызмам прыеду. Мне ёсць што сказаць…»

03.03.2024 18:00
Ён ніколі ў жыцці не ўяўляў, што давядзецца ўцякаць з радзімы ў іншую краіну і жыць у эміграцыі.
Аўдыё
  • Міхаіл хоча дачакацца суда над лукашызмам.
ІлюстрацыяInactive_account_ID_249/pixabay.com/CC0 Public Domain

Ён быў двойчы асуджаны за ўдзел у пратэстах. Заплаціў штраф, адбыў 15 сутак і своечасова з’ехаў у Польшчу ад крымінальнага пераследу. Прайшоў нялёгкі шлях на чужыне. Лукашызму дараваць не збіраецца…

Пасля ўбачанага не мог заставацца дома

Міхаіл па адукацыі інжынер-будаўнік, скончыў сталічны ўніверсітэт і працаваў канструктарам у праектных арганізацыях. Ужо ў самым пачатку нашае гутаркі суразмоўца прызнаецца - Раптам пачуліся выбухі, страляніна, ляцелі гранаты. Калі мы пачалі адыходзіць, то гранаты ляцелі нават у вокны дому. Памятаю, што там быў магазін “Багатыр”. Я чуў звон разбітага шкла і крыкі людзей з дому. Я налічыў каля сотні тых выбухаў і стрэлаў. Былі параненыя сярод тых, хто пратэставаў.

Цікаўлюся ў Міхаіла – што ён адчуваў у тыя хвіліны?

- Тая ноч і наступныя дні для мяне былі кашмарам, бо я не спыняўся, працягваў пратэставаць, нам даводзілася ўцякаць ад АМАПу, на нас рабілі засады. Але пачуццё пратэсту было мацнейшае і я не мог сядзець дома, не мог чакаць, не мог быць абыякавым. У мяне была патрэба – пратэставаць.

Упершыню паглядзеў у вочы амапаўцу… Там нічога не было

А пазней, калі стала вядома пра смерць Аляксандра Тарайкоўскага - гэта Міхаіла моцна ўзрушыла. Ён згадвае, як пазней АМАП разганяў людзей ад стыхійна ўзнікшага мемарыялу на месцы гібелі Тарайкоўскага. Менавіта там і яго маглі забраць у аўтазак, але ўдалося гэтага ўнікнуць. Праўда, тады, як згадвае суразмоўца, упершыню твар у твар сутыкнуўся з АМАПаўцам.

- Я не меў страху, толькі не разумеў, што імі кіруе. Для мяне было дзіўна, што нехта яшчэ хоча за Лукашэнку рабіць яго брудную справу. Я не разумеў чаму яны не станавіліся на бок народу і справядлівасці. Органы перад усім павінны быць справядлівымі, выконваць Закон, у іх павінна быць годнасць. А ў тых людзей нічога гэтага не было.

Уражанне такое нібы гэта тэатр

А потым быў першы арышт. Міхаіла затрымалі на Нямізе. Яны ішлі ў бок Стэлы і ягоны сябра пачаў даставаць сцяг. У іх бок ужо беглі дзяўчаты, якіх гналі губазікаўцы, якія наляцелі і на іх. Сябру тады ўдалося ўцячы, а на Міхаіла наваліся адразу чатырох, пачалі збіваць і надзелі кайданкі.

У судзе было ўсё, як у ва ўсіх: пратаколы напісаныя пад капірку, подпісы не тых супрацоўнікаў, якія затрымлівалі і сведчылі. Магчыма, таму на першы раз толькі штраф. І гэта была першая сустрэча з беларускім правасуддзем.

- Уражанне такое нібы гэта тэатр і як там рэжысёр закамандуе, так акторы і будуць іграць сваю п’есу. Відавочна, што яны не маюць сваіх трывалых думак, поглядаў, магчыма нечага баяцца і папросту імкнуцца быць лаяльнымі да сістэмы, каб не страціць свае прывілеі.

У камеры на 6 чалавек нас было 12

Другое затрыманне адбылося каля станцыі метро “Фрунзенскае”. Міхаіл згадвае, што тады акцыя не ўдалася, паколькі ў Мінск сцягнулі АМАП ці не з усяе Беларусі.

- Было такое ўражанне, што тады сілавікоў было нават больш чым пратэстоўцаў. Тыя падзеі нагадвалі паляванне на загнаную жывёліну. Мы былі лёгкай ахвярай для іх. У сіле моц, а тут якраз не было магчымасці ўтварыць тую сілу. Усе нашы адыходы, усё кантралявалася імі. Так шалікам заматалі шыю і шапку на вочы, што я нават не мог дыхаць…

Суд адбыўся праз скайп без сведкаў з памылкамі ў пратаколе, але прызначылі 15 сутак – усё па стандарту.

- Умовы ўтрымання былі такія: у камеры на 6 чалавек нас было 12. Першы дзень наагул не кармілі, не было ніякай бялізны на ложках, уначы свет не выключалі, ніякай гігіены зразумела таксама не было. Па чарзе спалі на сталах і лавах, бо ўсім не ставала месца…

І ўсё ж давялося з’язджаць

Пасля Акрэсціна Міхаіл не хацеў з’язджаць з Беларусі, браў удзел у дваравых акцыях. Верыў, што перамога недалёка, яшчэ жыла надзея. Але праз некаторы час за ім прыйшлі. Пашанцавала, што яго не было ў хаце.

Міхаіл з’ехаў у Польшчу адзін, вырашылі, што жонка з дзіцём прыедуць пазней. Гэта быў вельмі няпросты час для майго суразмоўцы. У Польшчы яшчэ дзейнічаў карантын, А трэба недзе жыць і працаваць, дапамогі чакаць не было адкуль. Звярнуўся ў Цэнтр беларускай салідарнасці, а там далі толькі тэлефоны працоўных агенцтваў у якіх майму суразмоўцу ніхто канкрэтна не дапамог.

Не ведаючы ні Польшчы, ні польскай мовы, нават не ведаючы, як набыць квіток на цягнік, Міхаіл застаўся сам на сам са сваімі праблемамі. Асабліва крыўдна было, калі паўторна звярнуўшыся ў Цэнтр беларускай салідарнасці, пачуў, што ніякай іншай дапамогі быць не можа і што ён, маўляў, не ў найгоршай сітуацыі.

Канешне, працу нейкім чынам у інтэрнэце знайшоў сам, але гэта была практычна рабская праца грузчыкам у фірме з беларускімі каранямі.

- Гэта была цяжкая праца. А пятай раніцы мы ўжо былі на месцы. Да васьмі працавалі, а потым наступаў перапынак да 10-й гадзіны раніцы. Маглі паснедаць і зноў ад дзясятай да дзясятай увечары 12 гадзін, калі з абедам, а калі і без яго, цяжкай працы.

На суд над лукашызмам прыеду

Але і гэта выпрабаванне Міхаіл вытрымаў, знайшоў пазней працу ў адміністрацыйным аддзеле на заводзе будаўнічых канструкцый, вывучыў польскую мову. Праз паўгода да яго прыехала жонка з дачкой, жыццё пачало наладжвацца. Суразмоўца кажа, што ў Польшчы ёсць магчымасці развівацца, толькі дзеля гэта патрэбна шавяліцца, а не стаяць на месцы.

Што датычыць таго, ці вернецца ён пры спрыяльных умовах з сям’ёй у Беларусь, то канкрэтнага адказу зараз не мае. Ёсць пакуль толькі шмат негатыўных эмоцый, звязаных з лукашызмам.

- Я не магу зараз сказаць, што я вярнуся і буду жыць у Беларусі, але калі наступяць перамены, я бы вярнуўся дзеля таго, каб тую самую справядлівасць усталяваць у Беларусі. Прыняць удзел у паседжаннях судоў, як асоба, якой ёсць што сказаць…

Павел ЗАЛЕСКІ