Беларуская Служба

Каталікі святкуюць Вялікдзень, а праваслаўныя будуць святкаваць толькі 5 мая. Чаму так?

31.03.2024 10:03
Чаму праваслаўная царква будзе святкаваць Уваскрасенне Хрыста ажно праз пяць тыдняў пасля каталіцкай царквы? Тлумачыць праваслаўны святар айцец Андрэй Кузьма. 
Аўдыё
  • Чаму ўсе хрысціяне не святкуюць разам Вялікадня?
Айцец Андрэй КузьмаПРдЗ/Я.Смялоўская

Чаму ўсе хрысціяне не святкуюць разам? Як тлумачыцца тое, што праваслаўная царква будзе святкаваць Уваскрасенне Хрыста ажно праз пяць тыдняў пасля каталіцкай царквы? На гэтыя пытанні нам адказаў праваслаўны святар айцец Андрэй Кузьма з Беластоку, выкладчык Варшаўскай багаслоўскай акадэміі і Праваслаўнай духоўнай семінарыі. 

Чаму Вялікдзень — рухомае сваята — кожны год выпадае ў іншы дзень, больш за тое  — заходнія і ўсходнія хрысціяне святкуюць ў розныя дні?

Айцец Андрэй Кузьма: Я мог бы пажартаваць і адказаць, што гэта з-за яўрэяў, таму што яўрэйская Пасха ў гэтым годзе даволі позна. Яна пачынаецца 23 красавіка а заканчваецца 29 красавіка. У хрысціянскіх нормах, якія вызначаюць, калі павінен быць Вялікдзень, гаворыцца, што ён не можа быць раней за яўрэйскую Пасху, калі яўрэі святкуюць выйсце з Егіпта і пераход праз Чырвонае мора. Яўрэйская Пасха звязаная з перыядам, калі Хрыстос быў распяты і калі ўваскрос.

Пытанне тэрміну святкаваня Вялікадня — старая тэма.

Норма, якая дзейнічае цяпер, адносіцца да руху Зямлі вакол Сонца, яна звязаная з вясеннім раўнадзенствам, з месячным каляндаром, з першай веснавой Поўняй і дадаткова — нельга святкаваць раней за яўрэйскую Пасху.

Часам бывае, што Вялікдзень у заходніх і ўсходніх хрысціян выпадае ў адну нядзелю, а часам, як сёлета, розніца ў святкаванні — ажно цэлых пяць тыдняў.

Хрысціяне вераць у тое, што Хрыстос быў распяты. Гэта гістарычная падзея. Даследчыкам гісторыі, айцам хрысціянскіх цэркваў дагэтуль не ўдалося вызначыць, калі дакладна адбылося ўкрыжаванне і ўваскрасенне Хрыста?

Айцец Андрэй Кузьма: Я думаю, што мы ведаем, калі гэта адбылося і ведаем, што гэта было перад яўрэскай Пасхай. Габрэйскае свята рухомае, яно не выпадае ў той час, калі адбылося распяцце і ўваскрасенне. У яўрэйскай традыцыі найважнейшым для вызначэння часу з'яўляецца месячны каляндар. У Рымскай імперыі прытрымліваліся сонечнага календара, а ў хрысціянскай традыцыі спалучылі і месячны, і сонечны каляндар.

Мы моцна прывыклі да календара, якім цяпер карыстаемся, але трэба ведаць, што наш каляндар не існаваў у Рымскай імперыі, і не быў вядомы тагачасным яўрэям. У юдаізме Пасха адбываецца 14 нісана (месяц адпавядае сакавіку – красавіку грыгарыянскага календара) у вясеннюю Поўню.

Вялікдзень ад самага пачатку было рухомым святам.

Усе астатнія святы звязаныя з дакладнай датай у сонечным - юліянскім ці грэгарыянскім -  каляндары, а падзея звязаная з укрыжаваннем Хрыста і радасць Уваскрасення прывязана да месячнага каляндара, а месячны каляндар мяняецца.

У Польшчы працуе Экуменічная рада. Ці для замацавання адзінства хрысціянскага свету няма памкнення дамовіцца пра адну дату, адзін дзень святкавання Вялікадня?

— Гэтая праблема не тычыцца адной толькі Польшчы. Былі спробы вырашыць яе на міжправаслаўным узроўні. Дата святкавання Пасхі займала ўвагу царкоўных іерархаў, якія рыхтавалі ўсеправаслаўны сабор. З шасцідзесятых гадоў ХХ ст. былі спробы, каб хрысціяне святкавалі ў адзін дзень. Адбылося некалькі такіх сустрэч у Швейцарыі ў Шамбезі. Туды запрашаліся ўсялакія астраномы, вучоныя тады яшчэ з Савецкага Саюза, з Амерыкі, з Афінаў, з Іерусаліма, і ўсё ж такі, не ўдалося знайсці дату, якая задавальняла б усіх, таму што норма «не раней за яўрэйскую Пасху» вельмі важная.

Нашая Пасха ў вялікай ступені прывязана да таго, калі святкуюць яўрэі. Сярод праваслаўных іерархаў няма згоды ў тым, што хрысціянская Пасха можа праходзіць раней за яўрэйскую. На высокім міжнародным праваслаўным узроўні шукалі кампраміс, але дагэтуль не ўдалося яго знайсці. Таму мы застаемся ў тым парадку, які часам і выклікае вялікую розніцу паміж Вялікаднем заходніх і ўсходніх хрысціян.

Размаўляла Яланта Смялоўская

Больш на гэтую тэму: Багацце веры