Беларуская Служба

Палітыкі карыстаюцца ростам папулярнасці ў польскім грамадстве ідэі выхаду з ЕС

10.04.2024 12:18
Стварэнне выбарчых камітэтаў са словам «Polexit» у назве — гэта адказ на попыт у польскім грамадстве.
 .  .
Еўрапейскі парламент. Ілюстрацыйны здымак.Фота: Hadrian/Shutterstock

Выданне Rzeczpospolita піша пра выбары ў Еўрапейскі парламент. Галасаванне ў Польшчы адбудзецца ў чэрвені. Сярод зарэгістраваных камітэтаў тры маюць у сваёй назве выхад Польшчы з ЕС (так званы «polexit»).

Апошні тэрмін рэгістрацыі — 22 красавіка, але самыя важныя гульцы ўжо зарэгістраваліся, каб мець больш часу на збор подпісаў. У спіс трапілі тры камітэты, у назове якіх фігуруе выраз «polexit».

Першы з іх узначальвае Роберт Банкевіч (Robert Bąkiewicz), былы старшыня асацыяцыі «Марш незалежнасці». У сакавіку ён абвясціў аб стварэнні новай партыі, праграма якой уключае, між іншым, выхад з Еўрасаюза. Ёсць таксама камітэт былога палітыка Канфедэрацыі Януша Корвіна-Міке (Janusz Korwin-Mikke). Ён таксама выкарыстоўвае слова «polexit», што азначае некаторую эвалюцыю ў поглядах палітыка. Раней ён меркаваў, што няма неабходнасці выходзіць з Еўрасаюза, «бо ён разваліцца сам па сабе».

Чаму ідэя выхаду з ЕС стала папулярнай? На думку Корвіна-Міке, з-за так званага «Зялёнага ладу». Станіслаў Жултэк (Stanisław Żółtek), чарговы палітык, які выступае за выхад з ЕС, адзначае: «Людзі ўжо заўважаюць, што знаходжанне ў ЕС датычыць іх асабіста. Яны пачалі разумець, колькі яны плацяць за выкіды вуглякіслага газу ва ўсё больш высокіх рахунках за электраэнергію, наколькі правілы ЕС зніжаюць канкурэнтаздольнасць сельскай гаспадаркі і якой праблемай будзе замена аўтамабіляў на электрычныя».

Сацыёлаг з Ягелонскага ўніверсітэта праф. Яраслаў Фліс кажа, што стварэнне камітэтаў са словам «Polexit» — гэта адказ на попыт у польскім грамадстве. – Адчуваючы змену тэндэнцый, некаторыя радыкальныя палітыкі спрабуюць нешта змяніць. Аднак характэрная рыса такіх палітыкаў у тым, што яны не ўмеюць дзейнічаць разам, рэгістрацыя трох камітэтаў з падобнай назвай зніжае шанцы на поспех.

Выданне піша, што звыш адной пятай працоўных месцаў у Польшчы залежыць ад экспарту ў краіны ЕС. Насуперак меркаванню часткі электарату правых сілаў, палякам не жылося б лепш, калі б Польшча выйшла з Еўрасаюза.

нг