Беларуская Служба

Тысячы жылых дамоў у Польшчы павінны быць знесеныя

20.04.2024 14:15
Колькасць шматкватэрных дамоў, якія падлягаюць зносу, працягвае расці.
Стары домpixabay.com/moniek58

Больш за 2,2 мільёна палякаў жывуць у асобных дамах і камяніцах, якім больш за 100 гадоў, чытаем на сайце next.gazeta.pl.

Колькасць шматкватэрных дамоў, якія падлягаюць зносу, працягвае расці. Па словах спецыялістаў, можа скласціся ўражанне, што ўладальнікі «развалюх» толькі і чакаюць, калі будынкі разбурацца самі па сабе.

Паводле звестак Галоўнага ўпраўлення па наглядзе за будаўніцтвам, толькі ў 2023 годзе было выдадзена рашэнне аб зносе 310 жылых дамоў з-за «неналежнага ўтрымання   будаўнічых канструкцый», але толькі некаторыя прадпісанні былі фактычна выкананыя.

Асноўная прычына — доўгія працэдуры, але ўладальнікі такіх аб’ектаў нават спрабуюць адтэрмінаваць знос, бо гэта звязана з выдаткамі.

Толькі за апошнія 10 гадоў спіс жылых дамоў пад знос значна вырас і складае 2,8 тысячы выпадкаў.

Дакладную колькасць кватэр, якія знаходзяцца ў запланаваных да зносу дамах у Галоўным упраўленні па наглядзе за будаўніцтвам не называюць. Але дадзеныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення паказваюць, што ў 2020 годзе іх было больш за 6,5 тысячы.

Апошні нацыянальны перапіс насельніцтва паказвае, што ў даваенных аднасямейных і шматкватэрных дамах у Польшчы жывуць каля 2 мільёнаў сямей, гэта значыць больш за 5,5 мільёна чалавек. 825 тысяч кватэр эксплуатуюцца больш чым 100 гадоў.

Спецыялісты адзначаюць, што праблема найперш не ва ўзросце будынкаў, а ў іх тэхнічным стане. У Польшчы будынкі паступова разбураліся некалькі дзясяткаў гадоў, бо гаспадары звычайна не мелі грошай на рэканструкцыю. У многіх выпадках утрыманне старых, негістарычных дамоў не мае сэнсу, таму што рамонт становіцца занадта дарагім. Больш за тое, часта кошт участка істотна перавышае кошт будынка. Таму адзінае выйсце з гэтай сітуацыі — знос, піша next.gazeta.pl.

яс