У Польшчы няма ваеннага прызыву, усеагульны абавязак службы ў арміі быў прыпынены ў 2010 годзе, хаця і не адменены цалкам. Паводле заяў прадстаўнікоў мінабароны, пакуль што армія застанецца прафесійнай, няма разважанняў пра вяртанне да абавязковай службы. Калі ў часы ПНР у школах былі ўрокі ваеннай падрыхтоўкі, дык цяпер польская моладзь на працягу навучання ў школе ці ў вышэйшай навучальнай установе практычна не сутыкаецца з дадзеным пытаннем.
Калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, кіроўныя эліты ў Еўропе пачалі казаць пра магчымасць вяртання да ваеннага прызыву. У некаторых краінах, напрыклад, Фінляндыі, Нарвегіі ды Эстоніі, прызыў агулам захавалі. Напрыклад, фінскія ўлады кажуць, што яны гатовыя на працягу вельмі кароткага часу выставіць 800-тысячнае войска. Дыскусія аб вяртанні прызыву ідзе ў Германіі ці Францыі.
У Польшчы пра гэта няма гаворкі, але ўлады думаюць, як пазнаёміць большую колькасць моладзі з ваеннай справай. Надоечы міністр адукацыі Барбара Навацкая і віцэ-прэм'ер, міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш абвясцілі праграму «Навучанне з войскам», прызначаную для школьнікаў. Плануецца, што з 6 мая па 20 чэрвеня вучні 3,5 тысяч пачатковых і сярэдніх школ пройдуць трохгадзінную падрыхтоўку, якую падрыхтуюць вайскоўцы. Падчас заняткаў школьнікі пазнаёмяцца, між іншым: з прынцыпамі ваеннай трывогі, спосабамі пошуку і выкліку дапамогі, асновамі эвакуацыі, правіламі аказання першай дапамогі.
Па словах міністра нацыянальнай абароны Уладзіслава Касіняка-Камыша (Władysław Kosiniak-Kamysz), існуе шмат небяспечных сітуацый, таму школа павінна вучыць правільным паводзінам.
- З небяспекай, з сітуацыяй, якая можа несці нейкую пагрозу, неабходна асвоіцца. Гэтая праграма падрыхтаваная пры супрацоўніцтве з арміяй. Вайскоўцы будуць прысутныя ў школах, на ўроках, будуць вучыць, асвойваць, рыхтаваць, павышаць устойлівасць польскага грамадства, маладых людзей у базавых і сярэдніх школах.
Пілотны праект ахопіць тры з паловай тысячы школ, якія пажадаюць у ім удзельнічаць. Ён працягнецца да канца навучальнага года. Заняткі будуць праводзіць салдаты ў прысутнасці настаўнікаў, - паведаміла міністарка адукацыі Барбара Навацка (Barbara Nowacka).
- Моладзь будзе ўдзельнічаць у трохгадзінных блоках заняткаў, адпаведных узросту школьнікаў ды іх зацікаўленасці. Падчас урокаў будуць згадваць патрэбы дадзенага рэгіёну, расказваць, дзе можна атрымаць важную інфармацыю. Гэта хаця б тое, якія звесткі нясуць сігналы трывогі. Гэта таксама інфармацыя пра тое, дзе знаходзяцца сховішчы або як такое сховішча самастойна падрыхтаваць.
Нарэшце нешта атрымалася вырашыць у сістэмным плане, але шкада, што так позна – так ацэньвае праграму «Навучанне з войскам» адзін з заснавальнікаў спецпадраздзялення GROM падпалкоўнік Кшыштаф Пшэпюрка (Krzysztof Przepiórka). Але гэтага яшчэ мала – мяркуе вайсковец. У эфіры Польскага радыё падпалкоўнік звярнуўся да кіраўніка Міністэрства адукацыі з заклікам пачаць падрыхтоўку таксама настаўнікаў.
- Калі вучань не будзе мець над сабой натуральнага камандзіра, лідара, тады пачнецца хаос. Адны людзі хутчэй засвойваюць веды, іншыя больш павольна. Нашы магчымасці хутка ацаніць сітуацыю адрозніваюцца, таму павінен быць хтосьці, хто будзе здольны намі пакіраваць. Канешне, лягчэй будзе кіраваць людзьмі падрыхтаванымі, якія прайшлі навучанне, але і так лідар павінен быць.
У Польшчы няма ўсеагульнай вайсковай службы. І пакуль што ўлады не бачаць неабходнасці да яе вяртацца. Тым не меней, ёсць праграмы, якія спрабуюць асвоіць насельніцтва з арміяй, навучыць элементарным прынцыпам абароны. Як хаця б гэтая пілотная праграма для пачатковых і сярэдніх школ, якая працягнецца да канца навучальнага года. Таксама ўлады пашыраюць сістэму тэрытарыяльнай абароны. Пакуль што ўлады сочаць за крокамі іншых еўрапейскіх краін, якія ўводзяць розныя элементы вайсковай службы. Напрыклад, абавязковы прызыў вярнулі Літва і Латвія, тое ж самае зрабіла Швецыя, пра вяртанне да прызыву разважаюць у Германіі і Францыі. Яшчэ нядаўна Еўропа была самым бяспечным месцам для жыцця, аднак цяпер гэта змянілася, усё больш палітыкаў, адказных за свае краіны, паглядае з трывогай на ўсход, на Расію, адкуль можа прыйсці сур’ёзная пагроза. І вырашае рыхтаваць сваіх суайчыннікаў да думкі, што вайна ў Еўропе перастала быць немагчымым варыянтам развіцця падзей.
IAR/нг