Беларуская Служба

Камуністычныя ўлады адпусцілі легендарнага футбаліста за мяжу, палічыўшы яго маланадзейным для польскага спорту (ВІДЭА)

26.04.2024 18:01
Нават сур’ёзная траўма не перашкодзіла легендарнаму польскаму футбалісту Уладзімежу Любаньскаму працягваць кар’еру за мяжой.
Аўдыё
  • Уладзімеж Леанард Любаньскі
   (1981)
Уладзімеж Леанард Любаньскі (1981)Autorstwa Marcel Antonisse / Anefo - http://proxy.handle.net/10648/acf63682-d0b4-102d-bcf8-003048976d84, CC0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=112533386

Сёння нашым госцем з’яўляецца Уладзімеж Леанард Любаньскі (Włodzimierz Leonard Lubański) – легендарны польскі футбаліст, член нацыянальнай зборнай Польшчы, трэнер. Спартовец у 1975 годзе пераехаў у Бельгію, дзе з поспехамі працягваў сваю спартыўную кар’еру.

Ці цяжка яму было акліматызавацца ў новых умовах? З якімі праблемамі сутыкнуўся напачатку і ці прыйшла яму на дапамогу мясцовая польская супольнасць? Між іншым, на гэтыя пытанні пастараемся адказаць у размове з нашым героем.

Уладзімеж Леанард Любаньскі - самы малады прадстаўнік і самы малады нападальнік у гісторыі польскага футбола. Ён дэбютаваў у нацыянальнай зборнай ва ўзросце 16-ці гадоў, а потым стаў адным з найлепшых футбалістаў Еўропы.

Уладзімеж Любаньскі – гэта шматразовы чэмпіён Польшчы з клубам «Гурнік Забжэ», алімпійскі чэмпіён; фіналіст Кубка ўладальнікаў кубкаў, якім цікавіўся клуб «Рэал Мадрыд».

У рэшце рэшт, спадар Уладзімеж, дарэчы ў цікавых абставінах, пераехаў у Бельгію, дзе гуляў у бельгійскіх клубах «Локерэн», «Мехелен» і французскім «Валансьен».

Уладзімеж Леанард Любаньскі/ By Piotr Drabik - https://www.flickr.com/photos/drabikpany/5925457517/, CC BY 2.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=16407967 Уладзімеж Леанард Любаньскі/ By Piotr Drabik - https://www.flickr.com/photos/drabikpany/5925457517/, CC BY 2.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=16407967

Надоечы, у бельгійскім горадзе Локерэн, дзе ён жыве ўжо амаль паўстагоддзя, Уладзімеж Любаньскі адзначаў сваё 77-годдзе:

- Гэта быў свядомы выбар. Я атрымліваў прапановы з розных месцаў, з розных краін. Але я свядома выбраў бельгійскі футбол, таму што ў мяне была сур'ёзная траўма. Мне здавалася, што пасля гэтай траўмы менавіта тут я магу добра аднавіцца ў спартыўным плане. Мне падалося, што гэта будзе добры кірунак. Сапраўды, я атрымаў згоду польскіх ўладаў, дарэчы вельмі цікавую з афіцыйнага пункту гледжання. Гаворка ідзе пра тое, што спартыўныя ўлады пагадзіліся на мой выезд менавіта «з-за незваротнага пашкоджання калена». Гэта вельмі цікавая гісторыя. Калі я прыехаў сюды з гэтым дакументам, тут ў мяне запыталіся: «Спадар Любаньскі, будзеце вы яшчэ гуляць ці не, бо тут пішуць, што вы не прыдатны для футбола». Ну, я кампенсаваў давер клуба за некалькі гадоў, і мы ўсе былі задаволеныя.

Як успамінае спадар Любаньскі на пачатку асноўнай праблемай у Бельгіі аказаўся моўны бар'ер:

- Ну, канечне, першыя месяцы былі вельмі цяжкія, галоўным чынам з-за моўнага бар'еру. Я прыехаў сюды, у Фландрыю, дзе выкарыстоўвалася нідэрландская мова, і ў мяне быў вельмі цяжкі старт, таму што я не мог, напрыклад, лёгка пагутарыць са сваімі калегамі ў распранальні. Я таксама не мог, напрыклад, дамовіцца з людзьмі на вуліцы. Але мне крыху пашанцавала ў жыцці. Рэгіён, дзе я гуляў, у Локерэне, падчас Другой сусветнай вайны вызваляла дывізіяй генерала Станіслава Мачэка. Я пазнаёміўся з палякамі, якія пасля таго засталіся Бельгіі. Мы маглі размаўляць па-польску. У многіх выпадках гэтыя людзі дапамагалі мне перакласці словы, якіх я не ведаў. Гэта мне вельмі дапамагло ў першым перыядзе.

Уладзімеж Любаньскі ў Бельгію пераехаў з сям’ёй - жонкай і некалькігадовай дачкой Малгажатай. Пазней, ужо ў Бельгіі, у яго нарадзіўся сын – Міхал:

- Я пачаў забіваць галы. Я быў жаданым гульцом на полі. Жонка таксама неяк акліматызавалася. Міхал тут нарадзіўся. Гэта проста дапамагло нам вырашыць, што рабіць далей у жыцці. Гэта была важная справа не толькі для нас, але і для дзяцей. Таму, што тут дзеці раслі, хадзілі ў школу і гэтак далей. Усё гэта былі жыццёвыя рашэнні, якія трэба было прыняць. Але я лічу, што рашэнні, якія мы прынялі, былі правільнымі. І па сённяшні дзень нашы дзеці вельмі задаволеныя. Тым не менш, мы заўсёды падтрымлівалі сувязь з краінай - з Польшчай, з сям’ёй. Для нас было вельмі важна, каб мы мелі магчымасць падтрымліваць сувязь з нашымі блізкімі ў Польшчы. Дзеці гавораць па-польску, бо мы паклапаціліся пра тое, каб яны вывучалі мову ў польскай амбасадзе. Гэта дапамагло ім захаваць родную мову. Акрамя таго, вельмі важнымі былі ўсе кантакты, якія дзеці мелі з самай блізкай сям’ёй у Польшчы. Праз некалькі месяцаў, праз некалькі гадоў мы збудавалі асяроддзе знаёмых і сяброў, з якімі праводзім час і, можна сказаць, што мы акліматызаваліся, не забываючы, вядома, і пра Польшчу. Мы рэгулярна бываем у Польшчы. Гэта выгада з таго, што мы еўрапейцы. Памятаю, што раней, напрыклад, калі мне даводзілася перасякаць нямецка-польскую мяжу з малым дзіцём, якое спала ў аўтамабілі, то гэта было некалькі гадзін. Тады былі цяжкія часы. 

Зорка, прысвечаная  Уладзімежу Любаньскаму, ва Уладзіслававе/ Autorstwa Lukasz2 - Praca własna, CC0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=42381870 Зорка, прысвечаная Уладзімежу Любаньскаму, ва Уладзіслававе/ Autorstwa Lukasz2 - Praca własna, CC0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=42381870

У бельгійскім раздзеле жыцця ў нашага героя таксама ёсць жудасная гісторыя. Аднойчы Уладзімеж Любаньскі цудам пазбегнуў выкрадання бельгійскімі экстрэмістамі:

- Самае непрыемнае, што магло здарыцца са мной як спартоўцам і як палякам. Я быў вельмі папулярным гульцом, бо забіваў тут шмат галоў. Я кожны тыдзень быў у газетах, не толькі ў спартыўных, але і ў штодзёнках. Таму тэрарысты відаць падумалі, што добра было б выкрасці гэтага Любаньскага, каб абмяняць яго на людзей, якіх затрымалі на польскай мяжы. Я ніколі гэтага не чакаў. Тэрарысты планавалі напад з мэтай выкрасці мяне. Скончылася гэта шчасліва, таму што мы своечасова змянілі месца пражывання. Калі б мяне засталі дома, мяркую, усё магло б скончыцца зусім інакш. Яны былі ўзброеныя і стралялі ў трэнера, які ўжо пасяліўся ў маёй былой кватэры.

Уладзімеж Любаньскі завяршыў сваю спартыўную кар'еру на 39 гадзе жыцця:

- Пасля завяршэння кар'еры мы задумоўваліся, што рабіць далей. Вядома, я застаўся ў спартыўным асяроддзі. Я застаўся ў футболе, бо скончыў школу для трэнераў і гэтак далей. Я проста хацеў перадаць вопыт, які я атрымаў як футбаліст, моладзі. Я працаваў у спартыўных клубах. Гэта таксама дазволіла мне неяк інтэгравацца пасля заканчэння маёй кар'еры і акліматызавацца да таго, чым я хацеў займацца далей. Дзеці скончылі школы, заняліся сваімі бізнесамі і тут будавалі сваю будучыню.

Пасля амаль паўгоддзя пражывання за мяжой спадар Любаньскі ўжо не сумуе па Польшчы, як напачатку, бо і памянялася палітычная сітуацыя ў Еўропе:

- Сёння мы жывём у Еўропе. Мы еўрапейцы, таму тут праблемы няма. Справа ў тым, дзе чалавек нейкім чынам стварыць для сябе будучыню. Для мяне заўтра-паслязаўтра сесці ў машыну і паехаць у Польшчу - не праблема. Я шчаслівы, бо магу падарожнічаць і наведваць сяброў у Польшчы нават кожны тыдзень. У гэтым плане я вельмі задаволены.

Мураль у Хожуве. Уладзімеж Леанард Любаньскі (справа) / By Przemek2901 - Own work, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=77707245 Мураль у Хожуве. Уладзімеж Леанард Любаньскі (справа) / By Przemek2901 - Own work, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=77707245

Нагадваем, у 1972 годзе Уладзімеж Любаньскі ў рэйтынгу лепшых гульцоў года па версіі часопіса France Football заняў 7-е месца. У 1978 годзе атрымаў прыз сумленнай гульні ад ЮНЭСКА. У 2003 годзе быў названы найлепшым футбалістам Польшчы за апошнія 50 гадоў.

У складзе нацыянальнай зборнай Польшчы Уладзімеж Любаньскі правёў 75 гульняў і забіў 48 галоў. Яго дасягненне па галах за зборную перавысіў толькі Роберт Левандоўскі ў 2017 годзе.

Рафал Бала/аз

На пачатку траўня ў Варшаву прыедуць зоркі спартыўнай хады

24.04.2024 15:15
Больш за сотню хадакоў з усяго свету прымуць удзел у ІІІ Мітынгу Korzeniowski Warsaw Race Walking Cup 2024.