Беларуская Служба

Беларускі таксіст у Беластоку: “Хачу набыць новую белую машыну і нанесці пасярэдзіне чырвоную паласу”

04.05.2024 08:19
Чалавек з двума вышэйшымі адукацыямі - ён прайшоў праз “жывы калідор”, а потым бачыў спалоханыя вочы следчых. З’ехаў у Польшчу і стаў звычайным таксістам. Галоўнае, што тут знайшоў – спакой і свабоду.
Аўдыё
  • Беларускі таксіст у Беластоку: “Хачу набыць новую белую машыну і нанесці пасярэдзіне чырвоную паласу”
БеластокRobert Bartosewicz / Polskie Radio

Проста схаваліся ад дажджу

Дзяніс Чашчэвік па першай адукацыі матэматык праграміст і настаўнік матэматыкі і інфарматыкі, а па другой - фінансіст. Аднак яго жыццё склалася так, што працуе звычайным таксістам.

Яшчэ да 20-га году спадар Дзяніс звольніўся з банка, дзе працаваў праграмістам з-за нізкіх заробкаў і паехаў на працу ў Польшчу. Кожныя выходныя прыязджаў у Гродна да сям’і і наогул не думаў, каб на стала перабрацца ў суседнюю краіну. Але з-за пандэміі давялося пакінуць працу і вярнуцца назад.

А ў жніўні пачаліся выбары і ў першыя ж дні яго арыштавалі. Самае цікавае, як згадвае суразмоўца, ён толькі ішоў на плошчу і схаваўся з іншымі людзьмі ад дажджу.

-Выскачылі з буса дзевяць АМАПаўцаў і паляцелі ў наш бок. Там былі маладыя пары з дзецьмі, хлопцы кампаніяй. Не было ні сцягоў, не заўважыў я, каб нехта дэманстраваў белыя стужкі на руках. Ніхто не выкрыкваў нічога. Проста людзі схаваліся ад дажджу. 

Прагналі праз жывы калідор

У аўтобус, паводле суразмоўцы, адразу закінулі сем чалавек, але потым палічылі, што замала і пайшлі на далейшыя затрыманні, а з імі застаўся толькі адзін у чорнай форме.

-Мы ляжалі на падлозе, а ён хадзіў па нас і дручком гумовым лупіў па нагах, па плячах. Мне пару разоў па нагах дасталася і адзін раз вельмі моцна, нібы іголкаю працяла. У той момант быў на адрэналіне. А балюча стала праз некалькі гадзін, калі нас завезлі ў турму.

На тэрыторыі турмы, са слоў суразмоўцы, людзі ў форме стварылі для іх “жывы калідор”, праз які гналі і білі дручкамі, цкавалі сабакамі. Спадар кажа, што гэта нагадвала фільмы пра тое, як фашысты здзекаваліся з палонных.

-Нас прагналі праз гэты “жывы калідор”: голавы ўніз, рукі за спінаю, паставілі каля сцяны і скамандавалі, каб вывернулі далоні. Адзін чалавек не пачуў ці не зразумеў ад стрэсу, што ад яго хочуць. Яго некалькі разоў ударылі па нагах і, відаць, яму кепска стала, ён упаў і не рэагаваў. Паклікалі некага з санчасці і панеслі ў будынак турмы.

Спадар Дзяніс прызнаецца, што каб не бачыў гэта на свае вочы, то не паверыў бы, што ў нас такое можа адбывацца.

-Але я тады зразумеў, што забіваць нас не будуць. Хаця, думка была, што завядуць недзе ў піўніцу і раз пачалася рэвалюцыя, то можа быць, як у царскія і савецкія часы, проста знішчаць. Але потым хутка гэту думку адпусціў.

Перамога доўга не пратрымалася

Праз некалькі дзён, калі ў Гродне забаставалі прадпрыемствы і амаль цэлы горад выйшаў на плошчу, улады, напалохаўшыся, загадалі выпусціць усіх затрыманых. Спадар Дзяніс згадвае, што і следчыя ў турме, якія яго дапытвалі, змяніліся ў тварах.

-Такое пытанне раптам мне задаюць: а як думаеш, нас звольняць? А я гляджу на іх і не разумею: жартуюць з мяне ці што. А ў іх такі разгублены погляд быў…

Тым не менш, спадара Дзяніса асудзілі на 5 содняў, праўда, прабыў у турме чацвёра і быў вызвалены.

Адразу пачаў хадзіць на мітынгі, але з часам усё пачало затухаць і ініцыятыва ізноў перайшла да людзей у чорнай форме. Супраць яго спрабавалі зрабіць правакацыю, пасля чаго ён з жонкаю і дзяцьмі вырашыў з’ехаць у Польшчу.

Спыніўся на працы таксіста

Гэта быў час пандэміі, але ўсё роўна, паводле суразмоўцы, неяк перажылі, як усе былі на каранціне, а потым знайшоў працу, дзяцей уладкавалі ў садок і школу.

-Я працаваў тут на розных працах. Праўда, былі праблемы са здароўем пасля збіцця падчас пратэстаў, але лекары дапамаглі. Быў час, калі працаваў дворнікам, ездзіў на заробкі ў Нямеччыну. Потым пайшоў у фірму таксі і пабачыў, што зарабляць можна. Праўда, на фірме трэба было заплаціць за арэнду машыны, паліва таксама сам набываеш, а таму зарэгістраваўся, як індывідуальны прадпрымальнік, набыў аўта і цяпер працую на сябе.

Што датычыць таго, што былы матэматык, праграміст і фінансіст раптам проста таксуе – спадар Дзяніс адказвае, што ён задаволены новай працай. Маўляў, пасля падзей 20-га году было складана наогул працаваць, а за рулём аўтамабіля ён канцэнтруецца і нармальна сябе адчувае. І немалаважна тое, што заробак таксама задавальняе.

-Шмат сродкаў цяпер забірае машына, бо старая. Таму хачу набыць іншую не старэйшую за 10 год, альбо новую. Праўда, не ведаю які дадуць крэдыт. Хачу новую і белую і хачу зрабіць пасярэдзіне чырвоную паласу.

Мне спакойна ў Польшчы

Цяпер спадар Дзяніс кажа, што будуюць з жонкай розныя планы, бо за тры гады ў чужой краіне адчулі глебу пад нагамі, хаця, згадвае, што да пачатку вайны папросту сядзелі на чамаданах.

-Але, калі пачалася вайна, я ўжо жонцы тады казаў, што невядома, як усё скончыцца, бо вайна зменіць многае. Калі атрымаецца перамагчы Украіне, то мы вернемся, а калі ўсё зацягнецца, або Украіна прайграе, то магчыма яшчэ 10-20 год мы не ўедзем у тую Беларусь.

Разважаючы пра эміграцыю, спадар Дзяніс кажа, што гэта не лёгкі хлеб, але з іншага боку яго тут ніхто не пакрыўдзіў і не папракнуў.

-Ну, калі палякі ў мяне пытаюцца – як мне тут, то адказваю – спакойна. Гэта спакой, гэта воля, я магу рабіць, што я хачу. Магу гаварыць тое, што хачу, магу думаць, што хачу. Бо там ужо нават і думаць нельга. Так, усё не проста, так, краіна не мая родная, але ў нейкім сэнсе адчуваю сябе тут, як дома.

Павел ЗАЛЕСКІ