Беларуская Служба

IV Кангрэс псіхічнага здароўя праходзіць у Варшаве

10.06.2024 17:10
Псіхіятры, псіхатэрапеўты, псіхолагі, а таксама пацыенты задумоўваюцца над выклікамі, якія стаяць перад сучаснай псіхіятрыяй у Польшчы.
Аўдыё
  • IV Кангрэс псіхічнага здароўя праходзіць у Варшаве
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. PDPics/pixabay.com/CC0 Public Domain

Стварэнне эфектыўнай і добразычлівай сістэмы аховы псіхічнага здароўя ў Польшчы – гэта нашая агульная справа, пераконваюць арганізатары і ўдзельнікі IV Кангрэса псіхічнага здароўя, які працягваецца ў Варшаве пад лозунгам: «Разам да псіхічнага здароўя – агульная мэта, агульнае дабро!«. На працягу двух дзён у Палацы культуры і навукі эксперты і пацыенты будуць абмяркоўваць найважнейшыя выклікі, звязаныя з рэфармаваннем псіхіятрыі ў Польшчы.

Пастаяннае павелічэнне фінансавання і заканадаўчае рэгуляванне зменаў, унесеных пілотнымі праграмамі ў псіхіятрыю ў Польшчы – гэта асноўныя патрабаванні, з якімі ўдзельнікі «Маршу жоўтых стужак» прыйшлі пад сядзібу Міністэрства аховы здароўя. Марш завяршыў першы дзень IV Кангрэса псіхічнага здароўя, які праходзіць у Варшаве.

Псіхолаг і псіхатэрапеўт Анжаліка Гырчук(Angelika Gyrczuk) пераконвае, што псіхічнае здароўе не можа быць надалей тэмай табу:

- Многія гады псіхічнае здароўе і псіхічныя хваробы былі тэмай табу ў польскім грамадстве. Між тым, праблема датычыць большай часткі грамадства. 25 працэнтаў было, ёсць зараз, або будзе ў псіхічным крызісе. У сваю чаргу 8 працэнтаў палякаў, сутыкнуліся з псіхічным крызісам цягам апошняга года. Гэта вельмі важна, каб мы спынілі саромецца згаданай праблемы.

Паводле арганізатараў, шэсце, гэта таксама магчымасць змагацца са стэрэатыпамі, кажа Каміла Лабэндска-Словік(Kamila Łabędzka-Słowik):

- На жаль у Польшчы надалей назіраецца стыгматызацыя, якая выключае з грамадская жыцця, месца працы; пазбаўляе чалавека пачуцця каштоўнасці. Нагадваю, часта пацыенты хварэюць усё жыццё. Таму вельмі важна, каб іх нанава ўключаць у грамадскае жыццё, што дапамагае ім хутчэй здаравець.

Асістэнт па псіхічнай рэабілітацыі Зоф’я Пянькоўска(Zofia Pieńkowska), сказала, што ў кангрэсе прымаюць удзел як спецыялісты, так і пацыенты:

- Самае важнае, што падчас кангрэса сустрэнуцца ўсе заангажаваныя ў галіну псіхіятрыі: лекары, псіхатэрапеўты, псіхолагі, псіхіятрычныя медсёстры, асістэнты па псіхічнай рэабілітацыі, а таксама пацыенты і іх сем’і. Мы хочам нагадваць, што псіхічнае здароўе вельмі важнае, і што гэтая справа нас аб’ядноўвае.

Патрабаванні, якія ўдзельнікі «Маршу жоўтых стужак» занеслі да Міністэрства аховы здароўя, гэта не толькі павелічэнне выдаткаў на псіхіятрыю ў Польшчы, але таксама заканадаўчых зменаў. Мы хочам, каб рэформа грамадскай псіхіятрыі перастала быць пілотным праектам, а стала сістэмным рашэннем, нагадала старшыня аргкамітэта кангрэса Яанна КшыжаноўскаЗбуцка(Joanna KrzyżanowskaZbucka):

- Толькі каля 50 працэнтаў грамадзян Польшчы маюць доступ да Цэнтраў псіхічнага здароўя, якія таксама дзейнічаюць па рознаму, бо ў залежнасці ад арганізацыйных і персанальных магчымасцяў. Змагаемся з вялікімі недахопамі персаналу, калі гаворка ідзе пра розныя формы псіхіятрычнай апекі. Праблема магчыма у тым, што рэформа адрасаваная не толькі да псіхічна хворых асобах, але таксама да асобаў, якія апынуліся ў розных іншых формах псіхічнага крызісу і шукаюць дапамогі.

Важным патрабаваннем з’яўляецца таксама стварэнне Нацыянальнага цэнтра псіхічнага здароўя, сказаў старшыня Фонда eFkropka Ежы Класкоўскі(Jerzy Kłoskowski):

- Мы хочам, каб міністэрства стварыла Нацыянальны цэнтр псіхічнага здароўя, то бок установу, якая будзе каардынаваць дзеянні звязаныя з псіхіятрыяй дарослых, дзяцей і падлеткаў, а таксама прафілактычныя праграмы. Тут таксама неабходная супраца з Ведамствам адукацыі і Ведамствам сям’і.

У кангрэсе ўдзельнічаюць таксама асістэнты па псіхічнай рэабілітацыі. Гэта людзі, якія выйшлі з псіхічнага крызісу і цяпер працуюць у тым ліку ва ўстановах, створаных у рамках пілотнай рэформы псіхіятрыі дарослых, паясняе Зоф’я Пянькоўска:

- Асістэнт па псіхічнай рэабілітацыі – гэта асоба, якая сама спазнала псіхічны крызіс, то бок сама была ў сітуацыі, у якой зараз знаходзяцца пацыенты, з якімі яна працуе. Яна мае досвед і яна адпаведна падрыхтаваная да такой працы. У нас энергія, суперажыванне і адчувальнасць да іншых людзей, якіх мы хочам суправаджаць у іх складанай сітуацыі.

Нагадваем, на мінулым тыдні міністр аховы здароўя Ізабела Ляшчына (Izabela Leszczyna) аб’явіла аб павелічэнні сродкаў на псіхіятрыю ў Польшчы ў памеры больш за 4 мільярдаў злотых.
Прафесар Яцэк Вцюрка(Jacek Wciórka) з Інстытута псіхіятрыі і неўралогіі падкрэсліў, што вялікае значэнне мае спосаб выкарыстання згаданых сродкаў:

- 4 мільярды злотых – гэта буйныя сродкі, якія могуць быць сур’ёзнай падтрымкай. Праблема зводзіцца да таго, ці яны пойдуць на аднаўленне буйных псіхіятрычных бальніцаў, ці на сучасную псіхіятрыю.

IV Кангрэс псіхічнага здароўя, які праходзіць у Варшаве ў Палацы культуры і навукі, у першыню працягнецца два дні. Цягам іх удзельнікі будуць абменьвацца сваімі меркаваннямі наконт рэформы псіхіятрыі ў Польшчы.

Арганізатарамі кангрэса зʼяўляюцца Фонд eFkropka, Асацыяцыя развіцця псіхіятрыі і грамадскай дапамогі, Фонд «Леанарда» і Люблінская асацыяцыя аховы псіхічнага здароўя. Нагадваем, паводле экспертаў, нават да 40 працэнтаў насельніцтва Польшчы на працягу свайго жыцця можа сутыкнуцца з псіхічным крызісам.

IAR/аз

Больш за 981 мільёнаў еўра прызначаць польскія ўлады на фінансаванне псіхіятрыі ў краіне

06.06.2024 15:01
Колькасць дзяцей і падлеткаў, якія патрабуюць спецыялізаванай дапамогі і падтрымкі вырасла больш чым удвая, кажуць псіхіятры.