Беларуская Служба

Беларускі эмігрант: «Шкадую, што не спазнаў Беларусь, як пазнаю зараз Польшчу»

15.06.2024 14:13
Пасля 2020-га году яму давялося страціць ІТ-кампанію ў Беларусі, прадаць кватэру, машыну… У Польшчы пачалося новае жыццё.
Аўдыё
  • Беларускі эмігрант: «Шкадую, што не спазнаў Беларусь, як пазнаю зараз Польшчу»
Ілюстрацыйны здымакфота: radyjo.net/Albert Jerzy Wierzbicki

Хобі стала прафесіяй і бізнесам

Спадар Павел па адукацыі юрыст, але, як сам прызнаецца, ніколі па прафесіі не працаваў. Яго асноўнай дзейнасцю з’яўляецца распрацоўка праграмнага забеспячэння. Амаль адразу пасля сканчэння вышэйшай адукацыі ён адкрыў уласную ІТ-кампанію.

Для мяне гэта было так, што прафесія юрыста падавалася добрай, у мяне былі схільнасці да гуманітарных навук. І тады быў другі набор у Акадэмію МУС на Факультэт права па спецыялізацыі Мытнае права. Гэта падавалася цікавым, але недзе на другім курсе маім хобі стаў вэб-дызайн. Хобі ператварылася ў маю прафесію і ў мой бізнес.

Кампанія, створаная ім, была невялікай, ніколі не налічвала больш сарака супрацоўнікаў і праіснавала да 2021 году. Падзеі 2020 году сустракаў, будучы назіральнікам на выбарах, бо адчуваў, што гэта выбарчая кампанія дае шанец усёй краіне на перамены.

Да чаго рыхтавалі ў акадэміі МУС ведаў з 2004 года

Стаяць у баку ад падзей не дазваляла сумленне, але з іншага боку, як выпускнік акадэміі МУС, хоць і цывільнага факультэта, разумеў, што наперадзе няпростыя падзеі.

– Калі я навучаўся ў Акадэміі МУС, бачыў, як нашы курсанты, якія ўжо прымяралі пагоны, як іх на плацу ў двары акадэміі навучалі разганяць мітынгі. Гэта было яшчэ ў 2004 годзе. Я добра памятаю, як начальнік акадэміі збіраў наш факультэт будучых юрыстаў і казаў, што калі каго-небудзь з вас пабачым на мітынгах, можаце забіраць манаткі. І ўсё ў такім рэчышчы.

Выніковых пратаколаў мы не пабачылі – выбарамі кіраваў чалавек у цывільным

Спадар згадвае, што ў першы дзень назірання іх яшчэ пусцілі праз парог школы, дзе адбываліся выбары. У першыя дні папярэдняга галасавання яны яшчэ сядзелі пры ўваходзе ў будынак, а ў асноўны дзень галасавання давялося стаяць перад дзвярыма школы. Усім на двух участках кіраваў чалавек у цывільным, які паказаў вахцёру пасведчанне міліцыянта.

Выніковыя пратаколы мы так і не пабачылі, іх не вывешвалі на дзвярах выбарчага ўчастка. Усім кіраваў той міліцыянт у цывільным. Нікога за парог не пускалі апроч тых, хто прыходзіў галасаваць. У нас дзяжурыў АМАП, і яны двойчы выходзілі і разганялі людзей, якія заставаліся, каб дачакацца вынікаў выбараў на ўчастку.

Цяпер разумею, якімі мы былі наіўнымі

А далей пачаліся пратэсты. Мой суразмоўца згадвае, што быў амаль на кожным з іх. Пабачыў рознае, даводзілася таксама ўцякаць, але тады не патрапіў у рукі АМАПу.

– Мне згадваецца адчуванне свята на тых вялікіх пратэстах. Я адчуў сябе, як у дзяцінстве, калі хадзілі з бацькамі на Дзень горада, на Дзень Незалежнасці. Людзі былі такія светлыя, усцешаныя, ніхто не чакаў, што будзе адбывацца нешта страшнае. Зараз я разумею, наколькі гэта было наіўна. Мы былі празмерна наіўныя, думаючы, што калі сілавікі пабачаць гэты мірны характар пратэсту, што ніхто не хоча крыві, што мы вельмі мірная нацыя, што нам патрэбен дыялог, то адбудуцца перамовы. Улада паспрабуе дамовіцца і пашукаць нейкае выйсце з тупіка, у які ўсе мы накіроўваліся. Але ўсё атрымалася інакш…

Сумленне патрабавала быць побач з народам

Цікаўлюся ў суразмоўцы: што яго прымушала выходзіць на акцыі пратэсту?

Я не мог не хадзіць, бо разумеў, што праз пэўны час, калі ў нас атрымаецца альбо не атрымаецца, мае дзеці могуць задаць пытанне: тата, а што ты рабіў тады, што зрабіў дзеля таго, каб нам добра жылося ва ўласнай краіне? І вось маё сумленне патрабавала прысутнасці з маім народам у той час.

Быў толькі адзін план: з’язджаць

Спадара Паўла затрымлівалі тройчы. У 2020-м годзе двойчы за тое, што быў адміністратарам дваравых чатаў. А трэці раз яго дапытвалі як кіраўніка кампаніі, якая належала ўладальнікам tut.by. У гэтай справе ён праходзіў як сведка.

Быў толькі адзіны план, што трэба з’язджаць, бо маё затрыманне было не проста затрыманнем. На мае ўласныя рахункі, на рахункі маёй фірмы наклалі арышт. У банку сказалі, што гэта зрабіла ДФР. Адкрываць новыя было бессэнсоўна, бо іх хутка закрылі б. У мяне быў статус сведкі ў справе tut.by, але нават у гэтым статусе дзяржава пазбавіла мяне магчымасці зарабляць у сваёй уласнай краіне. У статусе сведкі, а не абвінавачанага, не падазраванага. Гэта папросту нонсэнс. Мне не пакінулі выбару, трэба было з’язджаць. Вось так мы з сям’ёй апынуліся ў Польшчы.
Краіна тады шмат у чым страціла сваю будучыню

Суразмоўца, згадваючы той час, трохі задумаўшыся, дадае, што тады краіна шмат у чым страціла сваю будучыню, паколькі яе тысячамі пакідалі не проста людзі, а адмыслоўцы высокага ўзроўню, на падрыхтоўку якіх трэба затраціць шмат часу і сродкаў.

Самае страшнае, што па-за межы краіны была выціснута найбольш эканамічна актыўная частка насельніцтва. Тая, якая мае досвед, якая ўжо працуе ў якасці не малодшага супрацоўніка, а высокакваліфікаванага. Цяпер гэтыя людзі працуюць на эканомікі іншых краін.

Праўда, суразмоўца звяртае ўвагу, што некаторыя ІТ-кампаніі ўсё ж засталіся ў Беларусі, і ён надалей мае стасункі з былымі калегамі па бізнесу. Паводле яго, цяпер ім даводзіцца працаваць пераважна з расейскімі кампаніямі, што не вельмі іх задавальняе.

Большасць кажуць, што іх не задавальняе супраца з расейскім бізнесам, але яны вымушаны гэта рабіць, бо колькасць працоўных месцаў у кампаніях з беларускімі каранямі значна зменшылася. І вось гэтая незадаволенасць, якая ёсць, якая засталася пасля таго, як не атрымалася тых вынікаў, якіх жадалі ў 2020-ым годзе – гэта спружына. Яна сціскаецца і прыйдзе час, калі пачне расціскацца. Не памятаю, хто сказаў, але вельмі дасціпна: калі ўлада не дае магчымасці для мірнага пратэсту, то грамадству нічога не застаецца акрамя пратэсту нямірнага.

Мне дагэтуль баліць…

У Польшчы спадару Паўлу давялося па-новаму рэгістраваць юрыдычную асобу. Палова супрацоўнікаў пераехала разам з кампаніяй. Засталіся сувязі з замежнымі партнёрамі, і бізнес ізноў пачаў наладжвацца. Праўда, як кажа суразмоўца, інтэгравацца ў новыя ўмовы было не вельмі проста.

Мне дагэтуль баліць, бо я лічу сябе патрыётам сваёй краіны. Вось мы зараз размаўляем з вамі па-беларуску, але не магу сказаць, што ў паўсядзённым жыцці я беларускамоўны чалавек. Мяне так выхоўвалі, што я заўсёды меў вялікую павагу да нашай гісторыі, спадчыны, нават у рускамоўнай сям’і. Мой пераезд сюды быў балючы, бо на наступны дзень пасля прыезду ў Польшчу памерла мая мама, а я не змог патрапіць на пахаванне. Я ведаю, што не адзіны такі, але вельмі балюча. І я нават не ведаю, калі змагу прыйсці да яе на могілкі – баліць дагэтуль.

Мы яшчэ вернемся

У Беларусі спадар Павел прадаў кватэру, машыну і збудаваў новую кватэру ў Польшчы. У плане бізнесу цяпер горш, чым было спачатку, паколькі сфера ІТ перажывае перыяд інвестыцыйнай зімы, але праца працягваецца. І жыццё працягваецца: дачка сканчае трэці клас, жонка здала экзамен па мове на ўзроўні В1.

– Але я сумую па бацьках і радзіме. Мне не хапае Беларусі, я вельмі люблю Беларусь. Мне ўжо падабаецца і, напэўна, я ўжо люблю Польшчу. У нас шмат супольнага ў гісторыі, шмат у чым мы падобныя ментальна, падобная прырода. І я шкадую, што калі жыў у Беларусі, не спазнаў яе так, як зараз пазнаю Польшчу. У мяне было шмат планаў паездзіць па Беларусі, паглядзець нашу культурную спадчыну. Недзе я пабываў, а некуды не даехаў. Але я мяркую, што такая магчымасць яшчэ надарыцца.

Павел ЗАЛЕСКІ

слухайце аўдыё