Беларуская Служба

Парадаксальна, параза з нідэрландцамі дала палякам надзею на выхад з групы

17.06.2024 16:45
Нягледзячы на адсутнасць Роберта Левандоўскага, польская каманда рашуча змагалася да канца, падсумоўваюць каментатары.
Аўдыё
  • Чэмпіянат Еўропы па футболе «Еўра-2024»
Польская зборная па футболе падчас матчу з НідэрландаміPAP/Leszek Szymański

У нядзелю Польшча прайграла Нідэрландам з лікам 1:2. Мільёны заўзятараў па ўсяе Польшчы заўзелі за польскую зборную, у тым ліку тысячы, якія сабраліся ў сталічнай зоне заўзятара на Нацыянальным стадыёне PGE Narodowy. Нягледзячы на паразу палякаў, большасць заўзятараў была задаволена станоўчай гульнёй зборнай Польшчы. Яны падкрэслівалі, што рашучасці «бела-чырвоным» не бракавала, а супернік быў надзвычай моцны. Гульня палякаў разбудзіла надзеі на выхад з зборнай з групы.

Былы член нацыянальнай зборнай Польшчы па футболе і спартыўны аглядальнік тэлеканала Eleven Sports Пётр Чахоўскі (Piotr Czachowski) лічыць, што нягледзячы на паразу, матч супраць зборнай Нідэрландаў быў адным з лепшых, якія за апошнія гады згулялі палякі. Выступ польскай зборнай ён ацэньвае станоўча. Паводле Чахоўскага, матч дае надзею:

- Матч з нідэрландцамі быў адным з лепшых цягам апошніх гадоў. Хоць мы прайгралі 1:2, то нам крышку не хапіла шчасця. Больш таго шчасця нам спатрэбіцца ў дзвюх наступных сустрэчах. Бачная была вялікая рашучасць і воля да перамогі, таксама ў палякаў. Яны да канца змагаліся і хоць не пашанцавала, то перад намі чарговыя сустрэчы.

Нагадваем, на 16-й хвіліне матчу палякі выйшлі наперад пасля гола Адама Буксы (Adam Buksa). На 29-й хвіліне Кодзі Гакпо зраўняў лік для нідэрландцаў. Гол, які прынёс Нідэрландам перамогу з лікам 2:1, забіў на 83-й хвіліне Ваут Вегхорст.

Капітан польскай зборнай Роберт Левандоўскі ў матчы не згуляў, бо атрымаў траўму ў таварыскай сустрэчы з Турцыяй, якая стала апошнім выпрабаваннем палякаў перад чэмпіянатам Еўропы.

Былы галкіпер і член зборнай Польшчы Аркадыюш Анышка(Arkadiusz Onyszko) падкрэсліў, што ў футболе няма незаменных людзей і польскім гульцам можа давесціся абыходзіцца без Роберта Левандоўскага. Парадаксальна, паводле яго, адсутнасць Левандоўскага можа дапамагчы астатнім гульцам. Ён дадаў, што моцныя бакі польскай зборнай – гэта паўабароцны Нікола Залеўскі і Пшэмыслаў Франкоўскі:

- Польскія гульцы павінны максімальна засяроджвацца на гульні. Яны могуць разлічваць выключна на сябе, бо Левандоўскі праходзіць рэабілітацыю. Паводле мяне, гэта можа быць шанец для астатніх гульцоў, якія пастараюцца даказаць, што без Левандоўскага яны таксама спраўляюцца і ў стане перамагчы.

Свой другі матч на Еўра-2024 Польшча згуляе супраць Аўстрыі ў пятніцу 21 чэрвеня ў 18.00. Раней, то бок у панядзелак 17 чэрвеня а 21.00 (паводле польскага часу) запланаваная сустрэча астатніх супернікаў палякаў па групе D, то бок французаў і аўстрыйцаў. Паводле каментатараў, у інтарэсах Польшчы, каб гэта французы выйгралі згаданы матч.

Пасля матчу з Нідэрландамі польскія заўзятары настроены даволі аптымістычна, але ў матчы з Аўстрыяй важная толькі перамога, лічыць спартыўны журналіст Мацей Лучак (Maciej Łuczak) з партала Meczyki.pl. На ягоную думку, учорашні матч супраць Нідэрландаў паказаў, што польская зборная можа змагацца да самага канца:

- Нават у сітуацыі, калі Польшча пераігрывае на адзін гол суперніку, на якога ўсе робяць стаўку, то яна стараецца і стварае галавыя сітуацыі. Матч з нідэрландцамі даў надзею на таксама цікавую сустрэчу з Аўстрыяй. Нагадваю, матч з Аўстрыяй, гэта барацьба за шанец на выхад з групы.

Мацей Лучак лічыць, што польская зборная дазваляе суперніку наносіць занадта шмат удараў па сваіх варотах. На яго думку, перад матчам з Аўстрыяй на гэта павінен звярнуць увагу трэнер Міхал Проберж:

- У матчы з Турцыяй, нашыя супернікі больш за 20 разоў стралялі па польскіх варотах. Учора таксама зборная Нідэрландаў пабіла рэкорд апошніх гадоў, калі гаворка ідзе пра колькасць стрэлаў па варотах. Іх таксама было больш за 20. Хоць большасць удараў былі міма варот, то я задумоўваюся, ці гэта не надта рызыкоўная тактыка з нашага боку.

У наступны аўторак, 25 чэрвеня, палякі згуляюць матч з Францыяй. Магчымы найгоршы сцэнар для палякаў – заканчэнне ўдзелу ў Еўра-2024 на другім матчы, то бок, калі трэці будзе ўжо толькі спарынгам.

Нагадаем, з кожнай групы Еўра-2024 будуць вызначаны па дзве лепшыя каманды. Дадаткова ёсць шанец у трэціх каманд: такім чынам у 1/8 фіналу выйдуць чатыры з шасці каманд з найлепшым паказчыкам (спачатку падлічваюцца ачкі, потым баланс голаў і забітых мячоў).

Калі б Польшча перамагла Нідэрланды, то мела б ажно 73 працэнты шанцаў на выхад з групы, а ў выпадку нічыёй – 37 працэнтаў. Аднак каманда трэнера Міхала Пробежа прайграла і таму яе шанцы ўпалі да 19 працэнтаў.

Каб думаць пра выхад з групы, палякі павінны набраць мінімум тры ачкі і добры галавы баланс. Па гэтай прычыне ім трэба абыграць Аўстрыю ў пятніцу, або Францыю ў наступны аўторак, паколькі вельмі сумнеўна, што дзве нічые дазволяць ім выйсці з групы.

Аўстрыя тэарэтычна больш слабы супернік, таму пятнічны матч будзе вырашальным для зборнай Польшчы.

Таксама магчымы сцэнар, пры якім польская зборная страціць шанцы на выхад з групы яшчэ да апошняга матчу з Францыяй. Для гэтага французы павінны набраць не менш за чатыры ачкі ў матчах з Аўстрыяй і Нідэрландамі, а палякі павінны прайграць пятнічны матч з Аўстрыяй. Тады нават перамога ў апошнім матчы з Францыяй нічога не дасць польскай камандзе.

«Еўра-2024» праходзіць у Германіі з 14-га чэрвеня па 14-га ліпеня. У турніры прымаюць удзел 24 зборныя. Беларусь, у адрозненне ад Расіі, не была выключана з міжнародных футбольных мерапрыемстваў, але ў чэмпіянат Еўропы яна не кваліфікавалася.

IAR/аз


Польскія футбалісты граюць свой першы матч на чэмпіянаце Еўропы

16.06.2024 10:50
У Варшаве будзе працаваць спецыяльная фан-зона.