Беларуская Служба

Дыяспара: беларусам патрэбна салідарнасць, а не штурханне ў бок «рускага міру»

18.06.2024 08:15
На днях беларуская грамадскасць у Польшчы сутыкнулася з непрыемнай праблемай. Без тлумачэнняў грамадзян Беларусі пачалі пазбаўляць доступу да анлайн банкінгу.
Аўдыё
  • Дыяспара пра абмежаванні для беларусаў у Польшчы
Ілюстрацыйнае фотаscreenshot z Facebook.com/BelaruskiDom

Гэта тычыцца пакуль толькі аднаго банку – Santander. Пазней пачалі гучаць абвінавачанні з боку польскіх палітыкаў у бок беларусаў у агентурнай дзейнасці. Сярод дыяспары з'явілася занепакоенасць, што асобныя абмежаванні могуць перарасці ў больш шырэйшую кампанію, скіраваную супраць супольнасці, як гэта  сталася ў Літве.

Летась частка літоўскіх палітыкаў ініцыявала кампанію супраць беларусаў з апраўданнем, што гэта клопат аб бяспецы дзяржавы. У выніку цяпер беларусы, якія па палітычных матывах з’ехалі з краіны, кажуць пра змену стаўлення да іх у Літве.

Цяпер у Польшчы ўводзіцца ўсё больш абмежаванняў, скіраваных у бок беларусаў. Спачатку папулярны ў беларусаў польскі банк заблакаваў доступ да анлайн-банкінгу для беларускіх грамадзян, пазней польскі прэм’ер напісаў пра беларускіх «айцішнікаў», якія нібыта дапамагаюць будаваць замежную агентуру ў Польшчы.

У сацыяльных сетках беларусы пачалі пісаць пра тое, што яны непакояцца, што цяпер могуць стаць «ворагамі» ужо і ў Польшчы.

Падобныя крокі ды абагульненні несправядлівыя, перакананы старшыня Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк. Бяспецы Польшчы пагражае рэжым Лукашэнкі, а не беларусы.

- Беларусам пачалі блакаваць доступ да электроннага банкінгу, што азначае праблемы для тысяч беларусаў за мяжой і ўнутры Беларусі. На сённяшні дзень – гэта тычыцца толькі банку Santander. Пры чым установа спасылаецца на санкцыі з 2006-га года. Праблема яшчэ ў тым, што ўсё больш нас беларусаў ставяць у адным шэрагу з расіянамі.

Гэта несправядліва і абсалютна незаслужана, кажа наш суразмоўца

- Большасць беларусаў не падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны, не падтрымлівае Лукашэнку, нягледзячы на масавыя рэпрэсіі. Такога маштабу пераследу не было ў Польшчы ў 1980-ыя гады. Большасць беларусаў хоча бачыць краіну незалежнай і дэмакратычнай. Людзі ж, якія прыехалі ў Польшчу, зрабілі гэта па прычынах палітычнага пераследу. Дагэтуль Польшча для нас зрабіла вельмі шмат: увяла гуманітарныя візы ды ВНЖ, дазволіла працаваць, дала месцы для дзяцей у садках і школах. Без гэтага ахвяр у Беларусі было б нашмат больш. Пры гэтым беларусы ў Польшчы працуюць, 150 тысяч беларусаў плацяць падаткі ды ўзносы на сацыяльнае страхаванне. Гэта людзі мусяць плаціць за кватэры, тэлефон ды іншыя аплаты. Як гэта рабіць, калі ім блакуюць доступ, бо яны грамадзяне Беларусі без ВНЖ?

Магчыма ў гэтай сітуацыі патрэбна, каб прагучаў больш моцны голас ды ўмяшальніцтва беларускіх арганізацый, дыяспары, каб растлумачыць сітуацыю і дамагчыся змен?

- Банк спачатку тлумачыў гэта ўнутранай дырэктывай польскага ўраду, калі людзі пачалі скардзіцца з'явілася інфармацыю пра еўрапейскія санкцыі з 2006-га года. Беларускія ініцыятывы ды дыяспара таксама ўжо пачалі рэагаваць, мы звярнуліся па тлумачэнні. Нам адказалі, што на цяперашні момант можна карыстацца рахункам і рабіць аперацыі, але толькі ў аддзяленні банку. Інтэрнэт банкінг застаецца заблакаваны. Больш за тое, банк пакуль рассылае смс-кі ды мэйлы, што характэрна па-руску. Мы ж беларусы, не хочам, каб нас ставілі ў адзін шэраг з «рускім мірам».

Для дыяспары – гэта адна праблема, але гэтае рашэнне закранае і беларусаў у самой Беларусі, зазначае наш суразмоўца.

- Дадзеная праблема для дыяспары з часам вырашыцца, калі людзі атрымаюць ВНЖ. Аднак гэта яшчэ большая праблема для людзей у Беларусі, якія не маюць віз (бо яны не выдаюцца), мусяць стаяць гадзінамі ў чэргах, каб прыехаць у Польшчу і вырашыць пытанні ў банку. Некаторыя думаюць, што ў Беларусі рэжым усё закапаў пад асфальт, але застаюцца там людзі, якія не пагаджаюцца з рэжымам. Цяпер ім немагчыма нават дапамагчы праз банкавыя пераводы. Ствараецца ўражанне, што крок за крокам беларусаў ізалююць ды выпіхваюць у зону ўплыву «рускага міру», пад татальную русіфікацыю. Гэта робіцца ў імя бяспекі.

Абмежаванні множацца, а беларусам патрэбна салідарнасць, азначае Алесь Зарэмбюк.

- Часовыя абмежаванні з выдачай віз, напрыклад, цягнуцца з верасня мінулага году. Мы чуем пазітыўныя дэкларацыі, але канкрэтных крокаў няма. Асабліва балюча гэта людзям дэмакратычных поглядаў у Беларусі, яны ёсць і працягваюць змаганне. Тая самая сітуацыя з банкамі. Наяўнасць рахунку ў банку спрашчае дапамогу людзям у Беларусі, гэта ж прасцей праверыць і для службаў правапарадку ў Польшчы. Забароны ж выштурхоўваюць беларусаў у шэрую зону, у бок рускага міру. Гэта не пойдзе на карысць бяспекі польскай дзяржавы, і нараджае крыўды сярод беларусаў. Для нас Польшча з’яўляецца сімвалам салідарнасці, і мы – беларусы спадзяёмся ад Польшчы простай людскай салідарнасці.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч