У Польшчы ў сілу ўвайшлі важныя змены ў аўтамабільным транспарце. З 17 чэрвеня ўсе таксісты, якія перавозяць людзей з дапамогай такіх дадаткаў, як Bolt або Uber, павінны мець польскае пасведчанне кіроўцы. Змены правілаў закліканы павысіць бяспеку пасажыраў і палегчыць працу паліцыі.
Нагадваем, кіроўцамі таксі, якія можна выклікаць у Польшчы пры дапамозе дадаткаў і транспартных платформаў, такіх як Uber або Bolt, часцей за ўсё, зʼяўляюцца замежнікі, якія не маюць польскага пасведчання кіроўцы.
Вынікам такой сітуацыі былі шматлікія парушэнні правілаў. Напрыклад, у 2023 годзе ў Варшаве чыноўнікі і службы правялі 1 835 праверак транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць пасажырскія перавозкі па выкліках пры дапамозе адмысловых дадаткаў і платформаў.
У іх выніку былі выяўленыя 523 парушэнні, якія ў 159 выпадках прывялі да пазбаўлення рэгістрацыйнага пасведчання аўтамабіля. Таксама было выяўлена, што 100 кіроўцаў аказвалі транспартныя паслугі без неабходнай ліцэнзіі, 68 не прайшлі абавязковых медыка-псіхалагічных аглядаў, 62 кіравалі аўтамабілем без правоў кіроўцы, а 39 карысталіся фальшывым пасведчаннем кіроўцы. Уведзеныя змены, на думку аўтараў, павінны зменшыць памер парушэнняў і павысіць бяспеку пасажыраў.
Наступствы ўвядзення новых правілаў, сталі бачнымі практычна неадкладна, кажа нацыянальны дырэктар кампаніі Bolt у Польшчы Павел Кунціцкі(Paweł Kuncicki). Паводле яго, у выніку скарачэння колькасці кіроўцаў, кошт праезду можа вырасці на 20-50 працэнтаў:
- Калі гаворка ідзе пра колькасць даступных кіроўцаў, то ў Варшаве іх колькасць зменшылася на 26 працэнтаў – гэта паводле звестак на дадзены момант. Назіраецца таксама прадоўжаны час чакання на аказанне паслугі і рост цэнаў, які вынікае з абмежаванай колькасці кіроўцаў.
Новыя правілы, перш за ўсё, закліканы павысіць бяспеку пасажыраў, паясняе старэйшы камісар Роберт Опас(Robert Opas) з Упраўлення дарожнага руху Галоўнай камендатуры паліцыі:
- Мэтай увядзення згаданага рашэння з’яўляецца недапушчэнне аказання транспартных паслуг кіроўцамі, якія не адпавядаюць патрабаванням, неабходным для ажыццяўлення камерцыйных перавозак пасажыраў на легкавых аўтамабілях і таксі. Змена важная таксама для паліцыі, паколькі пасведчанні кіроўцы, выдадзеныя ў Польшчы, застаюцца ў нашых базах дадзеных. Гэта дазваляе праверыць ці дадзены кіроўца сапраўды мае правы кіроўцы.
Кіраўнічы дырэктар FreeNow у Польшчы Кшыштаф Урбан(Krzysztof Urban) пазітыўна ацэньвае ўведзеныя змены. Аднак ён бачыць і адмоўны бок:
- Праблемай, паводле мяне, можа быць патрабаванне мінімальнай рэзідэнцыі ў Польшчы, тэрмін якой складае 185 дзён. Большасць іншацемцаў атрымліваюць польскі дакумент шляхам настрыфікацыі – адпаведнае ведамства пацвярджае ў амбасадзе, што дадзены іншаземец у сваёй краіне атрымаў правы кіроўцы. Калі дадзеная асоба паходзіць з краіны, ахопленай канвенцыяй, то атрымлівае польскі дакумент.
Як дадае Кшыштаф Урбан, найбольшую групу сярод замежных таксістаў у Польшчы складаюць украінцы, беларусы і грузіны. Гэтыя краіны з’яўляюцца ўдзельніцамі Венскай і Жэнеўскай канвенцый, таму яны атрымліваюць польскі дакумент пасля пацверджання і не мусяць здаваць экзамен.
Магчымасць праверкі сапраўднасці пасведчання кіроўцы, гэта важная справа, кажа старшыня Прафсаюза таксістаў «Варшаўскі таксіст» Дарыюш Хайноўскі(Dariusz Chojnowski):
- Яны часта проста купляюць пасведчанне кіроўцы. Мы добра ведаем, што ва Украіне пасведчанне можна купіць за 500 долараў. Гаворка ідзе пра ўсе яго катэгорыі.
Дзеля абмену замежнага дакумента на польскі неабходна наведаць Гарадскую або Паветавую ўстановы, дзе цягам некалькіх апошніх месяцаў бачныя чэргі жадаючых, кажа намеснік прэс-сакратара ўладаў Варшавы Якуб Ледухоўскі(Jakub Leduchowski):
- У першым квартале бягучага года абмененыя былі амаль 3 600 замежных пасведчанняў кіроўцы. У першым квартале мінулага года – гэта было больш за 1,5 тысячы. Такім чынам зацікаўленне згаданай паслугай вырасла ўдвая.
Мы зацікаўленыя ў тым, каб, як у польскага, так і замежнага таксіста былі тыя ж самыя правы і абавязкі, дадае Дарыюш Хайноўскі. Таму, паводле яго, неабходна ўвесці яшчэ некалькі іншых зменаў:
- Гаворка ідзе пра пасведчанне несудзімасці ў краіне паходжання, экзамен па аказанні першай медыцынскай дапамогі, экзамен па тапаграфіі горада іг.д. Гаворка ідзе пра праверку, якая загарантуе бяспеку пасажыраў.
У сваю чаргу Адрыян Фургальскі(Adrian Furgalski) з Каманды эканамічных кансультантаў TOR падкрэслівае, што ў Польшчы не хапае нават 150 тысяч прафесійных кіроўцаў:
- Грузавы транспарт, гарадскі транспарт, машыністы цягнікоў, таксісты … Мы прымушаныя працаўладкоўваць замежных кіроўцаў. Справа ў тым, каб яны неадкладна адаптаваліся да польскіх правілаў і фіксаваліся ў базах дадзеных паліцыі.
Змены правілаў у аўтамабільным транспарце, гэта таксама адказ на выпадкі сексуальных злачынстваў, якія здараліся падчас карыстання паслугамі таксістаў, выкліканых пры дапамозе дадаткаў.
За адсутнасць польскага пасведчання паліцыя можа пакараць кіроўцу штрафам у памеры 2 000 злотых (амаль 459 еўра). Таксама былі ўзмоцненыя штрафы для транспартных пасярэднікаў, якія парушаюць правілы. Зараз яны складаюць нават да аднаго мільёна злотых (больш за 229 тысяч еўра).
IAR/мм/аз