Пасля 9 жніўня 2020 года, калі ў Беларусі былі сфальсіфікаваныя вынікі выбараў і пачаліся жорсткія рэпрэсіі, за мяжу краіны з’ехалі дзясяткі тысяч беларусаў. Сярод іх нямала вельмі творчых людзей, а нават прафесійных актораў. Яны хочуць развівацца таксама паза межамі сваёй дзяржавы. У адказ на гэтую патрэбу ў Варшаве была створаная Тэатральная студыя «Купалінка». Спачатку на заняткі хадзілі малыя дзеці і падлеткі, пазней да іх далучыліся дарослыя акторы, а цяпер ствараецца група для пажылых людзей, якія хочуць спрабаваць сябе ў тэатральным майстэрстве. Наталля Грышкевіч паразмаўляла з рэжысёрам студыі Наталляй Локіць.
- Гэта было прадуманае рашэнне. Многія беларусы прывезлі сюды сваіх бацькоў, часам яны не ведаюць, куды сябе дзець. Наша ідэя – сабраць пенсіянераў, нечым ім дапамагчы. Мы шмат чаго для іх прыдумалі. Адсутнасць інстытута бабуль і дзядуль – вострая праблема ў эміграцыі. Класная ідэя – паяднаць нашых бабуль з дзецьмі, з малятамі. Калі мы пачыналі, нас было вельмі мала, я думаю, з часам да нас далучацца таксама нашыя бабулі і дзядулі.
Напэўна інакш працуецца з дзецьмі, чым з дарослымі ці пажылымі людзьмі?
- З кожнай групай працуецца інакш – найцяжэй з маленькімі дзецьмі. Я найбольш люблю працу з падлеткамі, дзеўчын я называю «бабачкамі». Яны не часта размаўляюць з бацькамі. Тут яны могуць нечым падзяліцца і пра нешта запытаць. А пажылыя ўжо маюць сваю прастору, вядуць перамовы, вырашаюць свае пытанні. Да нас далучаецца цудоўная актрыса Таццяна Папова, якая будзе з імі працаваць.
Слухайце ўсю размову ў далучаным гукавым файле