Беларуская Служба

Польшча абвясціла вайну фентанілу – «зомбі-наркотыку»

19.06.2024 11:30
Эксперты перасцерагаюць, што фентаніл у 50 разоў мацнейшы за гераін.
Аўдыё
  • Польшча абвясціла вайну фентанілу
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.MÍRIAM Guasch Arrazola /pixabay.com/CC0 Public Domain

Польскія ўлады і службы пачынаюць рашучую барацьбу з небяспечным наркотыкам – фентанілам, таксама вядомым як «наркотык-зомбі». Спецыялісты папярэджваюць, што фентаніл выклікае большае прывыканне, чым гераін і зʼяўляецца новай сурʼёзнай пагрозай для грамадскага здароўя. Дагэтуль у Польшчы зарэгістраваныя чатыры выпадкі смерці ад гэтага сінтэтычнага апіоіда.

Фентаніл (Phentanylum) – магутны сінтэтычны апіоід, які калісьці асацыяваўся галоўным чынам з апіоідным крызісам у Амерыцы, знайшоў свае месца таксама на чорным рынку наркотыкаў у Польшчы, а нават ужо заваяваў на ім змрочную рэпутацыю.

Спецыялісты папярэджваюць, што фентаніл у 50 разоў мацнейшы за гераін, у 100 разоў за марфін і выклікае большую залежнасць.

Фентаніл выкарыстоўваецца ў медыцыне для лячэння моцнага болю, асабліва ў анкалогіі. На чорным рынку прадаецца ў выглядзе абязбольваючых пластыраў, з якіх можна атрымаць наркатычную вадкасць для інʼекцый. Таксама магчымыя іншыя спосабы ўвядзення хімічнага сродку, такія як сублінгвальнае, падскурнае, нутрацягліцавае або інтраназальнае ўвядзенне, а таксама змешванне з іншымі лекамі.

Даступны на чорным рынку фентаніл часта забруджаны ксілазінам, то бок супакойваючым медсродкам для жывёл, што робіць карыстальнікаў падобнымі на «зомбі» – адсюль і назва наркотыку.
У ЗША ён стаў самым смяротным наркотыкам, прычыняючыся да смерці больш чым 700 000 чалавек – штогод ад яго памірае да 70 000 амерыканцаў.

У Польшчы ён забіў ужо чатыры асобы, а Галоўная санітарная інспекцыя зафіксавала 48 выпадкаў атручвання гэтым сродкам.

Адкуль фентаніл узяўся на чорным рынку наркотыкаў у Польшчы? Паводле экспертаў, ёсць некалькі магчымых шляхоў. Па-першае, незаконны продаж у аптэках. Менавіта згаданы шлях зараз спрабуюць узяць пад кантроль польскія ўлады, якія заўважаюць рост пагрозы і хочуць разабрацца з «зомбі-наркотыкам».

Міністэрства аховы здароўя ўкараніла сістэму кантролю за выпіскай і выкананнем рэцэптаў на апіоіды, у тым ліку на фентаніл. Яны хочуць праверыць, хто выпісвае і прадае гэтыя моцнадзейныя апіоіды.
Спецыяльная група – Цэнтр электроннага здароўя (Centrum e-Zdrowia) вядзе маніторынг за выдачай рэцэптаў і іх рэалізацыяй. Гэта дазволіць неадкладна рэагаваць на парушэнні, паясняе міністр аховы здароўя Ізабела Ляшчына(Izabela Leszczyna):

- Калі мы зафіксуем нейкія падазроныя тэндэнцыі або зʼявы, напрыклад, што ад аднаго лекара рэцэпты рэалізуюцца ў розных месцах у Польшчы цягам аднаго дня, то гэта выразнае пацверджанне, што гэта «рэцтамат» і гэтаму трэба прыглядзецца.

Наркалогі падтрымліваюць усе акцыі па маніторынгу выдачы рэцэптаў на такія медсродкі, кажа псіхіятр Богдан Варановіч(Bohdan Woronowicz):

- Гэта не важна ці ён (фентанілрэд.) у тры, 50 ці ў 100 разоў мацнейшы за марфін ці гераін. Важна, што ён знішчае арганізм і вельмі хутка выклікае залежнасць. Таму трэба зрабіць шмат, каб абмежаваць доступ да яго.

Фентаніл лёгка перадазіраваць, перасцерагае доктар Эрык Матушкевіч(Eryk Matuszkiewicz) з Гарадскога шпіталя імя Францішка Рашэі ў Познані:

- Фентаніл мае таксама апʼяняльнае дзеянне, нагадваю, яго называюць таксама наркатычным абязбольваючым лекам. Можа ўплываюць на каардынацыю рухаў, выклікаць соннасць, невыразную гаворку, парушэнні раўнавагі. Лёгка яго перадазіраваць, што вядзе да спынення дыхання, далей – працы сэрца. Маладыя людзі да 18-20 гадоў вельмі хутка становяцца залежнымі ад яго, а згаданая залежнасць вельмі моцная, доўгатэрміновая і цяжка яе вылечыць. Гэта адна з больш сур’ёзных наркатычных залежнасцяў.

У сваю чаргу доктар Адам Петшак(Adam Pietrzak) звяртае ўвагу, што небяспеку звязаную з сінтэтычным паходжаннем сродку:

- Зараз на рынку з’яўляюцца новыя сродкі сінтэтычнага паходжання, якія ўяўляюць сабой асаблівую пагрозу, паколькі яны дзейнічаюць мацней і больш дакладна. Менавіта таму ў неадпаведных руках яны смяротна небяспечныя.

Між тым, старшыня Галоўнага аптэчнага савета Марэк Томкаў(Marek Tomków), звяртае ўвагу на тое, што ў аптэках небяспечна расце продаж «медыцынскай марыхуаны»:

- Рэальныя патрэбы пацыентаў на апіоіды напэўна меншыя, чым тое, што мы зараз бачым. Нармальна, адсутнасць адной упакоўкі лекаў, гэта для аптэкара вялікая праблема і сур’ёзныя наступствы. А тут гаворка ідзе пра сотні, тысячы, а можа і дзясяткі тысяч рэцэптаў.

Улады асабліва непакояць надыходзячыя вакацыі, якія могуць паспрыяць павелічэнню колькасці перадазіровак, асабліва сярод моладзі. Па меры таго, як фентаніл становіцца больш даступным, павялічваецца рызыка яго больш шырокага выкарыстання.

Справы, звязаныя з фентанілам, таксама расследуе Галоўнае ўпраўленне паліцыі Мазавецкага ваяводства ў Радаме. «Мы разглядаем 30 выпадкаў смяротных зыходаў шматгадовай даўніны. Мы аналізуем гэтыя выпадкі і шукаем агульны паказчык. Магчыма, у іх ёсць нешта агульнае, і мы знойдзем сувязь з фентанілам», – кажа прэс-сакратар упраўлення старэйшы інспектар Катажына Кухарска.

Ажно 22 з 30 выпадкаў, якімі займалася паліцыя, зафіксаваныя ў Журоміне (Żuromin) – гарадку ў паўночна-заходняй частцы Мазавецкага ваяводства.

Аднак аптэкі – гэта не адзіная крыніца наркатычнага сродку на чорным рынку. Паводле экспертаў, другой можа быць кантрабанда з Усходняй Еўропы, у тым ліку нейкім новым маршрутам, што патрабуе ўзмацнення памежнага кантролю. Па-трэцяе, наркотык можа быць таксама элементам гібрыднай вайны – не выключана, што ён паходзіць з Кітая, дзе ён у асноўным вырабляецца.

Паводле экспертаў, Польшча сутыкнулася з сурʼёзнай праблемай, звязанай з фентанілам. Неабходныя хуткія дзеянні адпаведных ведамстваў і міністэрстваў, каб прадухіліць распаўсюджванне гэтага наркотыку і паменшыць колькасць магчымых ахвяр.

IAR/аз